Стартаваў XVI Калядны міжнародны турнір па хакеі

- 10:50Інфармацыйная гадзіна

Спаборніцтвы XVI Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі пачаліся 3 студзеня ў Мінску.

Турнір, арганізатарамі якога выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Федэрацыя хакея Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, Мінгарвыканкам, прыцягвае на трыбуны вялікую колькасць балельшчыкаў. Упершыню ў гісторыі выручка ад продажу білетаў на вячэрнія матчы будзе накіравана на дабрачыннасць: сродкі будуць пералічаны ў Мазырскі дзіцячы дом. Яго выхаванцы змогуць наве­даць матчы Каляднага турніру. Цана білетаў на вячэрнія гульні, якія праходзяць на галоўнай пляцоўцы “Чыжоўка-Арэны”, — Br5. На ўсе астатнія матчы ўваход свабодны.

Акрамя саміх лядовых баталій, у час турніру праходзіць дабрачынная акцыя Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Федэрацыі хакея Беларусі “Калядная традыцыя”. Упершыню яна адбылася ў 2013 годзе. З таго часу аказана дабрачынная дапамога сямі сацыяльна-педагагічным цэнтрам Мінска, дзіцячаму дому сямейнага тыпу Мінскага раёна і дзіцячаму дому № 5 у Мінску, Дзіцячаму гарадку Ленінскага раёна сталіцы, дзіцячай вёсцы “Вытокі”, Радашковіцкай школе-інтэрнату для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, Маладзечанскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнату № 2 для дзяцей з парушэннямі зроку і дзіцячаму дому № 7 “Сем Я” ў Мінску. У гэтым го­дзе прадстаўнікі каманд наведаюць выхаванцаў чатырох дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Фрунзенскага раёна беларускай сталіцы. Гэтым дзіцячым дамам ужо аказана матэрыяльная дапамога на суму Br32 тысячы ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і Федэрацыі хакея Беларусі.

Самы першы галоўны прыз Каляднага турніру быў разыграны ў 2005 годзе. Матчы праходзілі 6—9 студзеня ў Мінску на дзвюх пляцоўках — у Палацы спорту і Лядовым палацы па вул.Прытыцкага. У спаборніцтве ўдзельнічалі хакеісты Беларусі, Аўстрыі, Расійскай Федэрацыі, Славакіі, Украіны, Фінляндыі, Швецыі і Чэхіі. У фінале ў сталічным Палацы спорту хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі аказалася мацнейшай за сапернікаў з Расіі (11:5). Трэцяе месца дасталася хакеістам Чэхіі. На завяршэнне турніру Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка быў узнагароджаны прызам Міжнароднай федэрацыі хакея за вялікі ўклад у развіццё гэтага віду спорту.

Найбольшая колькасць тытулаў пераможцы Каляднага турніру аматараў хакея ў актыве хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі, якая 12 разоў станавілася трыумфатарам гэтых спаборніцтваў (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017, 2018, 2019), тройчы поспех святкавала расій­ская дружына (2007, 2011, 2015).

XVI Калядны турнір аматараў хакея стартаваў 3 студзеня матчам Украіна — Швейцарыя. Спаборніцтвы прымаў шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс “Чыжоўка-Арэна”.

У 17.30 адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця, а ў 19.00 на галоўнай пляцоўцы “Чыжоўка-Арэны” хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі сустрэлася са зборнай Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF).

На першым этапе спаборніцтваў 12 каманд размеркаваны на чатыры групы: А — Беларусь, зборная IIHF, ЗША; В — Кітай, ААЭ, зборная Балкан; С — Украіна, Швейцарыя, Фінляндыя; D — зборная Балтыі, Германія, Расія. Пасля фінішу групавога раўнда 6 студзеня пройдуць паўфіналы, а 7 сту­дзеня адбудуцца паядынкі за галоўны прыз і “бронзу”.