Стаць будаўніком? А чаму не!

Выязныя заняткі прафарыентацыйнай накіраванасці для старшакласнікаў гомельскай сярэдняй школы № 52 правялі спецыялісты вытворчай базы філіяла “Упраўленне вытворча-тэхналагічнай камплектацыі” ААТ “Будаўнічы трэст № 14”.

— Урокі-экскурсіі на аб’ектах будаўніцтва для школьнікаў і студэнтаў сталі добрай традыцыяй, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара ААТ “Будаўнічы трэст № 14” Дзмітрый Мурашка. — Наша асноўная задача — зацікавіць навучэнцаў прафесійнай дзейнасцю ў галіне будаўніцтва.

Інжынер па ахове працы Кірыл Бондараў расказаў навучэнцам пра арганізацыю вытворча-тэхналагічнай камплектацыі аб’ектаў будаўніцтва жалезабетоннымі канструкцыямі, абсталяваннем, матэрыяламі і іншымі вырабамі. Школьнікі на свае вочы пабачылі, як вырабляюцца металаканструкцыі, вокны ПВХ, жалезабетонныя і драўляныя вырабы.

Да таго ж гутарка з кіраўніцтвам трэста вялася і пра тыя аб’екты, якія хутка будуць пабудаваны ў Гомелі, пра развіццё вядучай будаўнічай арганізацыі Гомельшчыны і магчымасці працаўладкавання пасля набыцця адпаведных будаўнічых спецыяльнасцей. Сумеснае фота будаўнікоў і навучэнцаў завяршыла сустрэчу, якая для кагосьці можа стаць лёсавызначальнай.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.