Сто прэмій — лепшым сталічным навучэнцам

Днямі ў Мінскім гарадскім палацы культуры адбылося ўручэнне прэмій Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання прынялі ўдзел старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Кіндзірэнка, старшыня Мінгарсавета дэпутатаў Васіль Панасюк і інш.

Васіль Панасюк падзякаваў школьнікам за актыўную жыццёвую пазіцыю, бо яны ўдзельнічаюць у вялікай колькасці інтэлектуальных, творчых і спартыўных мерапрыемстваў. “Тым самым вы прама, а не ўскосна, падымаеце прэстыж нашай дзяржавы ў свеце. Гэта традыцыйнае мерапрыемства — элемент падтрымкі таленавітай моладзі”, — адзначыў ён, звяртаючыся да маладых людзей.

Васіль Панасюк заўважыў, што не зайздросціць камісіі, якая вырашае, каго ўзнагародзіць, бо адораных дзяцей значна больш, і выказаў прапанову павялічыць колькасць узнагарод. Старшыня Мінгарсавета ўручыў прэміі таленавітым вучням.

Прэміі ў памеры пяці базавых велічынь (122,5 рубля) атрымалі 100 лепшых сталічных школьнікаў — навучэнцы, якія сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, конкурсаў, канферэнцый, турніраў, спартыўных спаборніцтваў, а таксама дзеці з творчымі дасягненнямі ў розных галінах мастацтва.

Як расказалі ў камітэце па адукацыі, прэміі Мінскага гарсавета дэпутатаў уручаюцца з 1997 года. Кандыдатамі з’яўляюцца вучні 8—11 класаў, вылучаюць кандыдатуры педагагічныя калектывы, упраўленні адукацыі адміністрацый раёнаў, камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Сёлета за дасягненні ў спартыўных спаборніцтвах узнагароджаны 12 навучэнцаў, за высокія вынікі ў творчай дзейнасці — 16 навучэнцаў, за поспехі на алімпіядах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню — 72 чалавекі. Практыка фінансавай падтрымкі школьнікаў садзейнічае дасягненню імі найлепшых вынікаў на інтэлектуальных, спартыўных, творчых спаборніцтвах рознага ўзроўню.

Таксама на цырымоніі ўганаравалі каманду навучэнцаў, якая прадстаўляла Мінск на ІІІ Міжнароднай алімпіядзе мегаполісаў у Маскве ў верасні і заняла 2-е месца. Старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Марыя Кіндзірэнка ўручыла падзякі кожнаму ўдзельніку каманды на чале з яе кіраўніком начальнікам аддзела прыродазнаўча-матэматычных і тэхнічных дысцыплін МГІРА Аляксандрам Зыкам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.