Пячэнне ў форме птушак, песні, гульні і трэлі свістулек. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі вясну віталі па-палеску. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Вясна на птушыных крылах
Ансамбль народнага танца “Скавыш” НЦМТДіМ аднавіў абрад “Чырачка”, які другое стагоддзе запар з’яўляецца брэндам аграгарадка Тонеж Лельчыцкага раёна і дзевяць гадоў — гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь. Наталля Віктараўна Базарэвіч, педагог па вакале ансамбля, расказвае:
— Мы стваралі свой калектыў якраз для таго, каб аднаўляць забытыя старажытныя абрады Беларусі і тыя, што праводзяцца і сёння, але нашы гарадскія дзеці часта не ведаюць пра іх. Гэтым разам наш рэпертуар папоўніўся абрадам “Чырачка”, які больш за сто гадоў ладзяць жыхары Тонежа. Назва абрада пайшла ад невялічкай вадаплаўнай птушкі. Чыркі, ці ласкава — чырачкі, першымі прылятаюць у Беларусь, на палескія балоты, а тонежцы як жыхары поўдня краіны першымі іх сустракаюць. Адпаведна, “чыркаваць” на мясцовай гаворцы азначае “гукаць вясну”. Я працую яшчэ і артысткай у Нацыянальным акадэмічным народным хоры Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. Да нядаўняга часу яго кіраўніком быў Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі, які нарадзіўся і вырас у Тонежы (на жаль, яго ўжо з намі няма). Дзякуючы яму, мы з калегамі добра ведаем гэты абрад і кожную вясну яго ладзім. Акрамя таго, наш хор сябруе з галоўным захавальнікам абрада — кіраўніком народнага фальклорнага ансамбля “Таняжанка” Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамарай Іванаўнай Прыбалавец. (Дарэчы, за значныя дасягненні ў захаванні музычнай спадчыны, звычаяў і традыцый Палескага рэгіёна ў 2022 годзе гэты калектыў быў удастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. — Заўвага аўтара.). Кожны раз, калі мы выступалі на адной сцэне (то ў Палацы Рэспублікі ў Мінску, то ў Лельчыцах), мы прыходзілі да высновы, што з “Чырачкай”, як і з іншымі народнымі абрадамі, трэба знаёміць і юных гараджан, каб яны больш ведалі пра культурную спадчыну нашых продкаў.
Першы ўспамін пра гэты звычай у Беларусі датуецца 1916 годам. Свята праходзіць у апошні дзень Масленічнага тыдня. Лічыцца, што да гэтага моманту гаспадарыць зіма, а пасля адразу адчуваецца подых вясны і адбываецца канчатковы паварот на новы лад жыцця.
— Вясну клікаюць і ў іншых рэгіёнах, але ў Тонежы спецыяльна для гэтага пякуць галоўны пачастунак — пячэнне ў форме птушак. Хвосцік трохканцовы, на галаве — чубок, а вочкі — з чарніц, на якія багаты Лельчыцкі край. Напяклі такіх і мы — з бацькамі нашых навучэнцаў. Тамара Іванаўна нам спецыяльна для вочак дала тонежскіх вяленых чарніц, — расказала Наталля Віктараўна.
Святочныя атрыбуты
Педагогі і навучэнцы ансамбля “Скавыш” падзяліліся з гасцямі сакрэтамі гатавання традыцыйных абрадавых страў, у тым ліку асноўнага сімвала свята — пячэння ў форме птушак, ці “чырачак”. Хлопцы паставілі ў гаршчок з жытам елачку, а дзяўчаты ўпрыгожылі яе каляровымі стужкамі і папяровымі кветкамі — сімвалам дзявоцтва і вясны. З замацаваных крыж-накрыж галінак зрабілі ляльку ў рост чалавека — Зіму. З ёлкай і Зімой яны адправіліся на імправізаваную гару, па дарозе частуючы ўсіх пячэннем.
Усе абрадавыя дзеянні выхаванцаў ансамбля суправаджаліся песнямі-вяснянкамі, карагодамі і гульнямі. Да іх далучаліся іх бацькі, сябры, якія таксама з задавальненнем танцавалі, спявалі і гукалі вясну. Пасля ўсіх гульняў і забаў гаспадары частавалі гасцей хатнімі стравамі: яечняй, каўбасамі, блінцамі, сырам, маслам, прасяной кашай.
А самыя маленькія госці змаглі сваімі рукамі вылепіць традыцыйныя гліняныя птушкі-свістулькі — і звонка загучалі трэлі. Атрымалася свята народнай творчасці, беларускай самабытнасці і сапраўднай вясны.
На завяршэнне свята Наталля Базарэвіч адзначыла:
— Гэта пласт нашай культуры, нашай фальклорнай спадчыны, якую мы не маем права забываць. Калі мы не ведаем свайго мінулага, у нас няма будучыні. Таму павагу да традыцый трэба пачынаць выхоўваць у сем’ях, у дзіцячых садах, школах. У мяне дачка працуе ў дзіцячым садзе. Яна таксама расказвае сваім выхаванцам пра нашы традыцыі, бо калі яны не ўбяруць у сябе гэта з маленства, то яны разгубяцца, калі вырастуць, не будуць ведаць сваёй самасці, сутнасці як беларусаў.
Валянціна Фёдараўна Грудніцкая, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Тонежскай базавай школы Лельчыцкага раёна:
— Жыхары нашай вёскі спрадвеку чыркавалі вясну на Чарніцоўскай гары. Пазней нейкі час свята ладзілася толькі ў нашым сельскім Доме культуры намаганнямі ансамбля “Таняжанка”, але з 2016 года, калі гэты абрад быў уключаны ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, ён са сцен Дома культуры вярнуўся на сваё гістарычнае месца. У гэтую нядзелю мы з дзятвой і мясцовымі жыхарамі дзявяты раз далучыліся да шырокага святкавання: апрануўшыся ў народныя касцюмы, сабраліся ў Доме культуры, з кіраўніком ансамбля Тамарай Іванаўнай Прыбалавец упрыгожылі самаробнымі кветкамі і стужкамі елку, а таксама каня. На воз пасадзілі самых маленькіх і пажылых жыхароў, а астатнія ішлі за вёску пешшу. Хлопцы неслі змайстраваную ляльку Зіму. Дарогай мы спявалі песні, усіх, хто сустракаў нас каля сваіх дамоў, частавалі чырачкамі. На гары прымацавалі ёлку да самага высокага дрэва, вадзілі карагоды, спявалі песні-вяснянкі, гулялі ў “Грушку” і “Яшчура”, смажылі сала з хлебам на вогнішчы. Самае галоўнае — па засланых тканых дарожках мы скочваліся з гары верацяном, каб набрацца здароўя да наступнай вясны. Лепш скочвацца па два — тады будзеш у пары. На завяршэнне свята там жа, на гары, мы спалілі Зіму.
Прыемна, што наша свята праходзіць так маштабна, што нашы традыцыі не забываюцца. Сёлета прыехала асабліва шмат гасцей. Гэта не толькі вучні з нашай і навакольных вёсак, з Лельчыц, але і нашы выпускнікі, якія вучацца ці жывуць у Мазыры, Мінску, Віцебску і інш. Многія з іх прывезлі ў родную вёску на “Чырачку” і сваіх дзяцей. Прыемна, што яны не страчваюць сваіх каранёў.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота, відэа аўтара і Валянціны ГРУДНІЦКАЙ