Старонкі гісторыі першай гродзенскай гімназіі

- 12:40Навіны рэгіёнаў

Першых наведвальнікаў прыняў музей гісторыі гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна.

Створаная ў 1990 го­дзе школа-гімназія № 30, а з 2000 года — гімназія № 1 Гродна стала першай установай адукацыі новага тыпу ў абласным цэнтры. Цэлы шэраг метадаў і прынцыпаў, закладзеных у змест і структуру гімназічнай адукацыі, пасля перанялі і творча развілі іншыя ўстановы горада. І сёння прыйшоў час паказаць 30-гадовы вопыт работы, напрацоўкі і дасягненні, якія зацікавяць не толькі педагогаў, вучняў і выпускнікоў гімназіі № 1, але і калег, навучэнцаў іншых гімназій горада.

Ідэя стварэння музея нарадзілася ў Валянціны Сцяпанаўны Макаравай у той час, калі яна была дырэктарам. Ужо тады сталі збіраць інфармацыю для экспазіцыі. Але ад ідэі да рэалізацыі прайшоў не адзін дзясятак гадоў. І толькі рыхтуючыся да 30-годдзя, якое гімназія а­дзначыла ў 2020 годзе, пачаліся работы па стварэнні музея. І вось настаў доўга­чаканы дзень, калі расчыніліся дзверы ў прыгожы, па-сучаснаму абсталяваны пакой, дзе не толькі размясцілася экспазіцыя самога музея, але і арганізавана месца для правядзення ўрокаў, сустрэч з гасцямі гімназіі. У такі музей сапраўды хочацца запрасіць гасцей. І гэта толькі пачатак.

— Наша ўстанова адукацыі ўнікальная, першая гімназія, якая была адкрыта ў Гродзенскай вобласці, — расказаў дырэктар гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Барыс Сяброўскі. — За 30 гадоў гісторыі гімназіі нашы педагогі назапасілі вялікі вопыт работы, і хочацца падзяліцца ім з маладымі настаўнікамі іншых школ. У музеі прадстаўлены не толькі вехі гісторыі, але і нашы д­асягненні ў галіне праектнай дзейнасці з установамі адукацыі Расіі, Казахстана і некаторых еўрапейскіх краін, шмат інавацыйных праектаў, больш за 20 гадоў гімназія працуе ў інавацыйным рэжыме. Музей нам па­трэбен, каб вучыць маладых педагогаў, дзяліцца вопытам з настаўнікамі вобласці, а самае галоўнае, для таго, каб вучні памяталі, ведалі, шанавалі нашу гісторыю, ганарыліся сваёй гімназіяй, настаўнікамі, родным горадам і краінай.

У музеі таксама прадстаўлены ўнікальныя падарункі ўстанове адукацыі, першы вучэбны план, дзе можна ўбачыць прадметы, якія вывучаліся 30 гадоў назад. Су­працоўніцтва з ГрДУ імя Янкі Купалы дазволіла ўстанове адукацыі шырока развіць экалагічны напрамак, вынікі гэтай работы таксама можна ўбачыц­ь у музеі.

Ганаровае права пера­рэзац­ь стужку было прада­стаўлена кіраўніку адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Алегу Бялінскаму, начальніку галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абл­выканкама Руслану Абрамчыку, дырэктару гімназіі № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага Гродна Барысу Сяброўскаму і першаму кіраўніку ўстановы адукацыі Рэгіне Таран.

— У гімназіі імя акадэміка Я.Ф.Карскага не проста першы парадкавы нумар, гэта сапраўды ўстанова адукацыі № 1, якая першай пракладвала дарогу ў арганізацыі навучання высокаматываваных дзяцей, — падкрэсліў Руслан Абрамчык, звяртаючыся да педагогаў. — Нават будучы лепшымі па якасці навучання, вы ўсё роўна шукаеце, у чым яшчэ можна праявіць творчасць, зрабіць крок наперад. Больш за 30 гадоў насычанага творчага жыцця — вельмі салідны тэрмін, які проста неабходна захаваць ва ўспамінах людзей, экспанатах.

Як расказаў адзін са стваральнікаў музея, дацэнт ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдат гістарычных навук, настаўнік края­знаўства гімназіі № 1 Віталь Карнялюк, на сённяшні дзень гэта першасная калекцыя. Відавочна, што ўвага да музея сярод выпускнікоў, настаўнікаў-ветэранаў, бацькоў з’явілася, і гэта можа стац­ь штуршком для папаўнення яго новымі экс­панатамі, успамінамі. “Я ўпэўнены, што, як і любы школьны музей, ён стане сапраўдным месцам выхаваўчай работы, таму што гэта гісторыя. З іншага боку, гэта будзе пэўнай планкай для дасягненняў, месца якім — на старонках гісторыі ўстановы адукацыі”, — падкрэсліў Віталь Карнялюк.

Фонды музея будуць папаўняцца, у планах — сабрац­ь фатаграфіі ўсіх выпускнікоў, людзей, якія тут працавалі пачынаючы з першага дня. Створана творчая група з вучняў і настаўнікаў. Распрацоўваецца некалькі экскурсійных праграм для наведвальнікаў рознага ўзросту. Ёсць задума ў перспектыве зрабіць музей інтэрактыўным.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.