Стаць бацькам лёгка, а быць ім — няпроста

“Роля бацькі ў выхаванні дзяцей” — пад такой назвай у Геранёнскай сярэдняй школе прайшоў агульнашкольны бацькоўскі сход. Запрашэнні разаслалі для ўсіх тат вучняў 1—11 класаў. Галоўнай мэтай сустрэчы было прыцягнуць тат у выхаваўчы працэс, актывізаваць бацькоўскія пачуцці і абудзіць адказнасць.

Абмяркоўвалі, што сям’я — гэта духоўная апора кожнага. Вялікую ролю ў выхаванні адыгрывае не толькі маці, але і бацька.

Першая старонка сходу — “Планета бацькі. Шчаслівае дзяцінства” — была прысвечана аналізу меркаванняў дзяцей аб сваіх татах. Па даных анкетавання, якое правялі напярэдадні сходу, лідзіруючую пазіцыю сярод якасцей, якое дзеці ў татах цэняць больш за ўсё, займае дабрыня, а яшчэ бацьку любяць за тое, што ён моцны і мужны, што заўсёды падтрымлівае і дапамагае. Былі кранальныя адказы: “Люблю свайго тату за тое, што ён падарыў мне жыццё”. Цікавымі аказаліся меркаванні дзяцей 1—4 класаў на знятым відэароліку: “Калі я буду бацькам, то… не буду крычаць на сваіх дзяцей, не буду іх крыўдзіць, а, наадварот, буду любіць і клапаціцца”.

Усе з захапленнем слухалі выступленне дзесяцікласніцы Дар’і Песля пра свайго бацьку, якога яна вельмі любіць, у іх сяброўскія ўзаемаадносіны, і шмат вольнага часу яны праводзяць разам.

Цікавай стала наступная старонка сходу — “Планета бацькі. Погляд жонкі”: 74% апытаных жанчын сцвярджалі, что бацька можа клапаціцца так сама добра, як і маці, 16% матуль адказалі, што ўсё залежыць ад канкрэтнага чалавека.

На жаль, не ва ўсіх дзяцей бязвоблачнае шчаслівае дзяцінства. Таму наступнай старонкай сходу была “Погляд бацькі. Апалавіненае дзяцінства”. Ізноў былі прапанаваны вынікі даследавання псіхолага, якія паказалі, што 10% разведзеных бацькоў бяруць актыўны ўдзел у выхаванні дзяцей. 30% бацькоў адносіны з дзецьмі падтрымліваюць, 60% — не бачацца з імі, а толькі абмяжоўваюцца аліментамі.

Але ёсць яшчэ катэгорыя дзяцей, якія наогул не маюць ніякіх шансаў на вяртанне бацькі, на зносіны з ім. Гэта дзеці ў дзіцячых дамах. Таму сёння асноўны акцэнт робіцца на прафілактыку сацыяльнай нядобранадзейнасці, узнаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін і захаванне біялагічнай сям’і.

Чацвёртая старонка сходу — “Планета бацькі. Погляд бацькі” — сфакусавалася на паняцці “якары дзяцінства”. Бацькоўская пахвала, усмешка, добрае слова, тон голасу, звычкі, паводзіны — гэта ўсё якары. Яны могуць выклікаць рэакцыю як станоўчую, так і негатыўную: п’янства бацькі, раздражняльнасць маці, скандалы паміж бацькамі. Толькі ад бацькоў залежыць, якія якары яны нясуць. Ужо сама прысутнасць бацькі ў доме — важны фактар выхавання.

На сход быў запрошаны настаяцель мясцовай царквы Сергій, які выказаў свой погляд, якім павінен быць сапраўдны бацька.

Цікавым і змястоўным было выступленне пра ролю бацькі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандра Бекіравіча Шабановіча, які спыніўся на фактах, што калі ў сям’і недастаткова бацькавага выхавання або калі выхоўвае адна маці, то дзеці з такіх сем’яў часцей здзяйсняюць злачынствы і правапарушэнні.

Заставілі задумацца мілагучныя песні і кранальныя радкі вершаў ад Паліны Зінкевіч і Кацярыны Янушка: проста дзецям не хапае слоў, каб выказаць, як любім мы бацькоў.

Тарэса ГІЛІНСКАЯ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Геранёнскай сярэдняй школы.