Стартуюць тэхнастаеры

- 10:24Вышэйшая школа

Учора ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце завяршыўся фінал Х, юбілейнага, Рэспубліканскага конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Два дні (12 і 13 сакавіка) аўдыторыі вядучай тэхнічнай альма-матар краіны былі месцам тэхнічных баталій, сустрэч з вядомымі навукоўцамі краіны для амаль 200 юных канструктараў, даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў, архітэктараў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў. Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Інстытут інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Падчас работы выставы тэхнічнай творчасці.

Калі ўлічыць, што сёлетнія прызёры і пераможцы конкурсу стануць кандыдатамі і дактарамі навук, прафесарамі, дацэнтамі, то можна смела сцвярджаць, што вялікую актавую залу БНТУ падчас урачыстых цырымоній адкрыцця і закрыцця конкурсу цалкам запоўніла эліта беларускай навукі, людзі, ад якіх непасрэдна залежыць інавацыйнае і тэхнічнай развіццё краіны. Моладзь — гэта сапраўды будучыня. Яе ідэі, думкі, творчыя і тэхнічныя праекты, дасягненні праслаўляюць і будуць праслаўляць Беларусь. Для падтрымкі пачынанняў маладога пакалення ў краіне створаны належныя ўмовы. Менавіта з мэтай стварэння спрыяльных умоў для захавання навуковага патэнцыялу Рэспублікі Беларусь, павышэння статусу вучонага ў выкананні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і праводзіцца на працягу дзесяці гадоў конкурс “ТэхнаІнтэлект”.

— За гады існавання конкурс стаў добрай традыцыяй сяброўскіх і навуковых стасункаў таленавітых навучэнцаў, унікальнай пляцоўкай для паказу іх асобаснага, творчага патэнцыялу. Прыемна адзначыць, што кожны год гэтае мера­прыемства адкрывае новыя імёны юных канструктараў, даследчыкаў і вынаходнікаў у галіне тэхнічнага канструявання і мадэлявання, электронікі, астраноміі, касманаўтыкі і іншых галінах навукі. Менавіта вам, маладым і таленавітым, давядзецца ствараць новае, рабіць навуковыя адкрыцці, садзейні­чаць развіццю і росквіту нашай краіны. Конкурс — гэта магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, рэалізаваць навуковыя і пазнавальныя інтарэсы, закласці падмурак будучай вучобы і прафесійнай дзейнасці. Па выніках рэспубліканскага конкурсу пераможцы будуць прадстаўлены да ўзнагароджання прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, — адзначыў у прывітальным слове ўдзельнікам конкурсу начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і мала­дзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Конкурс кожны год дэманструе інтэлектуальныя і творчыя магчымасці сучаснай моладзі, паказвае разнастайнасць навукова-тэхнічных захапленняў, дася­гненні ў розных галінах навукі, тэхнікі, архітэктуры, перспектывы рэалізацыі маладзёжных навукова-інавацыйных праектаў. Якраз у гэтым маглі пераканацца ўдзельнікі выставы, на якой канкурсанты прэзентавалі свае распрацоўкі. Усяго каля 200 праектаў было прадстаўлена ў секцыях “Тэхнічнае канструяванне”, “Энергетыка і электратэхніка”, “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне”, “Сучасныя і перспектыўныя матэрыялы”, “Энергазберагальныя тэхналогіі”, “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”, “Радыёэлектроніка”, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка”, “Архітэктурны малюнак”, “Колер у архітэктуры”, “Кампазіцыя”. Усе праекты — практыка-арыентаваныя. Нездарма першы прарэктар БНТУ Георгій Аляксандравіч Вяршына выказаў ідэю аб прыраўноўванні конкурсу “ТэхнаІнтэлект” да рэспубліканскіх прадметных алімпіяд.

— Вы нашы калегі, вы не проста наша будучыня, вы ў многім наша сучаснасць. Вы ўжо зрабілі першы важны крок, выбар у бок інавацый, тэхналогій, тэхнікі, рэалізавалі свае праекты. На прадметных алімпіядах часта выйграюць спрынтары, якія за кароткі прамежак часу могуць знайсці адказы на загадзя вядомыя пытанні. Вы ж стаеры, бегуны на доўгія дыстанцыі, вы даяце адказы на задачы, на якія першапачаткова невядома, ці ёсць адказы. Менавіта вы ствараеце сонечныя батарэі, робатаў, ствараеце нашу будучыню, вы, не шкадуючы ні часу, ні сіл, напружана ідзя­це да рэалізацыі задум, не сыходзіце на паўшляху, — падзяліўся акадэмік НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, старшыня навуковага савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў Сяргей Васільевіч Гапоненка.

Хто з сёлетніх тэхнастаераў стаў лепшым з лепшых? Чые праекты адзначаны дыпломамі? Якія тэмы праектаў найбольш запатрабаваны? Адказы на гэтыя пытанні чытайце ў суботнім дадатку “Шосты дзень”.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.