Стартавала праграма Еўракамісіі Erasmus+

У Галоўным інфармацыйна-аналітычным цэнтры Міністэрства адукацыі (Офісе праграмы TEMPUS у Рэспубліцы Беларусь) прайшоў семінар па новай праграме Еўрапейскай камісіі Erasmus+, разлічанай на перыяд з 2014 па 2020 год. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных універсітэтаў, а таксама Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і іншыя.

Як паведаміў каардынатар Офіса праграмы TEMPUS у Беларусі Мікалай Лістапад, сёлета на змену добра вядомым у нашай краіне праграмам Еўракамісіі TEMPUS і Erasmus Mundus прыходзіць новая праграма Erasmus+. Яна разлічана на 7-гадовы перыяд і тэматычна накіравана на адукацыю, прафесійнае навучанне, моладзь і спорт.
Erasmus+ грунтуецца на ўзмацненні поспехаў ужо рэалізаваных еўрапейскіх праграм і ўтрымлівае цэлы шэраг новаўвядзенняў. Так, яна прапануе яшчэ больш магчымасцей студэнтам, выкладчыкам і валанцёрам. Новыя магчымасці стануць рэальнымі, у тым ліку дзякуючы павелічэнню бюджэту, які складзе каля 14,7 млрд еўра на 2014—2020 гады, што на 40% больш бюджэту папярэдніх праграм.
Па структуры Erasmus+ складаецца з пяці частак:
• мабільнасць з мэтай навучання для фізічных асоб;
• супрацоўніцтва для інавацый і абмену лепшым вопытам;
• падтрымка сістэмных рэформ;
• Жан Манэ;
• спорт.
Асноўныя магчымасці для беларускіх удзельнікаў у праграме Erasmus+ заключаюцца ў чатырох інструментах: крэдытная мабільнасць, сумесныя магістарскія ступені (СМС), стварэнне патэнцыялу ў сферы вышэйшай адукацыі і Жан Манэ.

Крэдытная мабільнасць

У рамках гэтага інструмента беларусы атрымаюць магчымасці аналагічныя тым, што прадастаўляліся раней па праграме Erasmus Mundus (модуль 2). Падставай для падачы заяўкі на арганізацыю мабільнасці з’яўляюцца міжуніверсітэцкія пагадненні.
Студэнцкая крэдытная мабільнасць будзе даступна для тых, хто вучыцца на першай, другой або трэцяй ступені вышэйшай адукацыі, а таксама для нядаўніх выпускнікоў. Працягласць — ад 3 да 12 месяцаў для навучання і ад 2 да 12 месяцаў для вытворчай практыкі.
Мабільнасць супрацоўнікаў універсітэтаў будзе даступнай для выкладання або павышэння кваліфікацыі. Яе працягласць складзе ад 5 дзён да 2 месяцаў. Заахвочваецца мабільнасць прадстаўнікоў прадпрыемстваў з мэтай выкладання ва ўніверсітэтах.

Сумесныя магістарскія ступені (СМС)

Гэты інструмент таксама перайшоў ад праграмы Erasmus Mundus (модуль 1). Гаворка ідзе пра інтэграваныя міжнародныя магістарскія праграмы, якія распрацоўваюцца і прадастаўляюцца кансорцыумам універсітэтаў. Яны ўключаюць навучанне як мінімум у дзвюх розных краінах. У выніку выдаецца сумесны дыплом, які прызнаецца ў краінах, універсітэты якіх уваходзяць у кансорцыум.
У цяперашні час конкурс па інструменце СМС адкрыты. У рамках гэтага конкурсу плануецца адабраць 9 кансорцыумаў, сумарны аб’ём фінансавання якіх складзе больш за 17 мільёнаў еўра. Усяго ў перыяд з 2014 па 2020 год будзе прафінансавана каля 350 СМС, у рамках якіх будзе прадастаўлена каля 25 тысяч стыпендый.
Стыпендыя выдаецца на ўвесь тэрмін навучання ў магістратуры і пакрывае транспартныя выдаткі (ад 1000 да 3000 еўра за акадэмічны год), установачныя выдаткі (1000 еўра аднаразова), штомесячную дапамогу (1000 еўра), плату за навучанне (9000 еўра ў год для магістрантаў з краін-партнёраў).
Конкурсы на выдзяленне стыпендый праводзіць кансорцыум. Каб прэтэндаваць на атрыманне стыпендыі, неабходна мець дыплом аб завяршэнні першай ступені вышэйшай адукацыі, не з’яўляцца стыпендыятам сумеснай магістарскай праграмы Erasmus Mundus, падаць заяўку на конкурс не больш чым у 3 СМС кансорцыума.
Для забеспячэння высокага ўзроўню СМС кансорцыумы могуць запрашаць лепшых выкладчыкаў, пакрываючы адпаведныя выдаткі за кошт сродкаў гранта.

Стварэнне патэнцыялу ў сферы вышэйшай адукацыі

Гэты інструмент з’яўляецца працягам праграмы TEMPUS, станоўчы вопыт удзелу ў якой мае большасць айчынных універсітэтаў. Мяркуецца, што конкурс па гэтым інструменце будзе абвешчаны ў верасні 2014 года. Да таго часу будуць канчаткова вызначаны фінансавыя і арганізацыйныя аспекты.
А пакуль вядома, што ў рамках стварэння патэнцыялу ў сферы вышэйшай адукацыі будуць фінансавацца праекты двух тыпаў: сумесныя і па структурных мерах. Мэтай сумесных праектаў з’яўляецца распрацоўка новых вучэбных планаў і праграм, удасканаленне методык навучання, павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў, забеспячэнне якасці адукацыі, рэфармаванне ўніверсітэцкага кіравання і развіццё Балонскіх інструментаў. Напрамкам дзейнасці праектаў па структурных мерах з’яўляецца садзейнічанне Міністэрствам адукацыі краін-партнёраў у рэфармаванні нацыянальных сістэм адукацыі.
Мяркуецца, што ў перыяд да 2020 года будзе прафінансавана каля тысячы праектаў па стварэнні патэнцыялу ў сферы вышэйшай адукацыі.

Жан Манэ

Інструмент Жан Манэ працягвае аднайменную праграму, якая фінансавалася з 1989 года з мэтай развіцця ва ўніверсітэтах даследаванняў па еўрапейскай інтэграцыі. Абноўленай задачай інструмента Жан Манэ ў рамках Erasmus+ з’яўляецца дыверсіфікацыя даследаванняў, большы геаграфічны ахоп, удзел новага пакалення выкладчыкаў.
Зараз конкурс па інструменце Жан Манэ адкрыты. Заяўнікам можа быць універсітэт з любой краіны свету, афіцыйна прызнаны ў сваёй краіне.

Каардынатар Офіса Праграмы TEMPUS у Беларусі Мікалай Лістапад і іншыя выступоўцы заклікалі ўдзельнікаў семінара смялей вылучаць заяўкі на ўдзел у праграме Erasmus+. Яна ўраўноўвае нашы ўніверсітэты з еўрапейскімі і дае магчымасць узняцца на якасна новы ўзровень. Акрамя таго, удзел у праграме Еўракамісіі з’яўляецца вельмі важным у вырашэнні задачы далучэння нашай краіны да Балонскага працэсу.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.