Стоп, фаст-фуд!

- 11:20Інфармацыйная гадзіна

У грамадскім транспарце Лондана з лютага 2019 года забароняць рэкламу нездаровай ежы. Рашэнне аб забароне падтрымаў мэр Лондана Садзік Хан, паведамляе брытанская газета The Guardian.

У прыватнасці, будзе забаронена рэклама большасці салодкіх напіткаў, гамбургераў, шакаладных батончыкаў і салёных арэхаў. Забарона закране лонданскую транспартную сетку Transport for London, якая ўключае метрапалітэн, усе віды наземнага гарадскога транспарту, водныя маршруты London River Services і інш.

Сеткі хуткага харчавання змогуць размяшчаць у метро рэкламу сваіх рэстаранаў толькі ў тым выпадку, калі яны папулярызуюць здаровыя прадукты харчавання, напрыклад, несалёныя арэхі, разынкі і напіткі без цукру.

Прадстаўнікі рэкламнай індустрыі раскрытыкавалі забарону рэкламы фаст-фуду ў транспарце, выказаўшы меркаванне, што яна можа пазбавіць сетку Transport for London дзясяткаў мільёнаў фунтаў даходу, у той час як транспартная сістэма сутыкнулася з фінансавым крызісам. Прадстаўнік адной з лонданскіх рэкламных кампаній падлічыў, што рэклама нездаровай ежы цяпер прыносіць сетцы Transport for London да 35 млн фунтаў стэрлінгаў у год. Брытанская тэлевізійная індустрыя таксама сутыкнулася з узмацненнем абмежаванняў на рэкламу фаст-фуду. Вяшчальнікі папярэджваюць, што гэта можа скараціць бюджэт камерцыйнай тэлевізійнай індустрыі на 200 млн фунтаў у год.

У кастрычніку даследаванні грамадскай аховы здароўя Лондана паказалі, што больш як 37 працэнтаў дзяцей ва ўзросце 10—11 гадоў маюць залішнюю вагу або пакутуюць ад атлусцення. Мэр Лондана назваў гэтую праблему бомбай запаволенага дзеяння.

Упершыню Садзік Хан заявіў у маі бягучага года пра намер абмежаваць рэкламу прадуктаў з высокай колькасцю тлушчу, цукру і солі. Канчатковае рашэнне аб забароне рэкламы шкоднай ежы ў транспарце было вынесена пасля грамадскага абмеркавання гэтага пытання з жыхарамі Лондана, пераважная большасць якіх падтрымала забарону.

Такую забарону таксама плануецца ўвесці і ў іншых рэгіёнах Вялікабрытаніі. Забароны на рэкламу фаст-фуду ўжо дзейнічаюць у шэрагу іншых гарадоў свету, у прыватнасці, Амстэрдам з пачатку бягучага года забараніў такую рэкламу ў грамадскім транспарце.