Старты юных авіятараў

Хто з нас не майстраваў самалёцікі з простага сшыткавага ліста і не запускаў іх, радуючыся нядоўгаму палёту папяровага лятальнага апарата? Гэта знаёма, вядома ж, усім. Напэўна, менавіта з гэтага ляжаў шлях у авіямадэлізм у ўдзельнікаў рэспубліканскіх спаборніцтваў па авіямадэльным спорце ХI спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”, якіх у гэтым годзе гасцінна прыняў Магілёў.

З 6 па 9 ліпеня жыхары Прыдняпроўскага краю мелі магчымасць назіраць за захапляльным відовішчам, якое разгортвалася ў небе над горадам паблізу Пячэрскага лесапарку. На працягу чатырох дзён тут выходзілі на старты юныя авіямадэлісты з усіх абласцей краіны, Мінска і Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел больш за 100 спартсменаў.
— Папулярызацыя сярод навучэнцаў авіямадэльнага і іншых відаў тэхнічнага спорту, заяўленых у спартакіядзе, з’яўляецца адной з галоўных задач, якія ставяць перад сабой арганізатары спаборніцтваў, — адзначае загадчыца спартыўна-тэхнічнага аддзела Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці Святлана Іосіфаўна Сосніна. — Многія хлапчукі хочуць стаць сапраўднымі лётчыкамі або канструктарамі, сядзець за штурвалам самалёта, перасякаць паветраныя прасторы і будаваць лятальныя жалезныя машыны. Далучэнне да авіямадэлізму дапаможа яшчэ ў юнацтве закласці добры “падмурак” для здзяйснення мары аб небе. А нашы спаборніцтвы даюць юным авіяаматарам выдатны шанс праявіць сябе і паглядзець на работу іншых удзельнікаў, што ў значнай ступені спрыяе іх творчаму развіццю.
Варта адзначыць, што ўдзел у падобных мерапрыемсвах, ды і наогул заняткі авіямадэльным спортам, патрабуе ад дзяцей акрамя праяўлення творчых здольнасцей, яшчэ і немалых ведаў і фізічнага напружання. Бо ўдзельнікі спаборнічаюць не толькі ў канструяванні і вырабе мадэляў лятальных апаратаў, але і ў кіраванні імі на хуткасць, далёкасць, працягласць палёту.
— Для таго каб стварыць авіямадэль, патрэбны паглыбленыя веды па фізіцы, механіцы, матэматыцы, — тлумачыць кіраўнік авіямадэльнага аб’яднання па інтарэсах Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці, майстар спорту па авіямадэлізме, суддзя Нацыянальнай катэгорыі Мікалай Міхайлавіч Заграбельны. — Неабходна валодаць і многімі практычнымі навыкамі. Трэба ўмець працаваць рукамі: гэта далікатная праца па дрэве і вельмі карпатлівая работа з плёнкай, лакамі ды фарбамі… Усё пералічыць вельмі складана. Нюансаў шмат, і ўсе іх трэба ўлічыць.
Правільна запусціць авіямадэль, каб яна лёгка і вольна парыла ў небе, па словах Мікалая Міхайлавіча, не так проста. Бо тут таксама ўсё трэба старанна разлічыць. Для гэтага прыходзіцца траціць шматлікія гадзіны на запускі і назіранне за лятальным апаратам у паветры, а бывае, і пераадолець не адзін кіламетр бегам, у выпадку, калі ён загуляўся з ветрам.
Але, не зважаючы на такую складаную і карпатлівую работу, удзельнікі проста здзіўлялі колькасцю прывезеных на спаборніцтвы авіямадэляў. Якія толькі міні-самалёты не даводзілася бачыць! Удзельнік каманды Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці Сямён Карасік прывёз з сабой радыёкіруемую мадэль.
— Я захапляюся авіямадэлізмам ужо больш за чатыры гады, — кажа Сямён. — Займацца спачатку стаў мой сябар. Я зацікавіўся, а потым таксама акунуўся з галавой у гэты занятак. Пачынаў са свабодналятаючых мадэляў, а цяпер мне больш падабаецца ствараць радыёкіруемыя. Менавіта такую авіямадэль я і дэманстраваў.
Калі ў Сямёна Карасіка радыёкіруемы лятальны апарат, то яго паплечнік па камандзе Іван Карповіч прыехаў у Магілёў з мадэллю “паветранага бою”.
— Мяне заўсёды прываблівалі самалёты, верталёты і іншы паветраны транспарт, — гаворыць Іван. — Яшчэ ў дзяцінстве перавагу аддаваў не машынкам, а менавіта гэтым цацкам. Потым трапіў у гурток па авіямадэльным спорце, дзе адразу захапіўся стварэннем мадэляў “паветранага бою”. Мадэлі гэтага тыпу падабаюцца мне больш за ўсё, бо яны такія хуткія, што, кіруючы імі, адчуваеш сябе быццам за штурвалам сапраўднага знішчальніка.
І Сямёну, і Івану ўсяго па дванаццаць гадоў, аднак на рэспубліканскіх спаборніцтвах яны далёка не дэбютанты. Для абодвух гэта ўжо трэція старты такога ўзроўню. Два папярэднія прынеслі юным талентам прызавыя месцы, не менш годна яны разлічваюць выступіць і ў сёлетніх.
А вось прадстаўнікі каманды Мінска, сябры Уладзіслаў Канаеў і Антон Мамчыц, прывезлі ў горад на Дняпры мадэлі-паўкопіі, якія ўяўляюць сабой паменшаныя рэальныя самалёты. Ва Уладзіслава гэта Як-12А і “Хенкель-51”, а ў Антона — Як-55.
— Нашы авіямадэлі — гэта тыя ж сапраўдныя самалёты, толькі ў мініяцюры, — натхнёна дэманструюць свае мадэлі хлопцы. — Ідэя іх стварэння ўзнікла яшчэ ў пачатку навучальнага года, а на яго працягу доўжылася работа. Імкнуліся максімальна дакладна прапрацаваць кожную дэталь, на шчасце, усё выйшла, таму і разлічваем пакінуць Магілёў толькі з перамогай.

Спаборніцтвы, якія з’яўляюцца сур’ёзным выпрабаваннем па тэхнічных навыках і ўменнях для юных спартсменаў, для гледачоў, якія наведвалі старты, ператвараліся ў сапраўднае шоу — роў матораў, радасць перамог і горыч паражэнняў, фігуры вышэйшага пілатажу, апошнія дасягненні ў авіямадэлізме і нават рэальны паветраны бой!
Напружаную барацьбу за званне пераможцаў удзельнікі вялі ў розных класавых катэгорыях. Паветраныя спаборніцтвы ў небе праходзілі сярод свабодналятаючых, радыёкіруемых і кордавых мадэляў.
Выступленне кожнага з удзельнікаў праходзіла ў некалькі этапаў, у час якіх строгія суддзі ацэньвалі якасць і дакладнасць выканання мадэляў, іх лётныя характарыстыкі і, вядома ж, уменне спартсменаў кіраваць сваімі апаратамі.
Варта адзначыць, што палётныя дэманстрацыі розных класаў авіямадэляў праводзіліся па-рознаму. Так, для спартсменаў, што прыехалі ў Магілёў са свабодналятаючымі мадэлямі, галоўнай задачай было паказаць максімальную працягласць палёту, на дэманстрацыю якой пілотам давалася ад 5 да 7 спроб праявіць сябе. Гэта значыць, усім удзельнікам належала выканаць некалькі палётаў, каб мадэль магла паказаць не адзінкавы добры вынік, а стабільную серыю. Практычна такое ж выпрабаванне чакала радыёкіруемыя планеры. Аднак з-за розных тэхнічных характарыстык лятальных апаратаў адрозніваліся крытэрыі ацэнкі.

А вось для радыёкіруемых пілатажных самалётаў самымі важнымі аспектамі перамогі былі палёт па зададзеным маршруце, дакладнасць выканання фігур вышэйшага пілатажу і, як гаворыцца, мяккая пасадка. Такое ж выпрабаванне чакала і кордавыя пілатажныя лятальныя апараты, і мадэлі копіі і паўкопіі. Прадстаўнікам хуткасных кордавых мадэляў, натуральна, важнай была праяўленая хуткасць. Ну, а ўдзельнікі з авіямадэлямі “паветранага бою” змагаліся за перамогу, дэманструючы сапраўдную бітву. У гэтым класе з двух выходзячых на старт удзельнікаў, пераможцу вызначала манеўранасць іх баявых машын.
Усе палёты праходзілі на вышыні звыш 20 метраў, а сярэдняя хуткасць некаторых мадэляў дасягала амаль 180 км /г, што толькі дадавала гледачам задавальнення назірання за іх палётамі ў нябеснай сіні.
За кожным з запускаў ва ўсіх катэгорыях пільна назіралі кампетэнтныя суддзі, пасля чаго заносілі вынікі ў турнірную табліцу, па даных якой вызначаліся лідары і аўтсайдары спаборніцтваў. Трэба сказаць, што прэтэндэнты на перамогу практычна адразу вырваліся наперад.

Да ліку юных “асаў” авіямадэлізму можна аднесці і аднаго з самых маленькіх удзельнікаў спаборніцтваў, прадстаўніка каманды Магілёўскай вобласці Ягора Давідовіча. Ягор, нягледзячы на юны ўзрост, з’яўляецца чэмпіёнам вобласці, а на рэспубліцы выступаў упершыню. У прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў хлопчык пакуль не ўвайшоў.
— Я не засмучаюся, што не стаў чэмпіёнам, бо ўражанняў ад спаборніцтваў і так шмат, — гаворыць дзесяцігадовы Ягор. — Буду ўзмоцнена займацца, слухаць ва ўсім нашага выдатнага кіраўніка гуртка Дзмітрыя Барысавіча і тады перамога абавязкова прыйдзе ў наступным годзе.
Дарэчы, загадчык кабінета авіямадэльнага спорту Магілёўскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Дзмітрый Барысавіч Скуратаў з’яўляўся адным з суддзяў спаборніцтваў. Але, нягледзячы на гэта, заўсёды знаходзіў хвіліну, каб падтрымаць сваіх выхаванцаў і перад выступленнямі, і пасля.
— Асаблівых талентаў для заняткаў авіямадэлізмам не патрабуецца, — падзяліўся ён сваімі назіраннямі, зробленымі за працяглы час навучання юных авіятараў. — Тут важней гарачае жаданне дзяцей займацца гэтай справай. А ўжо калі яно ёсць, то паступова развіваюцца патрэбныя здольнасці і навыкі.
Вызначэнне пераможцаў стала няпростай задачай для судзейскай камісіі, бо абсалютна ўсе каманды дастойна паказалі сябе. Але мацней за астатніх былі прадстаўнікі Магілёўскай вобласці. “Серабро” ў гэтым годзе дасталася навучэнцам Гродзеншчыны, а “бронзу” забрала каманда Брэсцкага рэгіёна.
Каманды-пераможцы спаборніцтваў узнагароджаны памятнымі кубкамі, а прызёры ў асабістым заліку — адпаведнымі медалямі. Акрамя таго, усе дзеці былі адзначаны ганаровымі дыпломамі пераможцаў і ўдзельнікаў спаборніцтваў. Была і яшчэ адна ўзнагарода. Яе атрымалі ўсе, без выключэння, спартсмены. Гэта бясцэнны вопыт, які дае дзецям магчымасць займацца відовішчным відам спорту на больш высокім узроўні, а магчыма, і праз маленькія авіямадэлі рабіць свае першыя крокі да вялікага неба.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.