Старт у дарослае жыццё

У Маладзечанскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат прыязджаюць з усіх куточкаў Беларусі і з-за мяжы для таго, каб пераняць карысны вопыт навучання і выхавання дзяцей з абмежаваннямі. Педагогі школы ўдзельнічалі ў эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, з’яўляюцца пераможцамі прафесійных конкурсаў, рэалізоўваюць міжнародныя праекты. І навучэнцаў яны рыхтуюць таленавітых, якія праяўляюць сябе ў даследчай дзейнасці, спорце і музыцы.

Зараз у Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце вучыцца 101 дзіця ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, з іх 25 сірот. Адукацыйны працэс ва ўстанове максімальна садзейнічае сацыяльнай адаптацыі навучэнцаў, іх належнай падрыхтоўцы да самастойнага жыцця і прафесійнага самавызначэння. Пра гэта расказала дырэктар школы Наталля Леанідаўна Глінская, якая ўзначальвае ўстанову з 2005 года.

З 2012 года школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам спецыяльнай адукацыі па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу навучэнцаў з парушэннямі зроку ў Мінскай вобласці. У 2011—2014 гадах тут рэалізоўваўся рэспубліканскі эксперыментальны праект па апрабацыі праграмна-метадычнага забеспячэння навучання і выхавання слепаглухіх дзяцей, а ў 2014/2015 навучальным годзе — рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні адпаведнага метадычнага забеспячэння. Па выніках VI Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі” работа “Тэхналогія індывідуалізацыі працэсу навучання і выхавання слепаглухога дзіцяці”, падрыхтаваная педагогамі У.І.Барысавым і Н.С.Ласкевіч, адзначана дыпломам І ступені.

“Калі педагогі школы пачыналі працаваць над праектам, у краіне было 7 слепаглухіх дзяцей, — паведаміла Наталля Леанідаўна. — Іх патрэбы ў сістэме адукацыі амаль не ўлічваліся. Спецыялісты не мелі эфектыўнага вопыту работы з імі. Дзеці знаходзіліся дома або наведвалі ЦКРНіР, з імі пераважна працавалі сурдапедагогі. Наш вопыт даказаў, што менавіта тыфлапедагогі ў большай ступені могуць аказаць неабходную дапамогу слепаглухому дзіцяці.

Калі ў школу-інтэрнат паступіла 12-гадовая слепаглухая дзяўчынка з Салігорска Эльвіра Семяновіч, мы звярнуліся за падтрымкай да педагогаў Сергіева-Пасадскага дома-інтэрната слепаглухіх для дзяцей і маладых інвалідаў Маскоўскай вобласці. Спепецыялісты адразу прыехалі да нас. З таго моманту мы пачалі ствараць ва ўстанове належнае асяроддзе для жыцця і навучання Эльвіры. Прывівалі ёй элементарныя навыкі самаабслугоўвання, паступова пераходзілі да навучання канкрэтным тэматычным ведам і фарміравання навыкаў камунікацыі. Эльвіра навучылася самастойна перамяшчацца па тэрыторыі ўстановы, у тым ліку па вуліцы, дзе былі прадугледжаны спецыяльныя арыенціры. Яна адрознівала людзей навобмацак па пэўных прыметах у знешнасці або адзенні, навучылася выказваць эмоцыі і пачуцці”.

Педагогі сістэматызавалі яе жыццё, бо самае галоўнае для слепаглухіх людзей — навучыцца прытрымлівацца рэжыму дня і календара. Рэжымныя моманты адразу пазначалі пры дапамозе прадметаў-адпаведнікаў. Напрыклад, зубная шчотка, якую дзяўчынка брала ў рукі, нагадвала ёй, што надышоў час мыцца, цацачная дудачка — пра тое, што трэба ісці на ўрок музыкі, лыжка — пра снеданне і г.д. Паступова на прадметы, якімі Эльвіра карысталася, пачалі прымацоўваць ярлычкі з іх назвамі, надрукаванымі выпуклымі літарамі. Затым прадметы поўнасцю замяняліся ярлычкамі з іх назвамі, далей — ярлычкамі не з цэлым словам, а з асобнымі літарамі. Так дзяўчынка навучылася складваць словы і адчула патрэбу ў камунікацыі.

Важная задача, якую вырашаў педагагічны калектыў школы ў той час, — распрацоўка праграмна-метадычнага забеспячэння па рабоце са слепаглухімі дзецьмі, якога ў краіне не існавала. Творчая група педагогаў школы ў супрацоўніцтве з выкладчыкамі Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка распрацавала шэраг метадычных матэрыялаў для арганізацыі работы са слепаглухімі дзецьмі: сродкі камунікацыі (пералік жэстаў для навучання, каляндарная сістэма), комплекс гульняў і практыкаванняў па розных кірунках, памяткі для бацькоў і спецыялістаў і г.д. Спецыяльнае жэставае маўленне, напрыклад, даступна людзям са слепатой і глухатой на тактыльным узроўні: праз пальцава-ручныя кантакты, сістэму сімвалаў, вібрацыю (у выніку стуку) і інш.

“Удзел у праектах, асабліва міжнародных, — добры спосаб прыцягнуць інвестыцыйныя сродкі на развіццё ўстановы, — лічыць Наталля Леанідаўна. — Дзякуючы супрацоўніцтву з дабрачыннымі фондамі, школа набыла брайлеўскі прынтар, абсталяванне для ганчарнай майстэрні і кабінета працоўнага навучання для хлопчыкаў, машыну Sara, якая чытае і г.д. У апошнія гады ўстанова ўдзельнічала ў рэалізацыі польска-беларускага праекта “Лепшы старт у дарослае жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, дзякуючы якому педагогі наладзілі кантакты са сваімі замежнымі калегамі, вывучылі польскі вопыт сенсорнай і полісенсорнай рэабілітацыі дзяцей з парушэннямі зроку. У школе былі абсталяваны тры кабінеты для правядзення карэкцыйных заняткаў з навучэнцамі з выкарыстаннем метадаў біялагічнай зваротнай сувязі (БЗС), сенсорнай інтэграцыі і полісенсорнай стымуляцыі”.

У кабінеце БЗС знаходзяцца прыборы, якія вымяраюць работу сістэм арганізма . На карэкцыйных занятках педагог бачыць на маніторы паказчыкі гэтай работы і карэкціруе парушэнні функцый арганізма. Паступова навык замацоўваецца — і дзеці прыводзяць стан свайго арганізма да фізіялагічнай нормы без дапамогі камп’ютара. Настаўнік гісторыі школы-інтэрната Уладзімір Іванавіч Барысаў прайшоў дыстанцыйнае навучанне ў Інстытуце біялагічнай сувязі Санкт-Пецярбурга і аказвае паслугі па біястымуляцыі.

“Метад біялагічнай зваротнай сувязі выкарыстоўваецца для карэкцыі зроку, выпраўлення псіхаэмацыянальнага стану дзяцей, а таксама з’яўляецца самым перадавым метадам карэкцыі сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, — адзначыў Уладзімір Іванавіч. — За 15—30 сеансаў у галаўным мозгу навучэнца з такім сіндромам ствараюцца новыя нейронныя сувязі, і ён пачынае па-іншаму рэагаваць на знешнія раздражняльнікі, лепш канцэнтруе ўвагу, у яго павышаецца паспяховасць у вучобе, развіваюцца кагнітыўныя здольнасці”.

Кабінет полісенсорнай стымуляцыі Снузелен (або пакой пазнання свету) — гэта спецыяльна абсталяванае памяшканне для правядзення лячэбна-прафілактычных заняткаў, неабходных дзецям з рознымі адхіленнямі ў развіцці. Кабінет ізаляваны ад знешняга асяроддзя і аснашчаны прыстасаваннямі, якія ўзнаўляюць пахі кветак, журчанне вады, шолах травы, яркія выявы, што свецяцца, гірлянды, мігатлівую зорную сферу. У кабінеце ёсць калоны з бурбалкамі, пано “Бясконцасць”, інтэрактыўныя панэлі “Рознакаляровая навальніца”, “Сонца”, светлавая труба “Фантан”, музычнае крэсла-падушка, тактыльныя дарожкі, светлавы стол для малявання пяском, водны матрац і г.д. На адных і тых жа занятках можна развіваць і дробную маторыку (праз гульні са святлоаптычнымі ніцямі), і ўяўленне (праз разглядванне і апісанне фантастычных узораў) і зніжаць эмацыянальную напружанасць пры дапамозе сродкаў рэлаксацыі.

Кабінет сенсорнай інтэграцыі аснашчаны рознымі стымулятарамі, якія ўздзейнічаюць на органы зроку, слыху, нюху, дотыку і вестыбулярныя рэцэптары. Тут можна ўбачыць сенсорна-дынамічную залу “Дом савы”, усе прыстасаванні-снарады ў якой падвешаны ў паветры, дошку Савы, тактыльныя платформы, дыскі і дарожкі, мяккія модулі, фібераптычную тактыльна-акустычную панэль, уцяжараную камізэльку. Карэкцыйная работа ў гэтым пакоі заснавана на атрыманні нервовай сістэмай дзіцяці інфармацыі ад рэцэптараў усіх органаў пачуццяў і абумоўлівае яе нармальнае функцыянаванне.

Зараз Маладзечанская школа-інтэрнат праходзіць узгадненне новага міжнароднага праекта “Дзівосны свет” з мэтай атрымання гранта. Калі ініцыятыва будзе падтрымана, тэрыторыя вакол установы поўнасцю трансфармуецца, тут з’явіцца новая спартыўная база з тэніснымі кортамі, стадыёнам па міні-футболе для невідушчых, сенсорны сад, музычныя фантаны і кафэ. Кожны квадратны метр тэрыторыі будзе несці функцыянальную нагрузку, накіраваную на рэабілітацыю навучэнцаў.

Маладзечанская школа-інтэрнат з’яўляецца філіялам кафедры агульнай і арганізацыйнай псіхалогіі факультэта псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка, супрацоўнічае з факультэтам пачатковай адукацыі па арганізацыі педагагічнай практыкі студэнтаў універсітэта. Акрамя таго, рэалізоўвае праекты сумесна з Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ. Са студэнтамі Курскага музычнага каледжа-інтэрната сляпых і выпускнікамі дзіцячай музычнай школы-мастацтваў № 19 Мінска наладжвае абмен метадычнымі распрацоўкамі па пытаннях сацыялізацыі людзей з інваліднасцю па зроку, арганізоўвае сумесную канцэртную дзейнасць.

Школа-інтэрнат з’яўляецца пастаянна дзеючай эксперыментальнай пляцоўкай лабараторыі сінтэзу маўлення Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі па праекце “Апрабацыя сучасных інфармацыйных прадуктаў”, які накіраваны на ўкараненне ў адукацыйны працэс сучаснага праграмнага забеспячэння для невідушчых людзей, у прыватнасці, новага гукавога сінтэзатара маўлення і дадаткаў да яго. У найбліжэйшы час у школе з’явіцца агучанае вучнёўскае працоўнае месца, на якім можна будзе беспера-шкодна чытаць і слухаць прававую інфармацыю, адаптаваную да ўспрымання невідушчых людзей, па жыллёвым і падаткавым заканадаўстве, прафарыентацыі і г.д.

Выхаванцы школы-інтэрната з 2007 года прымаюць удзел у навукова-практычных канферэнцыях работ даследчага характару па вучэбных прадметах і ў конкурсах тэхнічнай творчасці навучэнцаў раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Самыя вялікія дасягненні ў навучэнцаў — па фізіцы і астраноміі. Па выніках гэтых выступленняў, акрамя шматлікіх дыпломаў, чацвёра навучэнцаў і педагог школы кіраўнік вучнёўскіх праектаў Фёдар Міхайлавіч Філіповіч атрымалі дзесяць прэмій (тры — І ступені, чатыры — ІІ і тры — ІІІ ступеней) спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Выпускнік мінулага года Антон Бельскі адзначаны двойчы як удзельнік Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў і Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

Яркія выступленні танцавальнага і вакальнага калектываў школы неаднойчы адзначаліся падчас Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод” і на іншых конкурсах і фестывалях, дзе выхаванцам спецшколы даводзілася канкурыраваць з навучэнцамі звычайных устаноў.

Выпускнікі Маладзечанскай школы-інтэрната становяцца юрыстамі, навукоўцамі, праграмістамі, памочнікамі ўрачоў, педагогамі і спартсменамі, у ліку якіх 15 прызёраў і чэмпіёнаў Параалімпійскіх гульняў па лёгкай атлетыцы, веласпорце, лыжным спорце, плаванні, чатыры выпускнікі — тройчы чэмпіёны свету па міні-футболе.

“Па выніках мінулага навучальнага года два выпускнікі паступілі ў БДПУ імя Максіма Танка, — расказала Наталля Леанідаўна. — Адзін — у БНТУ, двое — у Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі каледж, тры выпускнікі, якія вучыліся па праграме дапаможнай школы, выбралі прафесію агародніка і атрымліваюць адукацыю ў прафтэхкаледжы. Адзін малады чалавек уладкаваўся на прадпрыемства УП “ЭНВА” ў Маладзечне.

У нашых найбліжэйшых планах — стварэнне на базе ўстановы ўмоў для атрымання даступнай прафесійнай адукацыі маладымі людзьмі з інваліднасцю па зроку”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *