Старонкі жыцця ў кантэксце гісторыі

- 10:35Людзі адукацыі

“Колькі памятаю сябе, хацела хутчэй пайсці ў школу, — прызнаецца настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Суйкаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Святлана Іосіфаўна Антаненка. — А як пайшла — то на ўсё жыццё”.

Адна з самых яркіх прадстаўніц педагагічнай грамадскасці раёна родам з суседняй Шуміліншчыны, з вёскі Панамары. Настаўнікаў у сям’і не было, бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы. Тым не менш, як сцвярджае наша гераіня, прага ведаў і жаданне працаваць у школе перадаліся ёй у спадчыну ад бабулі. Надзея Нічыпараўна збіралася і магла б стаць настаўніцай — па здольнасцях, але не па жыццёвых акалічнасцях: дзяўчына з беднай вясковай сям’і мусіла рана выйсці замуж, і яе мара спраўдзілася толькі праз пакаленне, у лёсе ўнучкі.

— Клас у васьмігодцы быў маленькі, усяго чатыры вучні. Настаўнікі для кожнага з нас былі найвышэйшым аўтарытэтам, — успамінае Святлана Іосіфаўна. — Я лавіла кожнае іх слова, спрабавала прымераць на сябе манеру паводзін, пераймала адносіны да людзей і навакольнага свету. З удзячнасцю хачу сказаць: мае настаўнікі падавалі вучням сапраўды высокі прыклад таго, якім павінен быць чалавек і грамадзянін. Асабліва падабаліся ўрокі Валянціны Яфімаўны Буйновай. Настолькі абаяльная, эрудзіраваная, добразычлівая яна была, так цікава расказвала пра старажытныя цывілізацыі, што не захапіцца гісторыяй было проста немагчыма! Пад яе ўплывам у мяне выспела рашэнне: буду настаўніцай і абавязкова буду выкладаць гісторыю.

Для Святланы мара працаваць у школе, як сёння сказалі б, вызначыла матывацыю да выдатнай вучобы і актыўнага грамадскага жыцця. Як можна марыць аб настаўніцкай прафесіі, калі ты сама не лепшая вучаніца? Калі ў любой цікавай, карыснай ініцыятыве не завадатар і першая выканаўца? Былая старшыня савета піянерскай дружыны, потым — пярвічнай камсамольскай арганізацыі школы беражліва захоўвае ў сямейным архіве ўнушальны стос грамат і падзяк. Дарагіх нават не як плён стараннай працы — хутчэй як адзнакі таго ключавога перыяду, калі сфарміравалася цвёрдае перакананне: паставіў мэту, узяўся за справу — выконвай адказна, аддавай ёй усе сілы і час. Святлана Іосіфаўна і сёння не можа, не ўмее інакш.

Паколькі ў Віцебскім педінстытуце тады не было гістарычнага факультэта, неўзабаве пасля выпускных экзаменаў дзяўчына разам з маці адправілася з дакументамі ў Смаленск. Паспяхова вытрымала ўступныя экзамены — толькі гэтага аказалася недастаткова, не прайшла па конкурсе. У прыёмнай камісіі абітурыентку заспакоілі: не ўсё страчана, з атрыманымі адзнакамі яе возьмуць у інстытут, але не на гісторыю, а на філалогію. Перспектыва называць сябе студэнткай пасля вяртання дадому была вялікай спакусай для вяскоўкі. Аднак марыла Святлана пра канкрэтную спецыяльнасць, здрадзіць якой не змагла, таму вырашыла, што зноў паспрабуе паступаць на гістарычны праз год. Той год стаў першым у працоўнай біяграфіі.

— Работа з дзецьмі мяне заўсёды прываблівала, — расказвае настаўніца. — Таму ўладкавалася піянерважатай у сваім раёне ў Сіроцінскай сярэдняй школе, дзе дырэктарам быў Уладзімір Пятровіч Курыловіч, у мінулым — мой класны кіраўнік. Праз год паехаць паступаць перашкодзілі сямейныя прычыны. Наважылася вучыцца завочна. А праз два гады зноў, вобразна кажучы, у апошнюю хвіліну над марай згусціліся хмары. Цяпер ужо я трапіла ў бальніцу за дзень да пачатку падачы дакументаў. Крыху акрыяла, сабралася з сіламі — і ўцякла паступаць. Неўзабаве па выніках уступных экзаменаў мяне залічылі на гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педінстытута імя Аркадзя Куляшова. Вучылася і працягвала працаваць, толькі геаграфію давялося змяніць. Гэта сёння маеш патрэбу ў пэўнай інфармацыі — інтэрнэт у дапамогу. Тады ж веды мы здабывалі ў асноўным у чытальных залах. Шчыра прызнацца, для мяне галоўным аргументам, каб перавесціся ў Суйкава Віцебскага раёна, была блізкая адлегласць ад мясцовай школы да абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна.

Новы калектыў ініцыятыўную піянерважатую прыняў вельмі добра. У далейшым Святлане Іосіфаўне даверылі весці ўрокі гісторыі. Калегі дапамагалі маладой настаўніцы як маглі — дзяліліся вопытам, наведвалі і аналізавалі яе ўрокі, запрашалі на свае. Для яе ж новыя веды былі як вада ў спёку: хацелася даведацца, паспрабаваць, паэксперыментаваць яшчэ больш. Насычаныя падзеямі, адзначаныя мноствам педагагічных знаходак тры дзясяткі гадоў праляцелі як імгненне — а педагог усё такая ж па-маладому энергічная, мэтанакіраваная, бясконца ўлюбёная ў сваю прафесію. Толькі цяпер ужо яна часцей дзеліцца вопытам з калегамі і маладымі спецыялістамі. Адметны педагагічны почырк — высокі тэмп заняткаў, узровень засваення матэрыялу навучэнцамі, мінімум дамашніх заданняў і бездакорнае пачуццё гумару. У мінулым годзе прадстаўляла раён на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” і ўвайшла ў тройку лідараў. Сярод вучняў Святланы Антаненка ёсць удзельнікі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Дарэчы, цяперашні дырэктар установы адукацыі Святлана Анатольеўна Ясевіч таксама вучаніца нашай гераіні. Прычым гэта не адзінкавы падобны выпадак. Некаторы час Святлана Іосіфаўна сумяшчала работу настаўніка-прадметніка і намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце. Аднак і Суйкаўскую школу не абмінуў дэмаграфічны крызіс — пазбегнуць пэўнай кадравай аптымізацыі было немагчыма.

— Так я зноў стала педагогам-арганізатарам. Па сутнасці, вярнулася ў юнацтва, — усміхаецца настаўніца. — Хтосьці скептычна заўважыць, што не па ўзросце пасада, але гэтая работа заварожвае. Тым больш яна для мяне непадзельная з работай настаўніка-прадметніка. Мы столькі з дзецьмі рыхтуем пазакласных мерапрыемстваў, дзе без гістарычных звестак, ведаў па грамадазнаўстве не абысціся. Заўсёды імкнуся прывіць цікавасць да прадмета праз сучасныя і гістарычныя падзеі, фарміраваць асобу грамадзяніна і патрыёта. Важна і навучыць здабываць веды, правільна інтэрпрэтаваць паток інфармацыі, для чаго, між іншым, сучаснымі гаджэтамі, ІТ-рэсурсамі трэба валодаць як мінімум не горш за дзяцей. І ўсё ж галоўнае — навучыць іх быць сапраўднымі людзьмі. У гэтым плане нават паспяховасць па прадмеце з’яўляецца другаснай. Прыярытэт — чалавечыя якасці. Лічу, што на педагога ва ўсе часы і ў любы гістарычны перыяд ускладаюцца вялікія надзеі і велізарная адказнасць. Плён нашай працы не бачны вокамгненна, ён праяўляецца праз гады, але ролю настаўніка ў грамадстве цяжка пераацаніць. Тым больш гэта справядліва для настаўніка гісторыі і грамадазнаўства. Сябе я ў іншай прафесіі не бачу. Мне кожны жнівень пачынае сніцца школа…

Значную частку жыцця Святлана Іосіфаўна па-ранейшаму аддае грамадскай працы. Ва ўстанове адукацыі адказвае за ідэалагічную работу і, па водгуках кіраўніцтва, арганізоўвае яе ўзорна. У грамадскім абавязку праявіўся давер не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, усіх мясцовых жыхароў: некалькі сезонаў яна з’яўляецца дэпутатам Заронаўскага сельскага Савета.

— Мяне ведаюць, я ведаю сем’і, і людзі раскрываюцца, дзеляцца набалелым, не баяцца ўзняць пытанні, якія іх хвалююць, нават вострыя, — тлумачыць дэпутат. — Стараюся апраўдаць давер, дапамагчы ў кожнай сітуацыі. Каб рухацца далей, трэба трымацца разам. Пафасна будзе сказана: працаваць на карысць Радзімы. І праўда, хто, калі не мы? Я таксама ўнясу сваю кропельку — глядзіш, жыццё стане лепшым.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.