Заканчваецца чарговы насычаны навучальны год. Перагортваючы старонкі ліцэйскага календара, разумееш, што ў ім не 35 вучэбных тыдняў, у ім 365 дзён — яркіх, насычаных, будзённых і святочных, руцінных і імклівых; сатканых са зносін з калегамі, навучэнцамі, іх бацькамі.
Як звычайна, падводзячы вынікі, задумваемся: што зроблена, што яшчэ чакае? За год ліцэісты праславілі сваю малую радзіму, нашу Рэчыцу, перамогамі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, удзелам у навуковых чытаннях і канферэнцыях, алімпіядах. У скарбонцы ліцэя 10 пераможцаў трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, пераможца заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі. Актыўна працавала ў гэтым годзе навуковае таварыства ліцэістаў “Фатон”: 20 пераможцаў абласных і рэспубліканскіх інтэлектуальных конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый.
Ёсць у нашым ліцэі навучэнцы, якія прысвяцілі сябе служэнню людзям. Гэта актывісты валанцёрскага атрада “Клопат”, якія клапоцяцца аб ветэранах вайны і працы, адзінокіх пажылых людзях, падапечных аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у в.Холмеч; выхаванцах Рэчыцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Такая работа — справа гонару для кожнага ліцэіста. Гэта выдатны прыклад адзінства пакаленняў і перадачы жыццёвага вопыту. Тым больш ганарова, што ў гэтым годзе валанцёрскі атрад “Клопат” удастоены дыплома ў намінацыі “Прома-ролік” у рэспубліканскім конкурсе “Валанцёр года — 2021”.
Выніковае і спартыўнае жыццё ліцэістаў. 10 юных спартсменаў выканалі нарматывы Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь. Дваім навучэнцам прысвоены значок залатой вартасці “Спартыўная змена”, траім — значок сярэбранай вартасці, пяць навучэнцаў атрымалі значкі бронзавай вартасці. Яшчэ мы часта адпраўляемся на экскурсіі. Толькі ў гэтым годзе ліцэісты пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску, музеі Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі, Гомельскім абласным музеі ваеннай славы, наведалі мемарыяльны комплекс “Ола” і мемарыял “Аперацыя “Баграціён”.
Старонкі ліцэйскага календара — гэта і падрыхтоўка да ўрокаў, літаратурныя гасцёўні, удзел у акцыях і мерапрыемствах розных напрамкаў, традыцыйныя дзень ліцэя, дэкада навукі, адкрытыя навуковыя чытанні “Залатыя россыпы”, прафарыентацыйны тыдзень “Прафесіі маіх бацькоў”, школа прававой асветы, школа актыўнага грамадзяніна, тыдзень фінансавай дасведчанасці, кросы і велапрабегі.
Настаўнік — гэта тая прафесія, якая не дазваляе старэць, дае магчымасць знаходзіцца ў вечным жыццёвым і прафесійным пошуку.
Мы кожны дзень з дзецьмі, і, спадзяюся, яны цэняць нас, перш за ўсё, за прафесіяналізм, упэўненасць у сабе, цярпенне і надзейнасць. А самае галоўнае — гэта атмасфера сяброўства і супрацоўніцтва, даверу і ўзаемаразумення, якая вылучае нашу ўстанову адукацыі. Гэта і заслуга выдатных высокакваліфікаваных педагогаў, і вынік згуртаванасці калектыву, і, бясспрэчна, працавітасць і велізарны разумовы патэнцыял ліцэістаў — дзяцей, якія паспяваюць і вучыцца, і займацца любімай справай, і ўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах і алімпіядах, пісаць даследчыя работы і дапамагаць людзям. Гэта заслуга і бацькоў навучэнцаў, якія з’яўляюцца нашымі аднадумцамі.
Многае зроблена, многае яшчэ трэба зрабіць. Нельга спыняцца на дасягнутым. Мы заўсёды імкнёмся наперад і цвёрда ўпэўнены, што апошняя ў навучальным годзе старонка ліцэйскага календара будзе першай старонкай новага навучальнага года і пачнецца новы віток развіцця ліцэя, будуць новыя задумы, здзяйсненні, сустрэчы.
Эла КУЧАР,
намеснік дырэктара по вучэбна-метадычнай рабоце
Рэчыцкага раённага ліцэя.