Стаць Шэрлакам: версія 2.0

У першыя дні верасня, калі акадэмічнае асяроддзе ўліваецца ў вучэбны працэс, падводзяцца і вынікі летняй дзейнасці. Не выключэнне — работа Студэнцкага саюза БДУ, які нядаўна завяршыў дзесяцідзённы квест “Пашукайка”.

Праект нарадзіўся, калі каманда актывістаў сумесна з Упраўленнем выхаваўчай работы з моладдзю БДУ вырашыла ўнесці ў канікулярны час забаўляльна-навучальную нотку.

— Нам хацелася рэалізаваць некалькі момантаў: па-першае, заняць студэнтаў, бо па ўласным вопыце ведаем, што ў жніўні ўсе пачынаюць сумаваць па ўніверсітэце. Па-другое, пашырыць веды ўдзельнікаў пра БДУ, яго выпускнікоў, карпусы і інш. А трэці аспект — яднанне арганізатараў паміж сабой, правядзенне вольнага часу з карысцю, — расказвае адна з арганізатараў чацвёртакурс­ніца Інстытута бізнесу БДУ Ксенія Марачканіч.

Пры распрацоўцы канцэпцыі квеста арганізатары звярнулі ўвагу, што сярод назваў падобных мерапрыемстваў не толькі ва ўніверсітэце, але і за яго межамі пераважаюць рускія і англійскія. Таму захацелі назваць квест па-беларуску. У назве “Пашукайка” адлюстравалася сутнасць праекта — знайсці месца, адказ на пытанне і прыдумаць рашэнне задачы.

“Пашукай­ка” працаваў праз ан­лайн-платформы (узаемадзеянне каардынатараў з удзель­нікамі адбывалася праз канферэнцыі ва “УКантакце”, дзе каманды атрымлівалі заданні). За кожнай групай замацоўваўся асобны чалавек, які курыраваў яе на працягу праекта. Каб даўжэй захаваць інтрыгу і падагрэць інтарэс маладых людзей, прамежкавыя вынікі не агучваліся.

— Удзел прынялі 4 каманды, у склад якіх увайшлі прадстаўнікі розных факультэтаў. У кожнай групе было ад 4 да 7 чалавек. Адметнасцю “Пашукайкі” стала выкарыстанне беларускай мовы: усе этапы распрацоўваліся і праходзілі па-беларуску. Узаемадзеянне з удзельнікамі таксама адбывалася на беларускай мове. Студэнты нас у гэтым падтрымалі і стараліся выбудоўваць зносіны з куратарамі па-беларуску, — успамінае Ксенія.

Мяркуючы па заданнях, маладыя людзі, што ўдзельнічалі ў “Пашукайцы”, змаглі прымерыць на сябе вобраз Шэрлака Холмса: паспрабавалі сябе ў разгадванні шыфраў, пошуку інфармацыі ў інтэрнэце, раз’ездах па горадзе, выкананні заданняў на логіку і кемлівасць, здымках на фоне славутасцей Мінска. Сустракаліся заданні, у якіх дапамаглі школьныя веды па матэматыцы. Меркаванне Студсаюза, што “квестаў шмат не бывае”, апраўдала сябе цалкам.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі.