STEM-адукацыя: веды, практыка, перспектывы

- 11:01Адукацыйная прастора

Рэгіянальны цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі, створаны і абсталяваны пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій і кампаніі-рэзідэнта ПВТ Easybrain, працуе ў Віцебскім абласным інстытуце развіцця адукацыі з лютага бягучага года. Сёння педагогам вобласці ён вядомы як запатрабаваная пляцоўка для навучання, актыўных камунікацый, абмену вопытам, рэфлексіі, новых пошукаў. На гэтай платформе канцэнтруюцца для наступнага вывучэння і прымянення ў адукацыйным працэсе новыя распрацоўкі, мадэлі і ўзоры. Цэнтр навучае і абагульняе, накіроўвае работу настаўнікаў і выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі.

— Актыўная эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць педагогаў Віцебшчыны фарміруе павышаную зацікаўленасць у навучанні сучасным адукацыйным тэхналогіям, — расказала метадыст Цэнтра педагагічных ініцыятыў у рабоце з інтэлектуальна адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі ВАІРА Вольга Лазінская. — Запыт на новыя веды, эфектыўны педагагічны вопыт пастаянна расце, што і абумовіла выбар абласнога інстытута развіцця адукацыі ў якасці адукацыйнай пляцоўкі. Рэгіянальны цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі падтрымлівае праект­ную культуру, робіць апору на практыку і DIY-падыход (мейкерства), папулярызуе тэхналогію перавернутага навучання, выкарыстанне Web 2 сэрвісаў у адукацыі. Мы нацэлены на навучанне педагагічных работнікаў, уключэнне іх ў сеткі і супольнасці, што практыкуюць STEM-адукацыю, распрацоўку і трансляцыю новых методык і метадычных матэрыялаў. У рабоце чатырох нашых лакацый (“STEM-адукацыя — сучасная педагагічная тэхналогія”, “Інфарматыка без разеткі”, “Вывучэнне  асаблівасцей моў праграмавання”, “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch і на мікракамп’ютары Micro: bit”) ярка выяўлены кірунак на асваенне педагогамі праграмавання і методык навучання на розных узроўнях: ад дашкольнай адукацыі да падрыхтоўкі навучэнцаў да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, турнірах, алімпіядах.

Адзін з ключавых напрамкаў дзейнасці цэнтра — арганізацыя і правядзенне семінараў, майстар-класаў, навучальных курсаў, круглых сталоў, сустрэч з тымі вопытнымі педагогамі, хто мае цікавыя распрацоўкі і паспяхова ўкараняе STEM-тэхналогіі ў адукацыйны працэс. Удзельнікі майстар-класаў не толькі прысутнічаюць на STEM-уроках у ролі навучэнцаў, але і атрымліваюць вопыт самастойнай распрацоўкі STEM-заняткаў. Як паведаміла Вольга Лазінская, за час работы Цэнтра было праведзена пяць тэматычных семінараў “STEM-адукацыя ў сучаснай школе”. Так, на стартавым семінары, дзе ўдзель­нічалі настаўнікі незалежна ад прадметаў, якія яны выклада­юць, разглядаліся адукацыйныя тэндэнцыі ў Беларусі і за мяжой, вынікі нацыянальнага даследавання “STEAM-падыход у навучанні”, а ў ходзе практычнай работы ў групах распрацоўваўся дызайн школьнага STEM-праекта. На другім семінары настаўнікі, якія выкладаюць гуманітарны цыкл школьных прадметаў, бліжэй пазнаёміліся са STEМ-падыходам з улікам спецыфікі выкладання і паўдзельнічалі ў майстар-класе па рэалізацыі тэхналогіі перавернутага навучання. Запрашэнне на наступны семінар атрымалі настаўнікі прадметаў фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага цыклаў. Педагогі даведаліся, якое развіццё атрымала ў Беларусі і як выкарыстоўваецца канцэпцыя STEM-падыходу, прычым драйверам напрамку стала развіццё робататэхнікі і праграмавання: удзельнікі семінара стварылі робата і запраграмавалі яго. Падчас рэфлексіі актуальнасць атрыманых ведаў разам з настаўнікамі інфарматыкі і матэматыкі высока ацанілі іх калегі-біёлагі, якія асобна вылучылі перспектывы выкарыстання камп’ютара Micro: bit у вывучэнні прадмета. У верасні адбыўся семінар для настаўнікаў хіміі і біялогіі, геаграфіі і фізікі, у якасці спікераў выступілі прадстаўнікі БДПУ імя Максіма Танка. Вядучымі тэмамі абмеркавання сталі STEM-урок, магчымасці прымянення новых форм і тэхналогій навучання і выхавання, тэндэнцыі развіцця адукацыйных сістэм, ключавыя характарыстыкі STEM-падыходу ў адукацыі, а таксама інтэгратыўны падыход як тэарэтычная аснова рэалізацыі STEM-адукацыі, мадэлі STEM-інтэграцыі, шляхі інклюзіі STEM-падыходу ў адукацыйную прастору і рэсурсы для яго рэалізацыі ў адукацыі. Настаўнікі працавалі ў групах, мадэлявалі ўласныя адукацыйныя STEM-праекты і прадстаўлялі іх для наступнага абмеркавання апанентамі-калегамі. Акрамя таго, былі арганізаваны лабараторныя практыкумы “Распрацоўка мадэлі STEM-адукацыі” і “Green STEM-падыход як а­дзін з кірункаў рэалізацыі STEM-падыходу ў адукацыі” і практыкум па выкарыстанні інавацыйнага аднаплатнага камп’ютара BBC micro: bit для дэманстрацыі магчымасцей лічбавых інструментаў і сучасных адукацыйных тэхналогій у галіне STEM на ўроках хіміі, біялогіі і фізікі. Учора ў рэжыме анлайн прайшоў тэматычны семінар для настаўнікаў пачатковых класаў. Праграма семінара прадугледжвала вывучэнне адукацыйнага асяроддзя STEM як поля прымянення міждысцыплінарнага і прыкладнога падыходаў у навучанні, заснаваных на інтэграцыі вучэбных прадметаў у адзіную схему навучання, і вопыту адукацыйных STEM-праектаў як сродку фарміравання ключавых кампетэнцый навучэнцаў. Семінар уключаў прэзентацыі літаратурных STEM-праектаў, знаёмства з тэхналогіямі фарміравання лічбавых навыкаў малодшых школьнікаў пры рэалізацыі STEM-квеста і стварэння адукацыйных кве­стаў на платформах learnis.ru і genial.ly.

— Не менш важнае значэнне мае лакацыя “Інфарматыка без разеткі”, — адзначыла Вольга Васільеўна. — Фарміраванне алгарытмічнага мыслення — неабходнага складніку дасведчанасці заўтрашняга спецыяліста — трэба пачынаць як мага раней. З улікам узроставых асаблівасцей работа за камп’ютарам на працягу доўгага часу для выхаванцаў дашкольных устаноў непажаданая. Але вывучаць інфарматыку, яе базавыя паняцці, аперацыі з імі, асноўныя алгарытмічныя канструкцыі можна і без камп’ютара — з дапамогай простых канструктараў, рэбусаў, навучальных гульняў. На базе нашага цэнтра пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій стартаваў абласны творчы праект “Інфарматыка без разеткі”, да якога далучыліся выхавальнікі з амаль 30 дзіцячых дашкольных устаноў вобласці. На маю думку, менавіта ў дадзеным праекце ярка выяўлены асноўныя ідэі STEM-падыходу ў навучанні. Разам з тым пераемнасць — галоўная пазіцыя сучаснай адукацыі, і гэтую пераемнасць паміж дашкольнай установай адукацыі і малодшай школай вызначае трэцяя лакацыя цэнтра: “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch і на мікракамп’ютары Micro: bit”. З мэтай удасканалення работы з высокаматываванымі навучэнцамі, якія праявілі цікавасць да праграмавання і ўдзелу ў алімпіядным руху, працуе лакацыя для настаўнікаў па вывучэнні асаблівасцей моў праграмавання. Даследаванню магчымасцей мовы С++ прысвечана серыя навучальных семінараў-практыкумаў. Іх асаблівасць у тым, што мова не разглядаецца як асобная адзінка: дасведчаны выкладчык дае веды ў рамках пераходу з мовы праграмавання Pascal, якая вывучаецца ў рамках школьнай праграмы, на мову праграмавання С++. На практычных занятках разбіраюцца розныя падыходы да рашэння задач, аналізуюцца гатовыя рашэнні і прапануецца серыя заданняў да самастойнай работы ад простых да задач алімпіяднага ўзроўню, з абавязковым наступным аналізам. Каштоўнасць падобных заняткаў заключаецца ў тым, што, акрамя навыкаў рашэння алгарытмічных задач, настаўнікам прапануецца і методыка навучання мовам праграмавання. У перспектыве мы плануем падобнае навучанне і па шэрагу іншых моў праграмавання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі.