Сто дзён да даросласці

Пад гукі паланэза ў суправаджэнні світы перад гасцямі ўрачыста з’яўвілася гаспадыня балю…

Менавіта так распачыналіся балі ў каралеўскіх палацах ці шляхецкіх замках. Калісьці яны былі значнай падзеяй у жыцці тагачасных дам і кавалераў. Да першага балю рыхтаваліся вельмі сур’ёзна: шылі сукенкі, развучвалі танцы, удасканальвалі манеры і ўменні весці свецкую гутарку. Баль з’яўляўся ў самых смелых марах, у марах аб даросласці.

Мінула шмат часу з той пары, але традыцыя ўступаць у дарослае жыццё пад гукі паланэза жыве ў сярэдняй школе № 36 з польскай мовай навучання Гродна. Ужо шаснаццаты баль, які называецца стаднёўкай, адгрымеў для будучых выпускнікоў. Канешне, з сівой даўніной сучасных дам і кавалераў звязвае няшмат, хаця яны гэтак жа старанна адточваюць танцавальныя рухі. Стаднёўка мае свае адметныя традыцыі і забабоны, якіх прытрымліваюцца ўсе пакаленні адзінаццацікласнікаў. Спалучэнне белю і чырвані — першае, што прыцягвае ўвагу. Галоўныя колеры балю сімвалічныя і падкрэсліваюць урачысты, узнёслы настрой свята, чысціню і жыццярадаснасць маладосці. Гавораць, па тым, як маладыя людзі правядуць стаднёўку, можна прадказаць, якія адзнакі атрымаюць на экзаменах. Таму трэба не толькі весяліцца, але і абавязкова апрануць штосьці чырвонае, штосьці пазычанае, а яшчэ не мяняць туфлі і касцюм, не абразаць валасы да экзаменаў. Ці верыць у гэтыя забабоны ці не, кожны вырашае сам.

Праграма першага ў жыцці будучых выпускнікоў дарослага балю заўсёды насычаная: абавязковае відэа (накшталт трэйлера да фільма), песні, сцэнкі са школьнага жыцця, віншаванні і кветкі для настаўнікаў, словы ўдзячнасці для любімых бацькоў, зялёныя канюшынкі з пажаданнямі — сімвалы шчасця і поспеху на экзаменах. І, канешне, найпрыгажэйшы пункт, без якога не абыходзіцца стаднёўка, – паланэз. Ён заўсёды суправаджаецца радкамі з паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, што яшчэ больш падкрэслівае сувязь часоў, пакаленняў, культур. І вось пачаўся сімвалічны адлік да экзаменаў. Далей — толькі даросласць.

Вольга ПЕРАГІНЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
сярэдняй школы № 36 Гродна з польскай мовай навучання.