Стартуюць у IT

Пастаяннае развіццё на карысць падрастаючага пакалення — такім дэвізам кіруецца ў сваёй дзейнасці педагагічны калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска. Ва ўстанове кожны педагог знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, тут імкнуцца прытрымлівацца сучасных тэндэнцый, заўсёды чула рэагуюць на інтарэсы і патрэбы дзяцей. У цэнтры пастаянна ўдасканальваюцца вучэбныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, адкрываюцца новыя гуртковыя напрамкі. Так, сёлета пачала функцыянаваць цэлая лабараторыя высокіх тэхналогій “СТАРТуем у IT!”.

— Новыя тэхналогіі з кожным годам усё больш трывала замацоўваюцца ва ўсіх сферах дзейнасці. Сучаснае жыццё цяжка ўявіць без камп’ютара, тэлефона і інтэрнэту. Гэтыя рэаліі адбіваюцца і на развіцці рынку працы: з’яўляюцца новыя высокатэхналагічныя прафесіі. Усё часцей і школьнікі за аснову сваёй будучыні выбіраюць спецыяльнасці, звязаныя з IT. Мы заўсёды стараемся ісці ў нагу з часам, таму і вырашылі адкрыць лабараторыю, дзе навучэнцы змогуць засвоіць асновы камп’ютарных тэхналогій, — паведаміла загадчык аддзела па асноўнай дзейнасці цэнтра Таццяна Кізатава.

Паводле яе слоў, сёння ў IT-лабараторыі працуюць тры аб’яднанні па інтарэсах. Самае папулярнае з іх — “Робататэхніка”. Гурток пад кіраўніцтвам педагога Яўгена Смірнова наведваюць шэсцьдзясят дзяцей розных узроставых груп. Камп’ютарнай графіцы ў педагога Ганны Ашурка вучацца пакуль дванаццаць чалавек. А гурток “3D-мадэляванне для камп’ютарных гульняў” педагога Віктара Коханава аб’яднаў 24 навучэнцы.

— Нашы педагогі — сапраўдныя энтузіясты сваёй справы. Яны змаглі захапіць хлопцаў і дзяўчат, і гэта ўжо прыносіць першыя вынікі. У канцы лістапада наш навучэнец Арсеній Кузняцоў прыняў удзел у рэспубліканскім этапе конкурсу камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”. У намінацыі “З чаго пачынаецца Радзіма?” пад кіраўніцтвам педагога Віктара Коханава хлопчык прадставіў камп’ютарную гульню Bobruisk Castle Defense. За аснову гульні была ўзята другая па велічыні крэпасць у Беларусі пасля Брэсцкай — Бабруйская. Мэта распрацоўкі — прыцягнуць увагу да цікавага гістарычнага помніка архітэктуры і стварыць альтэрнатыўныя гістарычныя падзеі адной з першых контратак савецкіх войск супраць гітлераўцаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бабруйска, — адзначыла Таццяна Аляксандраўна.

У конкурснай намінацыі было прадстаўлена чатырнаццаць цікавых распрацовак. Работа прадстаўніка Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска была адзначана дыпломам ІІ ступені. А між тым аб’яднанне “3D-мадэляванне для камп’ютарных гульняў”, якое наведвае Арсеній Кузняцоў, пачало працу толькі з кастрычніка.

Адметна, што развіццё і папулярызацыя тэхнічнай творчасці ў цэнтры будзе працягнута. У найбліжэйшы час тут плануюць адкрыць аб’яднанні па інтарэсах “Сістэмнае адміністраванне”, “Асновы праграмавання”, “Прататыпаванне”.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.