STEAM-справаздача

На творчай справаздачы “Выхаваўчая прастора ўстановы як складнік выхаваўчай прасторы рэгіёна” была прадстаўлена сістэма работы Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Мерапрыемства праходзіла ў форме STEAM-справаздачы. Сёння развіццё STEAM — адзін з асноўных трэндаў у сусветнай адукацыі. На першы погляд, абрэвіятура здаецца складанай, але, калі разабрацца, то ўсё вельмі проста: S — science, T — technology, E — engineering, A — art, M — mathematics, альбо: натуральныя навукі, тэхналогія, інжынернае мастацтва, творчасць, матэматыка. Кажучы простай мовай: дысцыпліны, якія становяцца самымі запатрабаванымі ў сучасным свеце. Месца, дзе праводзяцца заняткі па дадзенай методыцы, можна лаканічна назваць гурткамі тэхнічнай творчасці для дзяцей.

Творчая справаздача пачалася з прэзентацыі дасягненняў навучэнцаў Ваўкавыскага раённага ЦТТДіМ. У холе была аформлена выстава метадычных распрацовак педагогаў цэнтра і персанальная выстава ваеннай тэхнікі “Ад тачанкі да ракеты” педагога дадатковай адукацыі У.З.Севашэвіча.

Творчая STEAM-справаздача ўключала ў сябе STEAM-даклад і STEAM-лабараторыі.

Дырэктар цэнтра М.А.Гусак прадставіла актуальную інфармацыю аб выхаваўчай прасторы цэнтра, а намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце І.Ф.Любатынская расказала аб рэалізацыі праграмы выхавання.

Практычная частка STEAM-справаздачы была прадстаўлена ў выглядзе STEAM-лабараторый. У лабараторыі STEAM-start госці маглі назіраць, як прымяняюцца STEAM-тэхналогіі пры вырабе ракеты на занятках гуртка “Пачатковае тэхнічнае мадэляванне” (педагог дадатковай адукацыі А.С.Гародчанка).

У рамках лабараторыі STEAM-IT быў прадстаўлены “Мультымедыйны інтэрактыў” на занятках гуртка “Займальная інфарматыка”, сюжэтна-ролевая гульня “Адважныя ратавальнікі”, дзе хлопцы з гуртка “Робататэхніка” пабывалі ў ролі ратавальнікаў і пры дапамозе сабранай лега-тэхнікі ратавалі людзей. Педагог дадатковай адукацыі Р.А.Папоў падзяліўся вопытам работы па выкарыстанні STEAM-тэхналогій на занятках гурткоў “Сістэмнае адміністраванне” і “Робататэхніка і электроніка”.

У лабараторыі STEAM-kids была прэзентавана работа аздараўленчага лагера “Сакрэтная акадэмія новага пакалення” і праведзена з дзецьмі інтэрактыўная гульня “Мы разам”.

Далей усе перамясціліся ў лабараторыю WEB-дызайну, дзе прысутныя ўбачылі майстар-клас па стварэнні старонкі сайта і была прадстаўлена праграма гуртка, які плануецца адкрыць ва ўсіх школах горада.

І напрыканцы STEAM-справаздачы ў лабараторыі STEAM-art гасцям цэнтра быў прадстаўлены фотарэпартаж з месца падзей “Як гэта было…”.

Падвядзенне вынікаў STEAM-справаздачы адбылося ў форме квілту, дзе кожны прысутны змог выказаць сваё меркаванне і пакінуць пажаданне педагагічным работнікам Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Таццяна ДОЎКША,
метадыст Ваўкавыскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.