Сто задач пра родны край

Кожнаму цікаўнаму і адукаванаму чалавеку неабыякавы звесткі пра тыя мясціны, дзе ён нарадзіўся, жыве, пра людзей, якія праславілі край, пра іх справы і лёсы і, такім чынам, пра славутасці, памятныя месцы і падзеі гэтай мясцовасці. Тэкставая задача, складзеная на аснове мясцова-лікавага матэрыялу, дазваляе зацікавіць дзяцей, зрабіць навучанне матэматыцы змястоўным і цікавым. Калі навучэнцы будуць рашаць задачы, звязаныя з прыроднымі аб’ектамі свайго рэгіёна, гэта павысіць іх цікавасць да вывучэння матэматыкі, пазнання новага. Зыходзячы з вышэйсказанага, мной і навучэнкай 11 класа Настассяй Янковіч быў задуманы зборнік задач для вучняў 5 класа.

Гэта не толькі сапраўды жыццёвыя задачы, але і слайды (фотаздымкі), якія дапаўняюць задачу і дазваляюць падаць сітуацыю, якая апісваецца ў ёй. Слайды прысвечаны аграгарадку Сялец Бярозаўскага раёна.  Рашаючы задачы з выкарыстаннем рэгіянальнага кампанента, вучні не толькі засвойваюць формулы, але і папаўняюць веды аб прыродзе роднага краю, яго гісторыі. Вось таму краязнаўчы матэ­рыял трэба сістэматычна ўклю­чыць у вывучэнне розных прадметаў і ў пазакласную работу. Пазнавальны краязнаўчы матэрыял, такі як працягласць рэк мясцовага характару, плошчы тэрыторый, гісторыя аграгарадка і г.д., дае магчы­масць дапоўніць задачы падручніка сваімі тэрытарыяльнымі ўмовамі пры вывучэнні новага матэрыялу і пры яго замацаванні. У слайд-зборніку прадстаўлена 100 задач рознай тэматыкі: гістарычныя, краязнаўчыя, прафарыентацыйныя. Усе задачы практыка-арыентаваныя. Прапануем увазе чытачоў некаторыя з іх.

  • Наша возера выдатна падыходзіць для рыбалкі. Мясцовы рыбалоў за дзень злавіў 37 рыб: шчупакоў, карасёў і акунёў. Акунёў было на 13 больш, чым шчупакоў, а карасёў і акунёў разам — 29 штук. Колькі рыб кожнага віду злавіў рыбалоў?
  • Прамавугольнае поле на прышкольным участку мае даўжыню 27 м, а яго шырыня ў 9 разоў меншая за даўжыню. Знайдзіце перыметр поля для пасадкі цыбулі.
  • Цэлае лета вы і іншыя дзеці працавалі на прышкольным участку і вырасцілі вельмі добры ўраджай агародніны. Было вырашана прадаць 35 кг буракоў, морк­вы — на 10 кг больш, чым буракоў, цыбулі — у 5 разоў менш, чым буракоў, а бульбы — на 9 кг менш, чым морквы і цыбулі разам. Колькі ўсяго агародніны прадалі?
  • Для перавозкі саломы ў нашай гаспадарцы выкарыстоўваюць трактар “Беларус МТЗ-82”. Ён перавозіць 12 рулонаў па 350 кг кожны. Колькі кілаграмаў саломы перавязе трактар за 2 рэйсы?
  • Рэйсавы аўтобус адправіўся з Сяльца ў Бярозу. На прыпынку Селаўшчына выйшлі 6 пасажыраў, а ўвайшлі 11. Наступны прыпынак — Ліцэй. Тут выйшлі 8, а ўвайшлі 9 пасажыраў. Колькі пасажыраў стала ў аўтобусе, калі з Сяльца ехалі 24 пасажыры?
  • Вы стаіце на галоўнай вуліцы нашага аграгарадка — вуліцы 1 Мая. Насупраць вас — дом № 27. Колькі дамоў на гэтым баку трэба прайсці, каб дайсці да дома, нумар якога ў 5 разоў большы?
  • Упершыню Сялец згадваецца ў грамаце вялікага князя Вітаўта ў 1397 годзе. Колькі гадоў Сяльцу?
  • У 1997 годзе на паўночным беразе Сялецкага вадасховішча быў утвораны біялагічны заказнік “Буслаўка”. Запішыце лік 1997 у выглядзе сумы разрадных складаемых.
  • Запішыце лік, прадстаўлены ў выглядзе сумы разрадных складаемых, і вы даведаецеся пра год пабудовы касцёла Святога Аляксея:
  • 1х103 + 9х102 + 1х10 + 2 = ?
  • У 1931 годзе жыхары Сяльца сабралі 560 залатых, каб набыць вялікі звон для Свята-Успенскай царквы. Раскладзіце лік 560 на простыя множнікі.
  •  Зрабіце неабходныя вымярэнні і вылічыце аб’ём нашага класа.
  • Загараджальная дамба Сялецкага вадасховішча мае даўжыню 15 км. Выразіце яе ў: а) метрах; б) дэцыметрах.
  • Сучасны будынак школы быў пабудаваны ў 1981 годзе. Акругліце гэты лік да: а) дзясяткаў; б) сотняў; в) тысяч.
  • Упершыню Сялец згадваецца ў грамаце вялікага князя Вітаўта ў 1397 годзе. Запішыце лік 1397 у выглядзе сумы разрадных складаемых.
  • Глазураваны сырок, выраблены на Бярозаўскім сыраробным камбінаце, каштуе 32 капеек. Колькі сыркоў можна купіць на 1 руб.? Колькі грошай застанецца?
  • Сялец быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе. Колькі гадоў з дня гэтай даты спаўняецца ў гэтым годзе?
  •  Арлан-белахвост важыць 5 кг, а шэры журавель — 7 кг. Гэтыя птушкі гняздуюцца ў заказніку “Буслаўка”. Знайдзіце найменшае агульнае кратнае гэтых лікаў.
  • Даўжыня пляцоўкі перад нашай школай у 8 разоў большая за шырыню. Знайдзіце даўжыню пляцоўкі, калі яе шырыня на 4 м меншая за даўжыню.
  • Прамавугольны ўчастак школь­нага поля мае даўжыню 36 м, а яго шырыня ў 9 разоў меншая за даўжыню. Знайдзіце перыметр участка для пасадкі морквы.
  • Рэчка Башта, што працякае за нашай школай, мае даўжыню каля 12 км. Папяровы караблік праплывае па ёй 10 м за 2 мін. За колькі часу ён мог бы праплыць усю рэчку?
  • Кожны з вас бываў на мясцовай крыніцы і набіраў ваду — вельмі чыстую і смачную. Аказваецца, што за 1 мін можна набраць 10 л вады, а за колькі часу набярэцца 100 л?
  • Знайдзіце перыметр накрыўкі стала вашай парты і выразіце яго ў міліметрах.
  • Колькі часу трэба ісці з хуткасцю 5 км/г уздоўж загара­джальнай дамбы Сялецкага вада­сховішча, калі яе даўжыня — 15 км?
  • Хуткасць веласіпедыста — 16 км/г. За які час ён прыехаў у вёс­ку Сашыцу, калі адлегласць да яе — 4 км?
  • Працягласць нашай рэчкі Башта, якая працякае непасрэдна за школай, складае каля 12 км. Мы прайшлі ўздоўж яе берага ¾ часткі. Колькі яшчэ кіламетраў засталося прайсці?
  • Плошча Сялецкага вада­сховішча каля 20 км2. Выразіце яе ў: а) м2; б) дм2.
  • Вакол нашага аграгарадка многа палёў. На адным з іх расце рапс. Плошча гэтага поля — 32 га. Які ўраджай быў атрыманы з поля пры ўраджайнасці 25 ц/га?
  • Знайдзіце сярэдняе арыфметычнае вагі яек птушак, якія гняздуюцца ў біялагічным заказніку “Буслаўка”: арлана-белахвоста — 124 г, шэрага жураўля — 190 г і чорнага бусла — 81 г.
  • На тэрыторыі нашай школы растуць розныя дрэвы. Сярод іх: бяроз — 25 дрэў, асін — 14 дрэў, елак — 9 дрэў. Пабудуйце лінейную дыяграму.
  • Знайдзіце аб’ём вады ў Сялецкім вадасховішчы, калі яго плошча — каля 20 км2, а сярэдняя глыбіня — 3 м.
  • У 1924 годзе жыхар вёскі Міхнавічы падарыў касцёлу Святога Аляксея 2 званы вагой 10 пудоў (1 пуд = 16 кг). Колькі гэта кілаграмаў?

Выкарыстанне краязнаўчага матэрыялу дае магчымасць паказаць навучэнцам прыгажосць роднага краю, паўплываць на прафесійны выбар. Такія задачы навучэнцы рашаюць за меншы час, чым звычайныя. Практыка паказала, што слайд-зборнік карыстаецца вялікім поспехам на ўроках: дзеці са здзіўленнем заўважаюць на слайдах родныя мясціны, просяць рашыць задачы яшчэ і яшчэ.

Вольга ПАЗНЯК,
настаўніца фізікі і матэматыкі
Сялецкага ясляў-сада — сярэдняй школы Бярозаўскага раёна.
Фота Настассі ЯНКОВІЧ.