Стартавала перадвыбарная гонка на пасаду генеральнага сакратара

- 12:58Інфармацыйная гадзіна

У ААН афіцыйна дадзены старт перадвыбарнай гонцы на пасаду генеральнага сакратара сусветнай арганізацыі. Выбары пройдуць у 2016 годзе.

Старшыні Генасамблеі ААН Могенс Люкетафт і Савета Бяспекі Саманта Паўэр накіравалі пісьмо ў адрас 193 краін — членаў сусветнай арганізацыі з заклікам вылучыць кандыдатаў на пасаду генеральнага сакратара ААН.
У пісьме змешчаны апісанне ўсяго выбарчага працэсу і просьба да членаў ААН своечасова прадставіць кандыдатуры. Пры гэтым у дакуменце адзначаецца, што кандыдаты на пасаду генеральнага сакратара павінны мець лідарскія якасці, талент кіраўніка, багаты вопыт у міжнародных адносінах, моцныя дыпламатычныя, камунікацыйныя і моўныя навыкі. Акрамя таго, кандыдат павінен адпавядаць найвышэйшым стандартам дзеяздольнасці, кампетэнтнасці і сумленнасці, а таксама цвёрда прытрымлівацца мэт і прынцыпаў, закладзеных у Статуце ААН.
У папярэднія гады выбраннем генеральнага сакратара сусветнай арганізацыі займаліся пяць пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН: Вялікабрытанія, Францыя, Расія, Кітай і ЗША. У верасні 2015 года Генасамблея ААН прыняла рэзалюцыю, якая спрасціла працэс выбараў, зрабіўшы яго адкрытым. З гэтага часу кандыдатам дастаткова прадставіць рэзюмэ і выкласці сваё бачанне работы на такой пасадзе. Кандыдат на пасаду кіраўніка ААН павінен быць адобраны Саветам Бяспекі. Пасля гэтага Савет Бяспекі рэкамендуе кандыдата Генеральнай асамблеі, дзе яго павінны падтрымаць не менш як дзве трэці галасоў.
Першыя слуханні кандыдатаў на пасаду генеральнага сакратара ААН пройдуць у канцы сакавіка — пачатку красавіка 2016 года. Пераемнік цяперашняга генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна павінен пачаць работу 1 студзеня 2017 года.
Генеральны сакратар ААН — галоўная адміністрацыйная службовая асоба Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Генеральны сакратар выбіраецца тэрмінам на 5 гадоў з магчымым перавыбраннем на другі тэрмін. Цяперашні кіраўнік ААН Пан Гі Мун займае пасаду генеральнага сакратара з 1 студзеня 2007 года.