Стартаваў трэці сезон праграмы “Настаўнік для Беларусі”

Напярэдадні новага навучальнага года стартаваў трэці сезон праграмы “Настаўнік для Беларусі”. У святочным мерапрыемстве ўзялі ўдзел заснавальнікі фонду “Новая школа” — прадстаўнікі БПС-Ашчадбанка, а таксама супрацоўнікі міжнароднага брэнда — глабальнай кампаніі плацёжных тэхналогій Visa, якая сёлета далучылася да праекта, педагогі — новыя ўдзельнікі праграмы, а таксама прадстаўнікі першага і другога сезонаў.

Настаўнікі трэцяга набору пра­грамы атрымалі ноўтбукі і карткі Visa БПС-Ашчадбанка. А таксама адбыліся прэм’ера і абмеркаванне дакументальнага фільма “Быць настаўнікам” пра “настаўнікаў для Беларусі” са школы ў пасёлку Глуск.

Сёлета праграме “Настаўнік для Беларусі” споўнілася два гады. За гэты час яна вырасла да 38 удзельнікаў і 29 школ-партнёраў з вёсак, аграгарадкоў, раённых цэнтраў з усіх абласцей Беларусі. У чэрвені 2021 года адбыўся першы выпуск праграмы — 9 настаўнікаў-выпускнікоў з нега­рэльскай сярэдняй школы № 1, гімназіі Дзяржынска, Па­віцьеўскага, Паплаўскага і Лядзенскага дзіцячых садоў — сярэдніх школ.

Праграма “Настаўнік для Беларусі” накіравана на тое, каб у кожнага дзіцяці нашай краіны была магчымасц­ь атрымліваць якасную і сучасную школьную адукацыю для рэалізацыі яго патэнцыялу. На працягу 2 гадоў у­дзельнікі праграмы працуюць у гарадской ці сельскай школе настаўнікамі. Яны вучаць і натхняюць, рэалізуюць праекты, адкрываюць новыя напрамкі і вераць у патэнцыял кожнага дзіцяці, у магчымасці яго росту і развіцця. Праграма аказвае ўдзельнікам куратарскую, метадычную, праектную і фінансавую падтрымку, фарміруе актыўную супольнасць настаўнікаў-лідараў, рэалізуе адукацыйныя спецпраекты.

Фонд “Новая школа” кампенсуе выдаткі на жыллё і гарантуе ў­дзельнікам (у дадатак да асноўнай зарплаты) штомесячную стыпендыю. Удзельнікі таксама атрымліваюць ноўтбук для камфортнай работы. Вельмі каштоўна, што фонд “Новая школа” і ініцыятывы ўдзельнікаў праграмы падтрымлівае не толькі заснавальнік БПС-Ашчадбанк, але і партнёры: кампаніі, прадстаўнікі бізнесу і прыватныя донары.

— Упершыню я даведаўся аб праграме, калі праглядаў у інтэрнэце старонку з аб’явамі пра адукацыйныя праекты для моладзі. Тады падумаў, што гэта надзвычай цікавая ідэя, і нарэшце падобныя магчымасці пачалі з’яўляцца не толькі ў межах замежных праектаў, але і ў Беларусі, — адзначае ўдзельнік другога сезона настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Глуска Сяргей Макарэвіч. — Аднак ад запаўнення анкеты ўдзельніка мяне спыніла думка пра тое, што я ж ніякі не настаўнік, не маю спецыяльнай адукацыі і мой мінулы вопыт узаемадзеяння з дзецьмі абмяжоўваўся толькі арганізацыяй адзінкавых нефармальных мерапрыем­стваў. На гэтым усё магло б і скончыцца, але недзе падсвядома прымяраў на сябе ролю настаўніка, і мне здавалася, што ў мяне магло б атрымацца. Таму калі праз месяц, напярэдадні дэдлайну, мне яшчэ раз трапілася навіна пра адбор, то я быў ужо маральна гатовы адважыцца паўдзельнічаць.

Для мяне ўдзел у праграме стаў своеасаблівым выклікам. Так, у мяне былі пэўныя веды, цікавасць і жаданне развівацца, але разам з тым былі і сумненні: ці атрымаецца ўвасобіць свае задумы ў жыццё, ці змагу я дасягнуць пастаўленых мэт? Безумоўна, у­дзел у праграме — гэта не толькі гісторыі поспеху, але і пэўныя цяжкасці, якія даводзіцца пераадольвац­ь штодня, і, мабыць, адбор быў ці не самай простай з іх. Тым не менш я спрабую ўспрымаць іх не як праблемы, якія абцяжарваюць і прымушаюц­ь апусціць рукі, а як стымул, які дае магчымасць расці і ісці далей, нягледзячы ні на што.

Станоўча адзываецца аб праекце і дырэктар сярэдняй школы № 2 Глуска Алена Рыгораўна Слічэнак: “Пачуўшы пра праграму “Настаўнік для Беларусі”, я адразу ж уявіла ў нашай школе маладога настаўніка-энтузіяста, крэатыўнага інтэлектуала з новым мысленнем і новым падыходам да адукацыйнага працэсу. Нам вельмі пашанцавала: нашы педагогі сапраўды іншыя. Мы самі вучымся ў іх па-іншаму рэагаваць на поспехі і няўдачы, па-іншаму глядзім на падрыхтоўку да вучэбных заняткаў, на час, выдаткаваны на пазаўрочныя справы. Ці апраўдаліся нашы чаканні? Безумоўна, так. Дасведчаныя і старанныя, сучасныя і смелыя, любяць дзяцей, а дзеці — іх. Вядома, бывае складана, узнікаюць пытанні, але без цяжкасцей не можа быць перамог. Удзельнікі праграмы разумеюць праблемы дзяцей, прыклада­юць шмат сіл, каб кожны вучань адчуў сітуацыю поспеху. Вядома, хтосьці скажа: “Не хапае вопыту…” А хіба гэта галоўнае? Са­праўдны педагог — гэта педагог, які вучыцца разам з дзецьмі. І нашы настаўнікі такія. Ёсць шмат задум і планаў. Думаю, што ўсё збудзецца, а ў дзіцячых сэрцах яны ўжо занялі свае месцы. Дзякуй усім, хто стаяў ля вытокаў і цяпер шмат сіл аддае выдатнаму праекту “Настаўнік для Беларусі”.

Удзельнікі трэцяга сезона, які разлічаны на 2021—2023 гады, прайшлі 4 этапы адбору, і са 109 кандыдатаў у новы навучальны год ідуць 18 “настаўнікаў для Беларусі”.

Сёлета праграма прыходзіць у 17 школ краіны, 12 з якіх — новыя школы-партнёры з Пружан, аг.Дзівін, Косава, Турава, Фаніпаля, аг.Турэц, аг. Сар’я, Оршы, Чысці, Радашковіч, Беразіна, в.Грэбень, і 5 — бягучыя школы-партнёры з аг.Мікулічы, в.Спонды, Дзяржынска, аг.Павіцце і Глуска.

— Мы вельмі рады вітаць трэці набор удзельнікаў у вялікай камандзе “Настаўніка для Беларусі”, — адзначыла каардынатар праграмы з БПС-Ашчадбанка Вера Каралёва. — Жадаем педагогам натхнення і энергіі, для таго каб рэалізаваць па-сапраўднаму важныя і патрэбныя адукацыйныя праекты, якія адкрыюц­ь новыя магчымасці і перспектывы для іх вучняў.

Праграма адной з прыярытэтных задач на гэты год ставіць маштабаванне: павелічэнне колькасці ў­дзельнікаў і школ для ўсё большага пашырэння адукацыйных магчымасцей дзяцей, павелічэнне каманды для якаснага, эфектыўнага і своечасовага ўзаемадзеяння з удзельнікамі праграмы і грамадскасцю, арганізацыі ўнутраных і знешніх сувязей і працэсаў, рэалізацыі новых праектаў і ініцыятыў.

— Праграма “Настаўнік для Беларусі” дазваляе прыцягнуць у аддаленыя ад вялікіх гарадоў рэгіёны сучасных педагогаў, якія маюць моцную матывацыю да настаўніцкай дзейнасці, — адзначыў намеснік старшыні праўлення БПС-Ашчадбанка Андрэй Вушаў. — Прыемна, што і сёлета ў глыбінку свядома адпраўляюцца таленавітыя педагогі, якія прытрымліваюцца сучасных поглядаў, падыходаў і метадаў. Важна, што яны падыходзяць да сваёй работы крэатыўна: умеюць зрабіць навучанне цікавым, уцягнуць у яго розных вучняў і знайсці талент у кожным з іх. І мы, вядома, рады, што наш пастаянны партнёр Visa падзяляе нашу місію і гатовы ўнесці свой уклад у інтэлектуальную будучыню краіны, выступіўшы партнёрам праграмы.

Па словах віцэ-прэзідэнта і рэгіянальнага менеджара Visa ў Беларусі, Украіне і Малдове Святланы Чырва, па даных за 2020 год Беларусь займае 32 месца ў рэйтынгу краін свету па індэксе ўзроўню адукацыі — камбінаваным паказчыку праграмы развіцця Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ПРААН). “Гэта адначасова нядрэнны паказчык, але і матывацыя набіраць абароты. Праект “Настаўнік для Беларусі” накіраваны на ўсебаковае ўздзеянне як на навучэнцаў, так і педагогаў. Школьнікі з невялікіх гарадоў атрымаюць магчымасць паглядзець на працэс навучання па-іншаму, а для настаўнікаў гэтая праграма можа паслужыць дапаможным інструментам у развіцці мадэрнізаванай методыкі навучання, а таксама адпрацоўцы ўжо наяўных навыкаў. Visa заўсёды выступае рухавіком інавацый, мы вельмі рады далучыцца да ініцыятывы БПС-Ашчадбанка менавіта ў такім фармаце і дзякуем каман­дзе за гэтую магчымасць”, — падкрэсліла Святлана Чырва.

Новы набор на чацвёрты сезон “Настаўнік для Беларусі” (2022—2024) пачнецца восенню. Сачыць за навінамі праграмы можна на сайце http://teach4.by.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.