Сто крокаў да Алімпу

- 11:46Нам пішуць

Выхаванцы 32 устаноў дашкольнай адукацыі Ленінскага раёна Гродна ўзялі ўдзел у спартыўным мерапрыемстве “Дашкаліяда “100 крокаў да Алімпу”.

Свята адбылося на базе Гродзенскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 3. Гэтае спартыўнае мерапрыемства ладзіцца другі год з мэтай прыцягнення дзяцей і іх бацькоў да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай. Галоўная задача спаборніцтваў — фарміраваць навыкі здаровага ладу жыцця, выхоўваць устойлівую цікавасць да патрэбы ў рухальнай дзейнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту.

Усяго было арганізавана 10 каманд, якія па чарзе выконвалі розныя віды спартыўных практыкаванняў. Падчас усяго мерапрыемства з дзецьмі працавалі трэнеры СДЮШАР № 3 і казачныя персанажы, якія падарылі шмат радасці і весялосці ўсім прысутным.

За лепшы вынік у спартыўных спаборніцтваў каманды ўзнагароджаны дыпломамі: за 1-е месца — яслі-сад № 101 Гродна (кіраўнік фізічнага выхавання Таццяна Віктараўна Якубеня), за 2-е месца — яслі-сад № 9 Гродна (кіраўнік фізічнага выхавання Ірына Іванаўна Барыс), за 3-е месца — яслі-сад № 104 Гродна (кіраўнік фізічнага выхавання Галіна Мікалаеўна Вараб’ёва).

Таксама ўсе ўдзельнікі былі адзначаны медалямі за старанне і актыўны ўдзел у спартыўным мерапрыемстве.

Ларыса ВАСЮКЕВІЧ,
метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Ленінскага раёна Гродна.