Стартаваў Рэспубліканскі конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”

- 11:31Якасць адукацыі

У краіне праходзіць першы этап  XIV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, які праводзіцца для стымулявання педагогаў да актыўнага выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, стварэння і прымянення электронных адукацыйных рэсурсаў. Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства адукацыі нашай краіны, Нацыянальны інстытут адукацыі і Галоўны інфармацыйна-аналітычны цэнтр.

Як паведамілі арганізатары спаборніцтваў, сярод яго асноўных задач — садзейнічанне развіццю інфармацыйнай адукацыйнай прасторы краіны, выяўленне і распаўсюджванне лепшых узораў інавацыйнага вопыту педагогаў у распрацоўцы і выкарыстанні ІКТ, стварэнне ўмоў для прафесійнай і асобаснай самарэалізацыі настаўнікаў, а таксама павышэнне якасці адукацыі.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца асобныя педагогі альбо аўтарскія калектывы педагогаў і навучэнцаў устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі, дадатковай адукацыі, а таксама ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Сёлета спаборніцтвы праводзяцца па 6 намінацыях: “Электронны вучэбны модуль для дашкольнай і пачатковай адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для ІІ і ІІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для спецыяльнай адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для сістэмы дадатковай адукацыі”, “Электронны вучэбны модуль для дапрафесійнай падрыхтоўкі” і “Прыкладное праграмнае забеспячэнне” (могуць быць прадстаўлены дыдактычныя камп’ютарныя гульні, мабільныя тэхналогіі ў адукацыі, практычныя рашэнні па ўкараненні аўтаматызаваных інфармацыйных сістэм у кіраванне ўстановай адукацыі). Дарэчы, змест электронных вучэбных модуляў, якія будуць прадстаўлены да ўдзелу ў конкурсе, павінен адпавядаць дзеючым вучэбным праграмам у адпаведнасці з узроўнем адукацыі. Конкурсная работа можа ўдзельнічаць толькі ў адной намінацыі. Работы, адзначаныя дыпломамі конкурсу ў папярэднія гады, не дапускаюцца да ўдзелу.

Конкурс арганізоўваецца ў два этапы: першы этап — дыстанцыйны  (з 25 верасня па 20 кастрычніка — рэгістрацыя ўдзельнікаў на сайце http://e-asveta.adu.by,
з 21 па 31 кастрычніка — адбор конкурсных работ для ўдзелу ў вочным этапе, з 1 па 4 лістапада — публікацыя спіса ўдзельнікаў, якія прайшлі на другі этап); другі этап — рэспубліканскі вочны (праводзіцца з 10 па 13 снежня).

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна зарэгістравацца, запоўніўшы электронную заяўку. На ды­станцыйны этап конкурсу прэтэндэнты прадстаўляюць відэаматэрыял працягласцю не больш за 5 хвілін, які павінен быць загружаны на відэахостынг
www.youtube.com (спасылка на відэаролік павінна быць указана ў адпаведным полі электроннай заяўкі). Відэаматэрыял у абавязковым парадку павінен суправаджацца хэштэгамі (вобласць “Тэгі”): #КОИ2019. У дадатковых наладках трэба абавязкова адкрыць доступ да каменціравання відэа­роліка.

На вочны этап канкурсантам неабходна прадставіць кароткае апісанне конкурснай работы і метадычныя рэкамендацыі па яе выкарыстанні ў адукацыйным працэсе (у друкаваным або электронным выглядзе), адладжаную версію конкурснай работы на лічбавым носьбіце (кампакт-дыску, флэш-назапашвальніку) або электронны дакумент з указаннем назвы праекта, намінацыі, аўтараў праекта і гіперспасылкай на праект (калі конкурсны праект з’яўляецца сеткавым).

Абарона конкурснай работы на вочным этапе будзе ажыццяўляцца ў форме прэзентацыі членам журы і ўдзельнікам конкурсу. Канкурсантам будзе прадастаўлена персанальная прылада з магчымасцю выхаду ў інтэрнэт.

Да конкурсных работ прад’яўляецца шэраг патрабаванняў: работа павінна адпавядаць мэтам і задачам конкурсу, пад увагу бяруцца яе актуальнасць для сістэмы адукацыі, абумоўленасць дасягнутых адукацыйных вынікаў выкарыстаннем ІКТ, навізна падыходаў, тэхналогій, прыёмаў, што выкарыстоўваюцца; адпаведнасць узроставым пазнавальным асаблівасцям навучэнцаў, устаноўленым тэхнічным параметрам, санітарным нормам, правілам і гігіенічным нарматывам, дыдактычным і псіхолага-педагагічным патрабаванням, што прад’яўляюцца да рэсурсаў такога тыпу. Улічвацца таксама будуць адпаведнасць зместу электроннага вучэбнага модуля патрабаванням методыкі навучання пэўнаму прадмету, адукацыйнай галіне; адпаведнасць распрацоўкі дызайн-эрганамічным па­трабаванням; наяўнасць станоўчых вынікаў выкарыстання прадстаўленага праекта ў адукацыйнай практыцы; магчымасць шырокага выкарыстання.

Праекты, якія стануць пераможцамі ў конкурсе, будуць распаўсюджваюцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі бясплатна. Яны папоўняць адкрыты банк ЭАР, распрацаваных удзельнікамі конкурсу і размешчаных на адукацыйным партале adu.by (раздзел “Электроннае навучанне”). Дарэчы, пераможцам конкурсу рэкамендуецца падаць заяўку на рэцэнзаванне свайго электроннага вучэбнага модуля або праграмнага прадукту з мэтай прысваення грыфа, якое ўключае педагагічную, тэхнічную і дызайн-эрганамічную экспертызу.

 Інфармацыя аб правядзенні конкурсу будзе публікавацца на афіцыйных інтэрнэт-рэсурсах Міністэрства адукацыі (www.edu.gov.by), Нацыянальнага інстытута адукацыі (www.adu.by), галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (www.giac.unibel.by), на рэспубліканскім партале “Прафесійная адукацыя” (www.ripo.unibel.by) і на сайце конкурсу http://e-asveta.adu.by (раздзел “Конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”).

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.