15 красавіка ў Слуцкім ПТК перапрацоўчай прамысловасці прадстаўнікі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў узнагароджвалі навучэнцаў Мінскай вобласці, якія сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд і конкурсаў. У гэтай знамянальнай падзеі прынялі ўдзел старшыня савета фонду, рэктар БДУ, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар С.У.Абламейка, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, навучэнцы і педагогі.
Калі б можна было вымераць узровень канцэнтрацыі інтэлекту на адзін квадратны метр, то ў адной з навучальных устаноў Слуцка ў гэты дзень ён зашкальваў. Дзіва што, уся маладая інтэлектуальная эліта Міншчыны сабралася ў Слуцкім прафесійна-тэхнічным каледжы перапрацоўчай прамысловасці на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджання спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Гэты каледж і без таго лічыцца адной з лепшых устаноў краіны, дзе якасць навучання дасягнула самай высокай планкі. Педагогі і навучэнцы гэтага каледжа з’яўляюцца прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў прафесійнага майстэрства, аглядаў мастацкай і тэхнічнай творчасці, спартыўных спаборніцтваў. Многія з іх сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Гэта ўстанова занесена на Рэспубліканскую дошку гонару ў сферы адукацыі, а дырэктар каледжа Барыс Браніслававіч Блахін уключаны ў склад савета спецыяльнага фонду.
На першы погляд такія амбіцыйныя і ганарлівыя, але разам з тым такія сціплыя і сарамлівыя віноўнікі ўрачыстасці хваляваліся як першы раз, хаця для многіх такое мерапрыемства стала звыклай справай.
Мікіта Бокшыц — шматразовы ўдзельнік алімпіяд па біялогіі самага высокага ўзроўню і ніводнага разу не вярнуўся без узнагароды. Мікіта пабываў на спаборніцтвах у іншых краінах, а сёлета збіраецца на Міжнародную алімпіяду па біялогіі. Цяпер хлопец вучыцца ў выпускным класе сярэдняй школы № 3 Любані.
— Не магу сказаць, што біялогія мяне адразу зацікавіла, — расказвае Мікіта. — Я пазнаваў гэты прадмет паступова, і з кожным годам ён мяне ўсё больш і больш захапляў. Калі мой інтарэс выйшаў ужо за рамкі вучэбнай праграмы, то я пачаў вывучаць біялогію больш глыбока, дасканала, каб мець грунтоўныя веды ў гэтай сферы. У першую чаргу гэта заслуга маёй настаўніцы Алы Леанідаўны, якая абудзіла і развіла ў мяне цікавасць да свайго прадмета і такім чынам вызначыла мой далейшы шлях. Менавіта тая першая раённая алімпіяда па біялогіі, на якую накіравала мяне мая настаўніца, і стала маёй першай прыступкай ва ўдасканаленні гэтага прадмета.
Цяпер хлопец засвойвае новыя тэмы па біялогіі праз вучэбную і папулярную літаратуру, частка якой выдаецца толькі на англійскай мове. Каб чытаць гэтыя кнігі ў арыгінале, Мікіта паралельна авалодвае замежнай мовай. Сёлета Мікіта збіраецца паступаць у БДУ на біялагічны факультэт і спадзяецца ў далейшым прысвяціць сябе навуковым даследаванням у біялогіі.
Браты Мікіта і Уладзіслаў Сазановічы прыехалі на ўрачыстасць са Стоўбцаў. Яны вучацца ў сярэдняй школе № 3, Мікіта — у 10 класе, а Уладзіслаў — у 11-м. Яны захапіліся інфарматыкай яшчэ ў 5 класе, калі сталі наведваць школу юных інтэлектуалаў, якую стварыў настаўнік інфарматыкі Уладзімір Сяргеевіч Радзівон. Абодва хлопцы неаднаразова перамагалі на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах па інфарматыцы. А нядаўна яны ўдзельнічалі ў расійскім спаборніцтве юных праграмістаў у Маскве і прывезлі ўзнагароды. Але ў іх скарбонцы яшчэ ёсць месца для новых узнагарод. На гэта разлічвае Мікіта, які сёлета збіраецца перамагчы на Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы. А Уладзіслаў ужо заняты паступленнем у вышэйшую навучальную ўстанову. Выбар хлопец спыніў на БДУ.
— Сістэма работы з адоранымі навучэнцамі ў нашым раёне склалася ўжо даўно і з кожным годам удасканальваецца, — расказвае Людміла Мар’янаўна Стонька, галоўны спецыяліст Стаўбцоўскага аддзела адукацыі, спорту і турызму. — У нас раённы алімпіядны рух пачынаецца з 4 класа, а затым працягваецца сярод вучняў 5—8 і 9—11 класаў. Да гэтай работы мы актыўна далучаем установы вышэйшай адукацыі, цесна працуем з многімі ўніверсітэцкімі кафедрамі, з канкурэнтнымі выкладчыкамі. Штогод нашы навучэнцы становяцца прызёрамі і пераможцамі абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, у асноўным па інфарматыцы, беларускай мове і літаратуры, па якіх утрымліваюць лідарства ўжо больш за пяць 5 гадоў.
Людміла Мар’янаўна расказала, што У.С.Радзівон — выдатны педагог, якому нядаўна быў уручаны медаль Францыска Скарыны, у школе юных інтэлектуалаў стварыў сваю сістэму падрыхтоўкі навучэнцаў да алімпіяд, якая дала выдатныя вынікі. Многія яго выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі спаборніцтваў самага высокага ўзроўню, як, напрыклад, Раман Удавічэнка.
Маюць свае перамогі ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры і вучні Заямнаўскай сярэдняй школы. Напрыклад, Надзея Кухарчык другі год перамагае на рэспубліканскай алімпіядзе. Навучэнцы ўстаноў адукацыі Стаўбцоўшчыны таксама прымаюць удзел у алімпіядах рэспубліканскага ўзроўню па біялогіі, матэматыцы і іншых прадметах і маюць пэўныя дасягненні.
— Для Міншчыны такое ганаровае ўшанаванне нашай інтэлектуальнай эліты стала традыцыяй, — паведамляе Галіна Мікалаеўна Казак. — За апошнія гады сотні нашых выхаванцаў сталі лаўрэатамі прэзідэнцкага фонду, і з кожным годам іх колькасць павялічваецца. У банку даных адораных навучэнцаў Міншчыны налічваецца больш за 40 тысяч прозвішчаў. Такога высокага паказчыка ўдаецца дасягнуць дзякуючы стварэнню самых спрыяльных умоў для развіцця здольнасцей дзяцей і падлеткаў вобласці.
У першую чаргу гэта стварэнне ўстаноў новага тыпу. Цяпер у рэгіёне функцыянуюць 37 гімназій, 4 агульнаадукацыйныя ліцэі. 10 гадоў назад быў адкрыты Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй, дзе, па сутнасці, фарміруецца навучэнская эліта. Кожны год значная частка ўдзельнікаў прадметных алімпіяд усіх узроўняў — навучэнцы гэтага ліцэя.
— Сёння нашы дзеці маюць усе магчымасці развіваць свае таленты, працавітасць, ініцыятыву, мэтанакіраванасць, — заяўляе Галіна Мікалаеўна. — Для гэтага мы распачалі сваю работу яшчэ з дзіцячага садка. Як вядома, у нашай вобласці зарадзіўся фестываль юных даследчыкаў, які ўжо чацвёрты раз праводзіцца сярод выхаванцаў дашкольных устаноў і навучэнцаў малодшых класаў. Сталі папулярнымі сярод школьнікаў інтэлектуальныя турніры і конкурсы, навукова-даследчыя канферэнцыі і шэраг іншых мерапрыемстваў, якія, безумоўна, спрыяюць развіццю інтэлектуальнага ўзроўню нашых вучняў, іх імкненню ўдасканальваць свае веды ў той ці іншай галіне. З мэтай павысіць матывацыю ў развіцці інтэлектуальнага патэнцыялу аблвыканкам заснаваў спецыяльныя прэміі для пераможцаў прадметных алімпіяд, навучэнцаў прафтэхустаноў, якія перамаглі ў конкурсах прафесійнага майстэрства, і іх педагогаў.
Матэрыяльнае і сацыяльнае стымуляванне інтэлектуальнай і творчай дзейнасці навучэнцаў з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў дзейнасці і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За 18 гадоў існавання гэтага фонду атрымалі фінансавую падтрымку больш за 28 тысяч навучэнцаў, студэнтаў, педагогаў. У мінулым годзе да ўзнагарод былі прадстаўлены амаль 2,5 тысячы навучэнцаў, якім была аказана матэрыяльная падтрымка на суму 5 млрд рублёў. З мэтай эфектыўнага выкарыстання інтэлектуальнага патэнцыялу адоранай моладзі, аказання дапамогі ў яе прафесійнай дзейнасці ў 2005 годзе быў створаны банк адораных маладых людзей, у якім на сённяшні дзень знаходзіцца 5713 чалавек.
Наша краіна падтрымлівае адораных, ініцыятыўных, працавітых маладых людзей не толькі матэрыяльна, але і аказвае ім сацыяльную падтрымку. Так, у прыватнасці, лаўрэаты спецыяльнага фонду маюць права на атрыманне льготнага крэдыту на будаўніцтва жылля. Асобам, якія ўключаны ў банк даных адоранай моладзі, прадастаўлена права пазачарговага атрымання месца ў інтэрнаце і першачарговага размеркавання. Маладым спецыялістам, уключаным у гэты банк, устаноўлена павышэнне тарыфных ставак акладаў на 50%. Усе гэтыя захады дазваляюць адчуць моладзі яшчэ большую ўпэўненасць перад уступленнем у дарослае самастойнае жыццё.
— Галоўным багаццем любой нацыі прынята лічыць інтэлектуальны патэнцыял, — адзначае С.У.Абламейка. — Асабліва гэта важна для нашай краіны, якая не мае багатых прыродных рэсурсаў, і галоўнай крыніцай яе паспяховага развіцця з’яўляецца чалавечы рэсурс. Аснову яго складае адораная моладзь, здольная вырашаць складаныя эканамічныя і сацыяльныя задачы. Таму стаўка робіцца на выяўленне і падтрымку таленавітых, мэтанакіраваных маладых людзей, стварэнне ўмоў для іх прафесійнага станаўлення і кар’ернага росту. Перамогі нашых навучэнцаў на міжнародных алімпіядах, конкурсах, турнірах пацвярджаюць якасць нашай адукацыі і высокі прафесіяналізм педагогаў.
Ала КЛЮЙКО.