“Старты +” да Дня абаронцаў Айчыны

- 16:22Нам пішуць

Дзень абаронцаў Айчыны — вялікае свята. Берагчы Радзіму — абавязак кожнага грамадзяніна. Стаяць на варце Радзімы — абавязак кожнага мужчыны. У аўторак, 20 лютага, у спартыўнай зале сярэдняй школы № 3 р.п.Рэчыца Столінскага раёна сабраліся балельшчыкі, журы, а таксама ўдзельнікі “Старт +”, каб атрымаць зарад энергіі і станоўчыя эмоцыі.

На старт выйшлі каманды “Дэсант” (навучэнцы сярэдняй школы № 3 Рэчыцы), “Разведчыкі” (сярэдняй школы № 2 Рэчыцы), “Пагранічнікі” (пагранічнага кантрольна-прапускнога пункта “Церабяжоў”). Удзельнікамі мерапрыемства было і строгае журы: першы сакратар Столінскага РК ГА “БРСМ” Вадзім Васільевіч Заруба, дырэктар сярэдняй школы № 3 Рэчыцы Андрэй Міхайлавіч Казёлка, дырэктар сярэдняй школы № 2 Рэчыцы Сяргей Рыгоравіч Велясніцкі.

Пачалося мерапрыемства з чытання вершаў пра абаронцаў Радзімы Марыяй Пракапчук (11 клас), Дар’яй Вабішчэвіч (11 клас), Алесяй Хлябовіч (10 клас). Потым усіх чакалі спаборніцтвы. Арганізатар мерапрыемства Святлана Лукашаўна Бардзюк (намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Рэчыцы) падрыхтавала 10 спартыўна-забаўляльных эстафет: “Гладкі бег”, “Тунэль”, “Пераправа”, “Клоўн”, “Адпачні, сябрук”, “Перадаў — сядай”, “Блізняты”, “Яйка”, комплексныя эстафеты і інш.

Разнастаілі спартыўныя эстафеты выступленні танцавальнага ансамбля “Карамель” (мастацкі кіраўнік Алена Валяр’янаўна Казеня). Усе стараліся перамагчы. Удзельнікі паказалі спрыт, дакладнасць, сілу, хуткасць, кемлівасць і арганізаванасць. У зале панавалі смех, шум, весялосць і крыкі балельшчыкаў. Усе былі шчаслівыя. А шчаслівыя ад захаплення вочы дзяцей — найлепшая ўзнагарода арганізатарам свята. Журы падвяло вынікі спаборніцтваў. 1 месца заняла каманда “Пагранічнікі”, 2 месца — “Дэсант”, 3 месца — “Разведчыкі”.

Святлана БАРДЗЮК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Рэчыцы.