Статыстычны партрэт настаўніка

- 10:40Навіны рэгіёнаў

У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу на Гомельшчыне зараз працуе 11,6 тысячы настаўнікаў. Яшчэ 6,4 тысячы — у сельскай мясцовасці. Жанчын сярод педагогаў вобласці звыш 85%. Такія лічбы агучаны ў тэматычным аглядзе Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гомельскай вобласці. 

Да таго ж у 2020/2021 навучальным годзе ў Гомельскай вобласці працавала 560 дзённых агульнаадукацыйных устаноў. У іх вучылася 160,7 тысячы чалавек. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі (школы, гімназіі, ліцэі і інш.) адукацыйны працэс у 2020/2021 навучальным годзе забяспечвалі амаль 18 тысяч настаўнікаў. 

У сярэднім у Гомельскай вобласці на аднаго настаўніка ў 2020/2021 навучальным годзе прыходзілася 9 вучняў. Максімальная колькасць адзначалася ў Гомелі і Жлобінскім раёне (11 вучняў), мінімальная — у Лоеўскім, Кармянскім і Чачэрскім раёнах (5 вучняў). 

Сярод педагагічных работнікаў агульнай сярэдняй адукацыйнай сістэмы амаль 48% настаўнікаў з вышэйшай катэгорыяй, звыш 30% — з першай катэгорыяй, 0,3% — настаўнікі-метадысты. 

Актыўна ў адукацыйным працэсе настаўнікі выкарыстоўваюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі: звыш 91% настаўнікаў дзённых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі выкарыстоўваюць у сваёй рабоце камп’ютарныя тэхналогіі. 

Летась ва ўстановы вышэйшай адукацыі Гомельскай вобласці на навучанне па спецыяльнасцях “Педагогіка”, “Педагогіка. Прафесійная адукацыя” прынята 887 студэнтаў, выпушчана 868 спецыялістаў. Ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі на навучанне па спецыяльнасці “Педагогіка” прынята 437 чалавек, выпушчаны 391.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.