Стаць патрэбным на сваёй радзіме

У Юрацішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе Іўеўскага раёна з 1 верасня 2016 года рэалізуецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і, соцыуму”. Мы, педагогі, зацікаўлены ў тым, каб нашы вучні паспрабавалі розныя сацыяльныя і прафесійныя ролі без канкрэтных абавязкаў па іх прыняцці. Нядаўна нашым школьнікам было прапанавана паўдзельнічаць у вэб-квесце “Жыццё кароткае — Радзіма вечная”.

У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе ён нарадзіўся, вырас, ёсць зямля, якая яго ўскарміла, ёсць калодзеж, вада з якога — найсмачнейшая ў свеце. Усё тут самае дарагое, самае блізкае. Для нас гэта нашы родныя Юрацішкі. Чаму ж тады нашы вучні мараць хутчэй закончыць школу і паехаць жыць у вялікія гарады? Прычыны могуць быць розныя, і ўсё ж асноўнай, па словах саміх вучняў, з’яўляецца вельмі абмежаваная колькасць свабодных месцаў працы і месцаў адпачынку ў невялікім пасёлку. Што ж можна зрабіць, каб у нас захацелася заставацца маладым людзям?

Вучням прапаноўвалася выбраць тып прафесій, які ім падабаецца, і па гэтым прынцыпе аб’яднацца ў каманды. Можна было пазнаёміцца з гатовымі ідэямі сацыяльных праектаў, накіраваных на развіццё пасёлка, выбраць або прапанаваць сваю ідэю — распрацаваць уласны праект. Прадумаць усе дробязі, станоўчыя бакі, фактары рызыкі, якія могуць мець месца ў працэсе рэалізацыі ідэі, і на агульнашкольным мерапрыемстве падчас тыдня прафарыентацыі годна абараніць свой праект. Вынікам работы стала стварэнне сумеснага плаката “Запрашаем у Юрацішкі”.

Удзел у вэб-квесце прынялі вучні ўсіх класаў. Прэзентацыя вучнёўскіх работ прыемна здзівіла. Адкрыць школу танцаў для людзей розных узростаў, творчую майстэрню па стварэнні арыгінальных падарункаў і арганізацыі разнастайных свят, дзіцячы малочны бар, студыю ландшафтнага дызайну, фірму прыватнага падвозу, хуткую рамонтную дапамогу, мулярскую службу, паркавы комплекс — гэта далёка не поўны пералік дзіцячых ідэй.

Добра прадуманы быў праект TenStars. Дзесяцікласнікі прапанавалі ідэю камп’ютарнай дапамогі. Маладым здаецца, што няма нічога прасцейшага, як надрукаваць дакумент, адправіць па электроннай пошце ліст, пераслаць фотаздымак па Viber, зайсці ў Skype і паразмаўляць з сябрам… Для многіх людзей у нашым пасёлку ўсё пералічанае — праблема. Таму фірма TenStars будзе аказваць пералічаныя паслугі і займацца навучаннем азам праграмавання. Для рэалізацыі праекта неабходны будуць праграмісты, педагогі, дызайнеры, рабочыя. Офіс прапануецца размясціць на другім паверсе будынка ўнівермага (ён у нас зусім пусты). Вучні падлічылі і кошт рамонту, і суму арэнды, і расказалі, праз колькі гадоў і за кошт чаго акупіцца гэты праект.

Наш пасёлак размяшчаецца на скрыжаванні вялікіх дарог, таму аграсядзіба “Малая радзіма”, якую прапанавалі арганізаваць вучні 11 класа, для шырокага кола людзей, якія цікавяцца гісторыяй, культурай, рэлігіяй, з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця ў гармоніі з прыродай проста неабходна. Тым больш што там будзе зала для прыёму гасцей, бібліятэка, відэалекцыйная зала для правядзення творчых сустрэч, памяшканне для аздараўленчых сеансаў, кафэ-сталовая, пакоі для пражывання гасцей. Для таго каб працаваць у аграсядзібе, трэба атрымаць адну з пералічаных прафесій: эканаміст, гісторык-экскурсавод, праграміст, трэнер, дызайнер, бухгалтар, кухар, аграном.

А як не хапае ў нашым пасёлку забаўляльнага цэнтра з гульнявой зонай, невялікім і ўтульным кафэ на 20 пасадачных месцаў, катком (зімой) або пляцоўкай для рухавых гульняў (летам) прама на даху прыгожага будынка пад назвай WILDBUCKET! Гэтую праблему ўбачылі вучні 7 класа.

Як зрабіць адметным двор, як надаць утульнасць вуліцам? Многія жыхары не ведаюць, з чаго пачаць, і баяцца брацца за гэта. Дапамагчы адклікнуліся вучні 9 “Б” класа і прапанавалі арганізаваць студыю ландшафтнага дызайну “Фітонія”. Дакладна прадумана азеляненне тэрыторыі цэнтра пасёлка і касцёла, а таксама прапануецца пералік паслуг для жыхароў Юрацішак.

Відавочна, што дзеці не вырашаць сённяшніх праблем, аднак задумаюцца аб тым, што неабходна нашаму пасёлку для росквіту, задумаюцца аб стварэнні будучых рабочых месцаў, атрымаюць магчымасць у будучыні мэтанакіравана авалодваць прафесійнымі навыкамі. Спадзяёмся, што нашы выпускнікі, працуючы над канкрэтным сацыяльным праектам, не змогуць пакінуць яго нерэалізаваным. Тым больш што жыццё такое непрадказальнае!.. А вучні Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы заўсёды будуць мець шанс вярнуцца на сваю радзіму і адкрыць уласную справу.

Жыццё толькі тады мае сэнс, калі пастаўлена мэта не імгненная, лёгка ажыццявімая, а мэта, якая дасягаецца праз складанасці і выпрабаванні. А стаць патрэбным чалавекам у грамадстве, асабліва на сваёй радзіме, — і ёсць вялікая мэта.

Нона СІЛЮК,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Юрацішкаўскага ясляў-сада — сярэдняй школы
Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці.