Стаць бацькам лёгка, а быць ім — няпроста

- 15:42Нам пішуць

“Роля бацькі ў выхаванні дзяцей” — пад такой назвай у Геранёнскай сярэдняй школе прайшоў агульнашкольны бацькоўскі сход. Запрашэнні разаслалі для ўсіх бацькоў вучняў 1—11 класаў. Галоўнай мэтай сустрэчы было прыцягнуць у выхаваўчы працэс тат, актывізаваць бацькоўскія пачуцці і абудзіць адказнасць.

Падчас сходу абмяркоўвалі, што сям’я — гэта духоўная апора кожнага. Вялікую ролю ў выхаванні адыгрывае не толькі маці, але і бацька. Вялікае шчасце для дзіцяці любога ўзросту мець добрага бацьку, ганарыцца ім, у любую хвіліну жыцця ведаць, што бацька падтрымае, выслухае, дапаможа. Быць добрым бацькам няпроста. Добрымі бацькамі не нараджаюцца, нават не адразу становяцца. Яшчэ Арыстоцель заўважаў, што бацькоўства — гэта прыкмета сталасці, грамадзянскай і асабістай.

Першая старонка сходу мела назву “Планета бацькі. Шчаслівае дзяцінства” і была прысвечана вывучэнню меркаванняў дзяцей аб сваіх татах. Па звестках анкетавання, якое зладзілі напярэдадні сходу, лідзіруючую пазіцыю сярод якасцей, якія дзеці больш за ўсё цэняць у сваіх татах, займае дабрыня, а яшчэ дзеці любяць бацьку за тое, што ён моцны і мужны, што заўсёды падтрымлівае і дапамагае. Былі кранальныя адказы: “люблю свайго тату за тое, што ён падарыў мне жыццё”. Цікавыя аказаліся меркаванні дзяцей 1—4 класаў на знятым відэароліку: “калі я буду бацькам, то… не буду крычаць на сваіх дзяцей, не буду іх крыўдзіць, а, наадварот, буду любіць і клапаціцца пра іх”.

Усе з захапленнем слухалі выступленне дзесяцікласніцы Дар’і Песля пра свайго бацьку, якога яна вельмі любіць. У іх сяброўскія ўзаемаадносіны, і шмат вольнага часу яны праводзяць разам.

Наступнай старонкай сходу была “Планета бацькі. Погляд жонкі”. 74% апытаных жанчын сцвярджалі, что бацька можа клапаціцца добра так сама, як і маці, 16% матуль адказалі, што ўсё залежыць ад канкрэтнага чалавека.

На жаль, не ва ўсіх дзяцей бязвоблачнае шчаслівае дзяцінства. Таму наступная старонка сходу — “Погляд бацькі. Апалавіненае дзяцінства”. Ізноў былі прапанаваны вынікі даследавання псіхолага, якія паказалі, што 10% разведзеных бацькоў бяруць актыўны ўдзел у выхаванні дзяцей. 30% бацькоў падтрымліваюць адносіны з дзецьмі, 60% не бачацца з імі, а толькі абмяжоўваюцца аліментамі.

Але ёсць яшчэ катэгорыя дзяцей, якія наогул ніякіх шансаў на вяртанне бацькі, на зносіны з ім не маюць. Гэта дзеці, якія знаходзяцца ў дзіцячых дамах і сацыяльных прылулках. Таму сёння асноўны акцэнт робіцца на прафілактыку сацыяльнай нядобранадзейнасці, узнаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін і захаванне біялагічнай сям’і.

Чацвёртая старонка сходу мела назву “Планета бацькі. Погляд бацькі”, дзе звярталася ўвага на паняцце “якары дзяцінства”. Бацькоўская пахвала, усмешка, добрае слова, тон голасу, звычкі, паводзіны — гэта ўсё якары. Яны могуць выклікаць як станоўчую рэакцыю, так і негатыўную: п’янства бацькі, раздражняльнасць маці, скандалы паміж бацькамі. Толькі ад бацькоў залежыць, якія якары яны нясуць. Ужо сама прысутнасць бацькі ў доме —важны фактар выхавання.

На сход быў запрошаны настаяцель мясцовай царквы Сергій, які выказаў свой погляд, якім павінен быць сапраўдны бацька з царкоўнай пазіцыі.

Цікавым і змястоўным было выступленне пра ролю бацькі начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандра Бекіравіча Шабановіча, які спыніўся на фактах, што калі ў сям’і недастаткова бацькавага выхавання або калі выхоўвае дзяцей адна маці, то часцей з такіх сем’яў дзеці здзяйсняюць злачынствы і правапарушэнні.

У завяршэнні сходу была прапанавана прытча пра шчасце.

“Калі Бог зляпіў з гліны чалавека, у яго застаўся нявыкарыстаны кусок гліны. “Што яшчэ зляпіць табе?” — запытаў Бог. “Зляпі мне шчасце!” — папрасіў чалавек. Нічога не адказаў Бог, толькі паклаў у далонь гэты кавалак гліны. Гасподзь Бог падарыў табе, бацька, унікальную магчымасць, самую галоўную ў тваім жыцці ролю — стаць бацькам. Стань ім”.

Яшчэ гучалі прыгожыя песні і кранальныя радкі вершаў ад любімых дзяцей Паліны Зінкевіч і Кацярыны Янушка: проста дзецям не хапае слоў, каб выказаць, як любім мы бацькоў.

Тарэса Гілінская,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.