Старшыня Следчага камітэта далажыў кіраўніку дзяржавы аб расследаванні рэзанансных крымінальных спраў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Следчага камітэта Івана Наскевіча, які праінфармаваў кіраўніка дзяржавы аб дзейнасці ведамства і расследаванні крымінальных спраў, што знаходзяцца ў яго на кантролі.

“Першае пытанне — сітуацыя ў Следчым камітэце. Вы ведаеце, што я вельмі ўважліва сачу за работай Следчага камітэта. Хацеў бы пачуць ваш пункт гледжання, ці супадае ён з маім”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся ходам расследавання крымінальных спраў, якія знаходзяцца на асабістым кантролі кіраўніка дзяржавы. “Я так прыкінуў, што іх нямала. Вельмі шмат гэтых крымінальных спраў. Як ідзе следства? Ці ўсё там сумленна, аб’ектыўна і справядліва?” — спытаў ён.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка закрануў супрацоўніцтва следчых ведамстваў Беларусі і Расіі. “Калі Аляксандр Бастрыкін (старшыня Следчага камітэта Расіі. — Заўвага БелТА.) быў тут, мы дамаўляліся аб больш цесным узаемадзеянні нашых падраздзяленняў. Вы правялі сумесныя калегіі, і хацелася б ведаць вашы ўражанні”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Як далажыў Іван Наскевіч, у цэлым у дзейнасці Следчага камітэта праблемных пытанняў няма. “Спакойна, планамерна працуем у рамках дзеючага заканадаўства. Ніякіх вострых момантаў сёння таксама адзначыць не магу. Асабліва гэта, напэўна, звязана з тым, што стан злачыннасці ў цэлым спрыяе таму, каб вялася такая спакойная, планамерная работа”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт даручыў старшыні Следчага камітэта ўзяць на персанальны кантроль праверку па факце смерці дзіцяці ў Ганцавічах. Пра гэта кіраўнік следчага ведамства паведаміў журналістам па выніках даклада кіраўніку дзяржавы.

“Кіраўніку дзяржавы было даложана пра тое, што матэрыялы праверкі па факце гібелі дзіцяці прыняты да вядзення галоўным следчым упраўленнем Цэнтральнага апарату Следчага камітэта. Акрамя таго, што мы непасрэдна высвятляем прычыну смерці дзіцяці, вядома ж, мы ўдзелім увагу і пытанням закупкі гэтай вакцыны, яе з’яўленню на тэрыторыі Беларусі, прымяненню. Кіраўнік дзяржавы даручыў мне ўзяць гэтую праверку на персанальны кантроль”, — сказаў Іван Наскевіч.

Ён запэўніў, што пра вынікі праверкі ведамства абавязкова раскажа ў сродках масавай інфармацыі. Пакуль што рабіць якія-небудзь высновы заўчасна. “Нават пра прычыны смерці пакуль можна толькі ў мяркуемым варыянце весці размову — анафілактычны шок. Але заключэнні экспертаў мы яшчэ не атрымалі”, — звярнуў увагу старшыня Следчага камітэта.

У час даклада Іван Наскевіч таксама праінфармаваў прэзідэнта пра расследаванне рэзанансных спраў, якія знаходзяцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы. “У прыватнасці, пра крымінальную справу па факце смерці радавога Коржыча, судовае следства па якой праводзіцца цяпер. Не прадвызначаючы рашэнні суда, я далажыў пра ўсе акалічнасці справы, прычыны і ўмовы, якія садзейнічалі гэтаму выпадку”, — адзначыў ён.

Акрамя таго, было даложана пра расследаванне карупцыйных спраў. Асаблівую ўвагу ўдзялілі забойствам мінулых гадоў. “Гэта асобны напрамак. З улікам новых магчымасцей крыміналістычнай тэхнікі, судовых экспертыз мы штогод накіроўваем у суд да дзесяці крымінальных спраў па фактах забойстваў мінулых гадоў”, — дадаў Іван Наскевіч.

Прэзідэнт быў праінфармаваны пра развіццё міжнароднага ўзаемадзеяння па лініі следчых ведамстваў, у тым ліку з расійскімі калегамі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў работу Следчага камітэта Беларусі па заключэнні дагавораў аб супрацоўніцтве з праваахоўнымі структурамі розных дзяржаў, асабліва па заключэнні мемарандума з Федэральным бюро расследаванняў.