Старонкі культурнага праекта

Культурныя каштоўнасці народа, яго духоўная спадчына, гістарычны вопыт заўсёды служылі моцнай крыніцай выхавання моладзі. У Год культуры гэтая крыніца набывае асаблівы сэнс. Ва ўстановах адукацыі ўжо зараз асэнсоўваюць і выкарыстоўваюць тыя новыя магчымасці, якія можа прынесці гэты год. Напрыклад, у сярэдняй школе № 1 Фаніпаля рэалізоўваюць праект “За духоўнае адраджэнне”.

Дырэктар школы Ганна Уладзіміраўна Халопіца расказвае, што ідэя стварэння праекта з’явілася ў яе пры праглядзе тэлесюжэта аб уручэнні прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Прыйшло ўсведамленне важнасці таго, каб дзеці ведалі і ганарыліся тым, як многа годных, выбітных асоб было і ёсць у нашай краіне. З гэтымі думкамі звярнулася да калег. Абмяркоўваючы ідэю, педагогі прыйшлі да высновы, што цудоўна было б не проста расказваць вучням аб багатай духоўнай культуры нашай краіны, але ўключаць іх у актыўнае пазнавальнае дзеянне. Так і з’явіўся прысвечаны Году культуры праект “За духоўнае адраджэнне”, які рэалізоўваецца ў сярэдняй школе № 1 Фаніпаля. “Спадзяёмся, што рэалізацыя праекта дапаможа бліжэй пазнаёміць нашых вучняў з культурна-гістарычнай спадчынай Беларусі, развіваць іх духоўны і творчы патэнцыял, укараняць маральныя каштоўнасці ў іх свядомасці, фарміраваць беражлівыя адносіны да культурных здабыткаў нашых продкаў і сучаснікаў, выхоўваць у іх патрыятычныя пачуцці і эстэтычны густ”, — дзеліцца дырэктар школы Ганна Уладзіміраўна. Праект уяўляе сабой блок тэматычных старонак, прысвечаных значным падзеям, выбітным асобам Беларусі, якія зрабілі значны ўклад у духоўнае развіццё і культурную спадчыну краіны. Гэта музычная, гістарычна-тэатральная, літаратурная і мастацкая краязнаўчая старонка. “Перагортваць” старонкі, паглыбляцца ў новую тэму будуць прыкладна раз у два месяцы ўсёй школай — ад самых маленькіх вучняў да старшакласнікаў. Перад тым як прыступіць да чарговай тэмы, перайсці на наступную старонку, настаўнікі будуць збірацца разам і абмяркоўваць, як на ўроках, у пазаўрочнай дзейнасці яны могуць дапамагчы дзецям раскрыць для сябе гэтую тэму, засвоіць новыя факты. Адпаведную інфармацыю будуць гарманічна “ўплятаць” у тэмы ўрокаў — асабліва гэта датычыцца ўрокаў гісторыі, мовы, літаратуры, сусветнай мастацкай культуры. Тэме праекта будуць прысвечаны класныя гадзіны, мерапрыемствы шостага дня, да супрацоўніцтва ў рамках праекта будуць прыцягвацца бацькі. Вынікам такога “паглыблення” ў тэму стане яе творчае ўвасабленне на сцэне: кожны этап праекта завершыцца тэатральным або музычным паказам, канцэртам, балем, імпрэзай. Для вучняў школы № 1 Фаніпаля гэта асабліва цікава і важна, бо ўстанова мае музычна-эстэтычны ўхіл і кожны яе вучань — творчая асоба.
Наперадзе — гістарычна-тэатральная старонка “Сярэдневяковы фэст”, літаратурная старонка, у рамках якой пройдзе фестываль “Гучы, роднае слова”, прысвечаны творчасці І.Мележа, І.Шамякіна, М.Багдановіча, У.Караткевіча, К.Крапівы, З.Бядулі. Мастацкая старонка “Спадчына Беларусі” прадугледжвае наведванне мастацкіх музеяў і знаёмства з беларускімі мастакамі, якіх, на жаль, дзеці не надта добра ведаюць. Краязнаўчую старонку адгорнуць напярэдадні святкавання 870-годдзя Дзяржынска і арганізуюць юбілейны марафон мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай даце. Апошнім пройдзе марафон “Беларусь — краіна тваёй будучыні”, які падвядзе вынікі работы над праектам.
Стартаваў праект музычнай старонкай, якую прысвяцілі 75-годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна. На працягу некалькіх тыдняў дзеці вывучалі яго творчасць, даведваліся пра жыццё, характар песняра і асэнсоўвалі значэнне яго дзейнасці для культуры нашай краіны і ўсяго свету. Яны чыталі кнігі, артыкулы, глядзелі дакументальныя фільмы і, зразумела, слухалі песні. У выніку з’явілася тэатральна-музычная пастаноўка, прысвечаная Уладзіміру Мулявіну. Вучні выйшлі на сцэну, каб расказаць пра чалавека, чый голас пазнаюць з першых гукаў, каб праспяваць яго песні, якія любяць і слухаюць па ўсім свеце, каб прысвяціць сваю творчасць чалавеку, які адкрыў новую эпоху развіцця беларускай культуры. Паказ убачылі навучэнцы школы, іх настаўнікі, бацькі. Выканаўцы, удзельнікі паказу, юныя гледачы расказалі, што адкрылі для сябе мноства чароўных мелодый, а таксама прызналіся, што хоць і былі знаёмы з творчасцю “Песняроў” раней, але не маглі нават уявіць, наколькі багатая на шэдэўры іх творчасць. Таксама школьнікаў уразілі цікавыя факты біяграфіі Мулявіна. Напрыклад, тое, што ў юнацтве яго адлічылі з музычнага вучылішча, што “Песняры” былі першым эстрадным калектывам у СССР, які адправіўся на гастролі ў краіны Захаду і меў там грандыёзны поспех.
Першая старонка праекта “За духоўнае адраджэнне” ў фаніпальскай школе № 1 аб’яднала і зацікавіла вучняў, цяпер яны з прадчуваннем нечага цудоўнага чакаюць працягу.

Даръя РЭВА.
Фота аўтара.