Старонкі гісторыі і сённяшні дзень прафсаюза

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Гродзенская абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі выпусціла кнігу да 100-годдзя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

Вера Грышэчка.

Выданне са змястоўнымі тэкстамі пра гісторыю і сённяшні дзень Гродзенскай абласной і раённых прафсаюзных арганізацый, пра людзей, якія закладвалі асновы прафсаюзнага руху, і актывістаў нашых дзён, з каштоўнымі архіўнымі і сучаснымі фотаздымкамі стала выдатным падарункам да юбілею прафесійнага саюза. 

Спачатку ўзнікла ідэя да 100-годдзя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі на базе музея гісторыі адукацыі на Гродзеншчыне, што размяшчаецца ў ГрАІРА, адкрыць экспазіцыю, прысвечаную гісторыі прафсаюза Гродзенскай вобласці, якая стане сапраўдным філіялам музея. Да збору матэрыялаў падключыліся ўсе райкамы прафсаюза, ветэраны прафсаюзнага руху. Гэтая інфармацыя і лягла ў аснову кнігі. На чарзе — стварэнне музейнай экспазіцыі.

— Прыняўшы рашэнне выпусціць кнігу, мы ставілі на мэце не пакінуць без увагі цікавыя старонкі гісторыі прафсаюза, успомніць пра людзей, якія ўклалі свае сілы, энергію, жыццёвы вопыт у развіццё прафсаюзнага руху, — расказала старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Вера Грышэчка. 

У выніку ў выданні былі прадстаўлены гістарычныя сведчанні па кожным раёне, характарыстыка сённяшняй арганізацыі, мноства як сучасных, так і архіўных фотаздымкаў. Гістарычныя тэксты напісаў былы настаўнік гісторыі, які шмат гадоў прысвяціў рабоце ў дзяржаўных органах, краязнавец Віктар Жалязнаковіч.

“Мы пастараліся аднавіць гісторыю станаўлення і развіцця прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ў Гродзенскай вобласці, паказаць ролю прафсаюзных арганізацый на кожным этапе дзейнасці нашай дзяржавы. А самае галоўнае — мы хацелі расказаць пра людзей, якія на працягу гэтых 100 гадоў звязвалі сваё жыццё з прафсаюзам, стваралі пярвічныя арганізацыі, арганізоўвалі работу па абароне сацыяльна-эканамічных і прафесійных інтарэсаў членаў прафсаюза. Бо чым далей сыходзіць час, тым менш застаецца відавочцаў гэтых падзей, менш дакументаў і экспанатаў. Мы павінны захаваць у гісторыі арганізацыі і ў сваёй памяці важныя і значныя падзеі, імёны і справы цікавых і самаадданых людзей”, —  звяртаецца да чытачоў Вера Грышэчка. 

Расказваецца ў выданні і пра ініцыятывы, з якімі прафсаюзная арганізацыя звярталася ў дзяржаўныя і рэспубліканскія прафсаюзныя органы, пра прапановы і заўвагі па дакументах, якія закранаюць інтарэсы членаў прафсаюза. У прыватнасці, былі ўнесены прапановы па карэкціроўцы асобных нарматыўных дакументаў, якія датычыліся павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў, перагляду крытэрыяў ацэнкі ўмоў працы для прафесійнага пенсіённага страхавання асобных катэгорый педагагічных работнікаў.

Цікавыя ініцыятывы рэалізаваны на мясцовым узроўні. У 2018 годзе абласной арганізацыяй прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі разам з абласным грамадскім аб’яднаннем “Белая Русь” з мэтай падтрымкі маладых, творчых педагогаў была заснавана штогадовая прэмія “Паспяховы старт”. Яна ўручаецца маладым педагогам, якія маюць заслугі ў працоўнай дзейнасці, займаюць актыўную жыццёвую і грамадзянскую пазіцыю. А з 2019 года заснавана сумесная штогадовая прэмія для настаўнікаў моладзі “Лідар настаўніцтва”.

Шчырыя словы ўдзячнасці ў кнізе адрасаваны ветэранам педагагічнай працы, у мінулым ініцыятыўным кіраўнікам устаноў адукацыі і пярвічных прафсаюзных арганізацый, якія ўнеслі немалы ўклад у развіццё прафсаюзнага руху. Многія з іх і сёння ўваходзяць у склад саветаў ветэранаў раённых арганізацый.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык назваў гэтую кнігу яшчэ адным эпізодам стваральнай дзейнасці Гродзенскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза, яшчэ адной яркай старонкай Года народнага адзінства ў Беларусі.

— За словамі “сацыяльнае партнёрства” хаваецца складанае дыялектычнае ўзаемадзеянне органаў кіравання адукацыяй, кіраўніцтва ўстаноў, прафсаюза і членаў працоўных калектываў на аснове адзінства мэт — дабрабыту работнікаў і стабільнага функцыянавання сістэмы адукацыі вобласці, — падкрэсліў Руслан Абрамчык. — Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі — чулы, пільны і дзейны ўдзельнік любых працэсаў функцыянавання і трансфармацыі нашай галіны, надзейны партнёр, эксперт і кансультант. Яго актыў кожны дзень знаходзіцца ў кантакце з педагагічнымі і тэхнічнымі работнікамі, адміністрацыямі школ, дзіцячых садкоў, устаноў прафесійнай адукацыі, уваходзіць у склад калегіяльных органаў кіравання, рабочых груп і праблемных камісій. 100 гадоў наш прафсаюз падтрымлівае, вучыць, знаёміць з краінай, фарміруе грамадзянскасць, умацоўвае здароўе, адкрывае дарогу талентам, захоўвае гісторыю. 

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.