Стартавая пляцоўка для будучых чэмпіёнаў

Адноўлены цір адкрыты ў сярэдняй школе № 1 Новалукомля.

Паўстагоддзя назад цір мела кожная ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі. У сярэдняй школе № 1 Новалукомля ён з’явіўся ў 1985-м. Міналі гады, памяшканне патрабавала рамонту, таму цір перанеслі ў больш прыдатнае месца, а старое часова сталі выкарыстоўваць як склад. Змяненні пачаліся з прыходам на пасаду дырэктара Іны Сыроўчанка. Калектыў наважыўся адрамантаваць цір — і фактычна падарыў памяшканню другое нараджэнне. Адноўленыя сцены і столь, новае падлогавае пакрыццё, спецыяльнае асвятленне, вокны для стральбы са становішча стоячы і сталы для сядзячых стралкоў — сёння тут ёсць магчымасць патрэніравацца ў стральбе па зацверджаных правілах з любога віду зброі. Значнае садзейнічанне ў рэалізацыі ініцыятывы аказала Чашніцкая раённая аргструктура ДТСААФ, якая дапамагла ў набыцці неабходных будаўнічых матэрыялаў, абсталявання. Свой уклад унесла школа: многае для рамонту купілі за пазабюджэтныя сродкі. Не засталіся ўбаку работнікі ўстановы адукацыі, прыклалі руку да рамонту і навучэнцы: для іх у перыяд канікул была арганізавана другасная занятасць.

Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Віктар Садоўскі прыйшоў працаваць у школу пасля службы ў радах МНС. За больш чым 20 гадоў педагагічнай дзейнасці ён падрыхтаваў нямала чэмпіёнаў. Для Віктара Васільевіча і яго вучняў адкрыццё ціра — асаблівая радасць. Дарэчы, некаторыя з трэніровачных вінтовак педагог-майстар рэстаўрыраваў уласнаручна. У выніку ў ціры побач з сучаснымі ўзорамі зброі прадстаўлены рарытэтныя экзэмпляры, напрыклад, вінтоўка, выпушчаная ў ГДР. Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця адноўленага ціра намеснік старшыні Чашніцкага раённага выканаўчага камітэта Зінаіда Федарцова ўручыла настаўніку-энтузіясту Ганаровую грамату аддзела па адукацыі райвыканкама.

— Адкрыццё ціра — характэрны эпізод маштабнай работы калектыву, — адзначыла Зінаіда Іванаўна. — Ля вытокаў добрых спраў заўсёды стаяць людзі — ініцыятыўныя, кампетэнтныя, таленавітыя. Хочацца выказаць вялікую ўдзячнасць Іне Фёдараўне Сыроўчанка, калектыву пад яе кіраўніцтвам за ўсё зробленае. Дырэктар умее правільна вызначаць прыярытэты, бачыць перспектыву, ставіць годныя мэты, знаходзіць і мабілізуе ўсе наяўныя рэсурсы на іх дасягненне. З падтрымкай кіраўніцтва вобласці школе выдзелены мэтавыя сродкі. Сёння ва ўстанове адукацыі створаны выдатныя ўмовы для працоўнага навучання, новы сучасны выгляд набыла настаўніцкая, адкрыты два рэсурсныя цэнтры і музей, працягваецца работа па рамонце, забеспячэнні сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання. Як чарговы значны вынік — адноўлены цір. Ён патрэбны гораду і моладзі. Для нас важна, каб нашы хлопцы былі фізічна развітымі і гатовымі да службы ў арміі, змаглі годна выканаць свой грамадзянскі абавязак. У нашай краіне вялікая ўвага ўдзяляецца спорту, у тым ліку біятлону. Цір запатрабаваны для развіцця гэтага віду спорту ў раёне. Няхай ён стане стартавай пляцоўкай для новых алімпійскіх чэмпіёнаў!

Як расказала Іна Сыроўчанка, асноўныя задачы ціра — падрыхтоўка дапрызыўнай моладзі, навучанне па спартыўна-прыкладных дысцыплінах, ваенна-патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Акрамя таго, цір адкрыты для ўсіх жадаючых. У планах — арганізацыя спаборніцтваў сярод школьнікаў і прадстаўнікоў зацікаўленых арганізацый і ведамстваў, трэніровак для супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У перспектыве на базе школы мяркуецца адкрыць раённы цэнтр па дапрызыўнай падрыхтоўцы моладзі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.