STEM-адукацыя для школьнікаў

- 14:21Навіны рэгіёнаў

Трансляцыя вопыту STEM-адукацыі і міжнароднага супрацоўніцтва — такой была мэта адкрытай абласной навукова-практычнай канферэнцыі “IT-гісторыі беларусаў аб адукацыі ў Еўропе”, якая прайшла ў канцы мая ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.

Пачатак мерапрыемству паклала справаздача загадчыка аддзела камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання Палаца творчасці С.Б.Скакун аб адукацыйнай паездцы ў Вялікабрытанію. Намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны А.Л.Самафалаў расказаў аб STEM-адукацыі школьнікаў у ГДУ. Цікавай была дыскусія “Спазніліся на 3 гады?”, арганізаваная праз Skype студэнткай University of Leeds, School of Education Аленай Мельчанка, якая зараз вучыцца ў Англіі па праграме Master of Arts in Education. Удзельнікі канферэнцыі выказвалі свае меркаванні аб магчымасці і неабходнасці вядзення падобнай адукацыі ў Беларусі.

На мерапрыемстве таксама выступілі педагогі дадатковай адукацыі Абласнога палаца творчасці і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля, прадстаўнік Бранскага абласнога губернатарскага палаца дзіцячай і юнацкай творчасці імя Ю.А.Гагарына падзялілася вопытам арганізацыі пры ўстанове дадатковай адукацыі дзіцячага IТ-тэхнапарка. Настаўнік англійскай мовы настаўнік-метадыст сярэдняй школы № 37 Гомеля В.У.Пятроўскі прадэманстраваў робата Meccanoid 2.0, якога ён выкарыстоўвае на сваіх уроках.

Можна з упэўненасцю рабіць высновы, што развіццё IT-адукацыі для падрастаючага пакалення спрыяе не толькі наладжванню новых кантактаў сярод педагагічных работнікаў, павелічэнню колькасці адукацыйных мерапрыемстваў, але і бурнаму развіццю новых педагагічных ініцыятыў.

Наталля ЛУТЧАНКА.