Статус сістэмы прафтэхадукацыі неабходна ўмацоўваць

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

Прафтэхадукацыя — стартавая прыступка для будучых кваліфікаваных спецыялістаў. Такое меркаванне выказала намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава на сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці, якая прайшла ў сярэдняй школе № 16 Мазыра.

У ходзе сустрэчы ў Мазыры, на якой прысутнічалі прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі Гомельшчыны, быў закрануты шырокі спектр тэм.
Наталля Качанава адзначыла, што ў нашай краіне сфарміравана даволі моцная сістэма прафтэхадукацыі, якую, на жаль, паставілі на другі план. “Неабходна ўмацоўваць яе статус, таму што гэта яшчэ і стартавая прыступка для тых дзяцей, якія хочуць у далейшым удасканальвацца, вучыцца ў ВНУ. Прайшоўшы такую школу, можна стаць сапраўды высакакласным спецыялістам”, — сказала яна. Віцэ-прэм’ер дадала, што праблема заключаецца ў недастатковай інфармаванасці нашых грамадзян аб магчымасцях ССНУ. Для гэтага неабходна паказаць іх знутры. Напрыклад, на іх базе можна арганізаваць выкладанне прадмета “Працоўнае навучанне”. Такая прапанова паступіла ў ходзе сустрэчы ад выкладчыцкага складу.
“Страху няма ў тым, што дзіця можа пайсці вучыцца ў прафтэхустанову. Захоча яно вучыцца далей — у яго для гэтага ёсць усе магчымасці. Іншае пытанне, што гэтыя навучальныя ўстановы павінны працаваць над тым, каб выпускаць кваліфікаваных спецыялістаў не другога, трэцяга, а больш высокіх разрадаў”, — канстатавала яна.
На працягу пяці гадоў у Беларусі пабудуюць 79 дзіцячых садоў, паведаміла на сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі Гомельскай вобласці Наталля Качанава.
Віцэ-прэм’ер адзначыла, што ў цэлым у рэспубліцы чэргаў у дзіцячыя сады няма, а галоўная праблема сістэмы дашкольнай адукацыі — забяспечанасць дзіцячымі дашкольнымі ўстановамі (ДДУ) крокавай даступнасці, асабліва ў новых мікрараёнах беларускіх гарадоў. “Для зніжэння дэфіцыту месцаў у ДДУ ўрадам распрацавана праграма, згодна з якой да 2020 года ў Беларусі пабудуюць 79 дзіцячых садоў. Праграма ўзгоднена з аблвыканкамамі, усе лічбы не надуманыя, а атрыманыя на падставе рэалій, якія складваюцца ў кожным горадзе, у кожным раёне”, — сказала яна.
Наталля Качанава дадала, што створаная ў краіне сістэма дашкольнай адукацыі паспяхова функцыянуе і не мае патрэбы ў значных змяненнях. Некаторыя пытанні ёсць у сістэме школьнай адукацыі. Аб іх у асноўным і ішла размова на сустрэчы.
У прыватнасці, актыўна абмяркоўвалася пытанне аб паляпшэнні якасці вучэбных матэрыялаў. У многіх педагогаў ёсць прэтэнзіі да падручнікаў. Таксама педагагічная грамадскасць выказала неабходнасць вяртання да профільных 10-х, 11-х класаў, што дасць магчымасць звязаць сярэднюю адукацыю з вышэйшай і выключыць выпадковых людзей у старшых класах, дасць магчымасць больш весці прафарыентацыйную работу па рабочых спецыяльнасцях.
“Да 1 верасня 2015 года будуць распрацаваны новыя вучэбныя планы для 1, 5 і 10 класаў. А работа па замене падручнікаў будзе праводзіцца на працягу бліжэйшых пяці гадоў, каб падручнікі былі даступнымі, цікавымі, зразумелымі і дзецям, і іх бацькам”, — сказала Наталля Качанава.
Віцэ-прэм’ер згадзілася з тым, што вучэбным матэрыялам неабходна паляпшэнне якасці. “У многіх настаўнікаў ёсць прэтэнзіі да падручнікаў, адна з іх — складаная мова, якой выкладзены матэрыял. Гэтую сітуацыю мы выправім”, — рэзюмавала яна. З боку прысутных педагогаў былі вылучаны прапановы аб стварэнні альтэрнатыўных падручнікаў, якія суправаджаюцца электроннымі праграмамі, і аб адмене выдання так званых рашэбнікаў. Гэтыя моманты Наталля Качанава ўзяла на кантроль для далейшага абмеркавання і прыняцця рашэння.
У час сустрэчы абмяркоўвалася таксама пытанне павышэння прэстыжу сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, закраналіся некаторыя праблемныя тэмы, з якімі сутыкаюцца педагогі ў рэгіёнах.
Такія сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі Наталля Качанава правяла ўжо ў Віцебскай і Брэсцкай абласцях. Намеснік прэм’ер-міністра прадоўжыць рабочыя візіты ў рэгіёны, каб абагульніць меркаванні спецыялістаў сферы адукацыі і выкарыстаць іх для ўдасканалення работы сістэмы на дзяржаўным узроўні.