Пад такой назвай у спартыўнай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву “Пушча” Камянца адбылася спартландыя сярод вучняў інтэграваных класаў і надомнага навучання ўстаноў адукацыі раёна. Спаборніцтва праходзіла з мэтай далучэння школьнікаў да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, фарміравання талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і павышэння ўзроўню іх фізічнай падрыхтоўкі.
Удзельнікаў спартландыі чакалі на творчых станцыях (“Музычная”, “Загадкавая”, “Спартыўная”, “Казачная”, “Радасная” і “Настрой”) казачныя героі, якія стваралі святочную і вясёлую атмасферу. Валанцёры атрада “Дабрадзеі” з гімназіі і вучні сярэдняй школы № 2 Камянца дапамагалі юным спартсменам у праходжанні эстафеты.
Вялікую дапамогу ў арганізацыі спартландыі аказалі Камянецкі раённы ЦКРНіР і Бучамлянская дапаможная школа-інтэрнат, а таксама прыватны прадпрымальнік А.В.Воднеў.
Спартландыя падарыла яе ўдзельнікам шмат станоўчых эмоцый. Зразумела, што прайграўшых сярод юных спартсменаў не было. Усе стартавалі — усе перамаглі.
Алена ДЗЕМЯНЧУК,
метадыст Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Камянца.