Столінскія педагогі знайшлі карыснае прымяненне дзіцячым самакатам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— З надыходам лета нашы выхаванцы, нават з ясельнай групы, сталі часта прыходзіць ва ўстанову з самакатамі, — расказвае загадчыца дзіцячага сада № 2 Століна Ірына Ярашэвіч. — На першы погляд, самакат — забаўная цацка, але гэта яшчэ і ўнікальны трэнажор, просты і даступны кожнаму. Катанне на ім добра ўплывае на здароўе і фізічнае развіццё дзіцячага арганізма. Дзякуючы неабходнасці падтрымліваць раўнавагу падчас язды, у дашкольнікаў паляпшаюцца ўвага, канцэнтрацыя і вынослівасць.
З дапамогай самакатаў педагогі імкнуцца арганізаваць рухальную актыўнасць выхаванцаў у цікавай для іх форме, не забываючы пра патрабаванні вучэбнай праграмы і правілы бяспекі пры яздзе на гэтым відзе транспарту. Так, каб пазбегнуць магчымых траўм, ва ўстанове праходзіць прафілактычная акцыя “Бяспечны самакат”, падчас якой выхавальнікі разглядаюць розныя рызыкоўныя сітуацыі, што могуць узнікнуць у гарадскіх умовах пры катанні на самакаце, тлумачаць дзецям, чаму нельга катацца на ім без суправаджэння дарослых і чаму неабходна вытрымліваць пэўную дыстанцыю паміж пешаходамі і самакатчыкамі, праводзяць тэматычныя гульні, мадэлююць дарожна-транспартныя сітуацыі і нават лепяць самакаты з пластыліну.
— У сучасным свеце самакаты набываюць усё большую папулярнасць сярод дзяцей, што патрабуе павышанай увагі да гэтага з боку дарослых, якія і самі актыўна карыстаюцца электрасамакатамі, — працягвае Ірына Ярашэвіч. — Таму педагогі праводзяць прафілактычную работу і з бацькамі выхаванцаў. Яны расказваюць мамам і татам аб правілах знаходжання дзяцей на самакатах каля праезнай часткі дарогі, раздаюць памяткі з рэкамендацыямі па дарожнай бяспецы і кантролі за дзецьмі, папярэджваюць пра неабходнасць ахоўнай экіпіроўкі і тлумачаць, чаму варта час ад часу мяняць апорную нагу пры яздзе на самакаце.
Кіраўнік фізвыхавання развучвае ў гульнявой форме з дашкольнікамі розныя практыкаванні з самакатамі, накіраваныя на бяспечнае карыстанне імі. Падчас забавы “Я і мой сябар-самакат” дзеці ўдзельнічаюць у розных эстафетах і выконваюць гульнявыя заданні: правезці на самакаце мяшэчак для кідання, перадаць эстафетную палачку, штурхнуць нагой мяч на зямлі і інш. Правілы дарожнага руху хлопчыкі і дзяўчынкі замацоўваюць на пляцоўцы ДАІ, абсталяванай у дашкольнай установе.
— Тэматычныя акцыі насычаныя, займальныя, спартыўныя і карысныя. Выхаванцы не толькі паляпшаюць навыкі язды на самакаце, але і паказваюць сапраўдныя цуда-віражы, якія радуюць усіх, — падагульніла Ірына Ярашэвіч.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ