Цэнтр інавацыйных ідэй і праектаў Startup, які быў адкрыты ў БДУ 19 снежня 2013 года, працягвае набіраць сілу. У арганізатараў ёсць спадзяванне, што пасля навучання ў стартап-цэнтры ў студэнтаў з’явяцца ідэі, якія яны б захацелі ажыццявіць на практыцы. Новаспечаныя стартап-праекты будуць выкладзены затым на сайце Startup і ўтвораць своеасаблівую базу ідэй для інвестараў.
Нагадаем, што Startup пачаў дзейнічаць у рамках праекта “Міжуніверсітэцкія стартап-цэнтры па развіцці і прасоўванні інавацый студэнтаў” (SUCSID) праграмы Еўрапейскага саюза TEMPUS і рэалізуецца кансорцыумам партнёраў з краін ЕС і СНД у складзе ажно 16 ВНУ. Партнёрства патрабуе засяроджанасці на трэнінгах і курсах для інавацыйных прадпрымальнікаў. Новае структурнае ўтварэнне якраз і лічыць сваёй мэтай навучыць тых, хто паступіў у БДУ, генерыраваць новыя ідэі, ствараць і ўкараняць інавацыйныя распрацоўкі ў вытворчасць і сацыяльную сферу.
Трэнінгі не за гарамі
За некалькі месяцаў існавання Startup на яго сайце ўжо зарэгістравалася каля 40 чалавек. Гэта пераважна студэнты 4-5 курсаў розных факультэтаў БДУ, якія жадаюць прымяніць атрыманыя ва ўніверсітэце веды на практыцы. Іх колькасць кожны дзень павялічваецца. Новых членаў актыўна запрашаюць групы, створаныя ў сацыяльных сетках “УКантакце” і Facebook. Навучанне ў стартап-цэнтры БДУ не за гарамі. Ужо ў красавіку пачнуцца заняткі па пяці курсах, сярод якіх “Асновы прадпрымальніцтва”, “Абарона інтэлектуальнай уласнасці”, “Інавацыйны менеджмент”, “Лідарства” і “Бізнес-планаванне”.
Каб навучыцца праводзіць трэнінгі і бізнес-гульні ў Startup, выкладчыкі БДУ стажыруюцца ў краінах, якія ўдзельнічаюць у праекце SUCSID, у прыватнасці, у Францыі. Аналагічныя стажыроўкі з цягам часу будуць арганізоўвацца і на базе БДУ для замежнікаў з сяброўскіх стартап-цэнтраў.
Стартапы і супрацоўніцтва
У БДУ і раней асобныя падраздзяленні выкарыстоўвалі ў сваёй рабоце метады стартапаў. Чакаецца, што ўсе напрацоўкі цяпер будуць удала выкарыстаны.
Вопыт работы са школьнікамі мае Школа менеджменту і прадпрымальніцтва для моладзі, створаная Цэнтрам сістэмных даследаванняў праблем моладзі эканамічнага факультэта. Там вучаць арганізоўваць уласную справу пачынаючы са школьнай парты. Выніковая абарона праектаў слухачоў гэтай школы, па сутнасці, з’яўляецца стартапам з усімі ўласцівымі яму асаблівасцямі: прэзентацыяй, журы, бізнесменамі, якія могуць выступіць у ролі патэнцыяльных інвестараў, і г.д.
Яшчэ адной структурай у складзе БДУ, якая выкарыстоўвае ў сваёй рабоце метады стартапаў, з’яўляецца IT House. Адным з галоўных кірункаў яго дзейнасці з’яўляецца распрацоўка камп’ютарных гульняў студэнтамі.
Выкладчыкі Школы менеджменту і прадпрымальніцтва для моладзі і IT House будуць чытаць лекцыі ў Цэнтры інавацыйных ідэй і праектаў, якім з’яўляецца Startup. Гэта дае надзею на ўдалае супрацоўніцтва.
Навуковыя распрацоўкі — у вытворчасць
На сённяшні дзень БДУ мае вопыт стварэння інтэлектуальнага прадукту і яго ўкаранення ў вытворчасць студэнцкімі навукова-даследчымі лабараторыямі (іх у БДУ 38). Яны працуюць у розных навуковых кірунках — ад матэматычнага і камп’ютарнага мадэлявання разнастайных працэсаў у прыродзе і тэхніцы да даследавання актуальных пытанняў літаратурна-мастацкай крытыкі. Цяпер студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі непасрэдна праз Startup могуць прапаноўваць свае ідэі і распрацоўкі для ўкаранення на прадпрыемствах.
Выпрабаванне ідэй практыкай
Адметна, што каардынатарам Startup стала начальнік аддзела маладзёжных праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ Наталля Раманава. Сёння ў аддзеле, які яна ўзначальвае, ажыццяўляецца 21 праект сацыяльнай накіраванасці, прыдуманы ў студэнцкім асяроддзі.
Напрыклад, у мінулым навучальным годзе ва ўніверсітэцкім конкурсе “Лепшы маладзёжны праект” перамог студэнцкі праект факультэта журналістыкі. На сённяшні дзень ён перарос у Рэспубліканскі літаратурны конкурс “БрамаМар-юні” для школьнікаў 9—11 класаў. Сістэма майстар-класаў, літаратурных лекцый-вечарын, сустрэч з пісьменнікамі дапамагае ўдзельнікам “БрамаМар-юні” сарыентавацца ў сучаснай прасторы беларускай літаратуры. Але галоўнае — гэта публікацыя фіналістаў у СМІ, што з’яўляецца практычным увасабленнем іх творчых здольнасцей.
Усё гэта гаворыць аб тым, што маладыя людзі маюць добрую звычку дзейнічаць, а значыць, выпрабоўваць свае разважанні на практыцы. Гэтая іх асаблівасць павінна дапамагчы росквіту Startup БДУ.
Ганна ЛАГУН.