Стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне

- 10:59Актуально, Апошнія запісы

25 чэрвеня ў краіне стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Першым уступным іспытам традыцыйна была беларуская мова.

Сёлета для ўдзелу ў выпрабаванні па беларускай мове зарэгістравалася больш за 18,6 тысячы абітурыентаў (у 2019 годзе — 22 тысячы). Экзамен праходзіў у 37 пунктах цэнтралізаванага тэсціравання.

З прычыны складанай эпідэмічнай сітуацыі ўступная кампанія мае шэраг асаблівасцей. Так, цэнтралізаванае тэсціраванне па найбольш масавых прадметах (матэматыка і руская мова) праводзіцца ў два дні. Значна павялічаны аўдыторны фонд. Цяпер максімальная колькасць удзель­нікаў ЦТ у аўдыторыі не большая за 50 чалавек, адлегласць паміж абітурыентамі не меншая за 1 м. Павялічана і колькасць пунктаў тэсціравання ў рэзервовыя дні: сёлета іх шэсць (акрамя БДУ, гэта яшчэ і ўніверсітэты ў абласных гарадах).

Сёлета для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання зарэгістравалася звыш 64,3 тысячы чалавек (на 12,5 тысячы менш, чым летась). Найбольш папулярныя прадметы — руская мова, матэматыка, англійская мова і біялогія. Каля 40% абітурыентаў зарэгістравалася на 4 прадметы.

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка на цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове зарэгістраваўся 931 абітурыент. Для правядзення іспыту былі задзейнічаны 24 аўдыторыі.

За гады правядзення ЦТ гэты працэс у БДПУ адладжаны, як га­дзіннік. Першы тэст для абітурыентаў заўсёды хваляванне, але спакойная атмасфера ва ўніверсітэце, добразычлівая кампетэнтнасць арганізатараў настройвалі на рабочы лад. Асабліва кідалася ў вочы вельмі зладжаная работа валанцёраў. Фірменныя сіне-жоўтыя колеры выдзялялі іх сярод астатніх, і абітурыенты бачылі, да каго можна звярнуцца, калі ўзнікалі пытанні.

— Валанцёрскі атрад (штаб “Абітурыент”) аб’ядноўвае больш як 50 студэнтаў, якія працуюць на ўсіх этапах уступнай кампаніі, — паведаміў рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Яны самі не так даўно былі абітурыентамі і добра разумеюць хваляванні тых, хто толькі што скончыў школу і прыехаў паступаць ва ўніверсітэт. Гэта няпростая і вельмі адказная работа, але нашы студэнты спраўляюцца. Яны паводзяць сябе, як сапраўдныя педагогі.

Азнаёміцца з арганізацыяй тэсціравання і падтрымаць абітурыентаў на старце ўступнай кампаніі ў БДПУ прыехаў старшыня Дзяржкамісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка.

— Працэс арганізаваны дакладна. Чэргаў перад аўдыторыямі не было, прынцып сацыяльнага дыстанцыявання выконваецца. Ёсць антысептыкі, маскі. Усе супрацьэпідэмічныя меры ў поўнай меры рэалізаваны, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Тыя абітурыенты, што знахо­дзяцца на самаізаляцыі, змогуць прайсці цэнтралізаванае тэсціраванне ў рэзервовыя дні (19, 21 і 23 ліпеня).

Ва ўсіх установах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі працуюць камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы — начальнік упраўлення кантролю за работай галін сацыяльнай сферы Камітэта дзяржкантролю Віктар Бурло паведаміў, што дзяржкантралёры пачалі работу ў пунктах тэсціравання а 7-й раніцы. Яны кантралююць прыём і захаванасць тэставых матэрыялаў. Правяраюць таксама гатоўнасць пунктаў тэсціравання: сістэму пропуску абітурыентаў і асоб, якія забяспечваюць правядзенне ЦТ; работу медпункта; наяўнасць у аўды­торыях гадзіннікаў, пітной вады, масак; жараб’ёўку для абітурыентаў, а таксама для адказных арганізатараў і іншыя працэсы.

Як стала вядома ў чацвер вечарам, на ЦТ па беларускай мове не з’явілася крыху больш за 6% абітурыентаў. Адзін абітурыент быў выдалены з экзамену за выкарыстанне мабільнага тэлефона.

26 і 27 ліпеня праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове. Сёлета на гэты прадмет зарэгістраваліся 52,6 тысячы чалавек.

Такім чынам, першыя іспыты завяршаюцца. Наперадзе шмат гарачых дзянькоў. Жадаем абітурыентам здароўя і ўдачы!

Тэлефоны гарачай лініі Дзярж­аўнай камісіі па кантролі за ходам уступных выпрабаванняў:

рабочая група Дзяржаўнай камісіі (Камітэт дзяржкантролю) —
8 (017) 327-66-80;

Брэсцкая абласная камісія (Камітэт дзяржкантролю Брэсцкай вобласці) — 8 (0162) 21-18-94, 21-18-76;

Віцебская абласная камісія (Камітэт дзяржкантролю Віцебскай вобласці) — 8 (0212) 37-61-82, 37-61-93;

Гомельская абласная камісія (Камітэт дзяржкантролю Гомельскай вобласці) — 8 (0232) 23-83-85;

Гродзенская абласная камісія (Камітэт дзяржкантролю Гродзен­скай вобласці) — 8 (0152) 79-88-01, 79-88-40, 79-88-16;

Мінская абласная камісія (Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці) — 8 (017) 284-09-06, 284-05-90;

Магілёўская абласная камісія (Камітэт дзяржкантролю Магілёў­скай вобласці) — 8 (0222) 22-18-97, 31-07-75, 31-07-73;

Міністэрства адукацыі — 8 (017) 222-43-12.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.