Страшна высока

Год, з якім мы вось-­вось развітаемся, для Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі аказаўся эксперыментальным. Таго, што адкрыўся новы гурток “Тэатр хадулістаў “Дзеці Гулівера” і яны вырашылі навучыць дзяцей балансаваць на хадулях, падалося мала: замахнуліся на большае — стварыць сваю школу…

Адукацыйныя эксперыменты

Марына Віктараўна Самоліна, загадчык сектара культурна-масавай работы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі і па сумяшчальніцтве ініцыятар праекта, тлумачыць:

— Гэта новы від дзейнасці не толькі для нашага цэнтра, але і для Беларусі. Цыркавы напрамак у нашай культуры сёння не развіты: у краіне няма дзе навучыцца цыркавому майстэрству, атрымаць профільную адукацыю. У нашых мэтах — рыхтаваць дзяцей з самага маленькага ўзросту, мэтанакіравана… Так, у Віцебску ёсць тэатр “Кола”, куды запрашаюць дзяцей ад 14 гадоў з добрай фізічнай падрыхтоўкай, каб рыхтаваць хадулістаў, але працуюць з падлеткамі, якія ўжо многа ўмеюць і выдатна вало­даюць сваім целам. Мы вырашылі ўзя ць за аснову іх праграму і скааперыраваліся з Віцебскім дзяржаўным каледжам культуры і мастацт­ваў, каб стварыць сваю школу і пасля узнавіць традыцыі вулічных тэатраў. Пакуль усё гэта — наш эксперымент, мы назіраем, як ідзе працэс трэніровак, як хутка дзеці ўзнімуцца на хадулі. Са студзеня будзем арганізоўваць zoom-пляцоўку па ўсёй вобласці, каб абмяркоўваць з педагогамі назапашаны вопыт і перспектывы.

Гучыць як заяўка на поспех, але для дзяцей, якія хацелі прыйсці на заняткі ў новы гурток, і іх бацькоў, усё было не так сур’ёзна. Так, быў адбор, педагогі прыблізна намецілі, з кім змогуць у перспектыве доўга і плённа працаваць. Як патлумачыла Марына Віктараўна, “харэографы любяць высокіх, акрабаты — дробных, а мы адабралі сярэдніх”. Што называецца, і нашым, і вашым. 

Страшна высока

У планах — выхаваць не проста хадулістаў, а маленькіх артыстаў, якія бу­дуць працаваць з публікай… А значыць, трэба выкладаць дзецям не толькі акрабатыку, але і акцёрскае майстэрства, і харэаграфію, і вакал.

Калі сярэднестатыстычнай маці ці баць­ку растлумачыць, што іх дзіця будзе ха­дзіць у адзін гурток, а атрымае адразу мноства ўменняў і навыкаў (танцы, гімнастыка, акрабатыка, вакал, акцёрскае майстэрства) рэакцыя будзе адназначная і зразумелая, “Хачу!”

Але з пункту гледжання педагогікі ўсё не так гладка. Хто і як будзе вучыць “навабранцаў”?

Педагога па харэаграфіі і вакале Ніну Яльцову “вырасцілі” самі ў родным палацы. Яна яшчэ дзяўчынкай доўгі час займалася тут харэаграфіяй, потым выступала ў ансамблі “Ростань”. Марына Віктараўна дапамагала ёй рыхтаваць праграму для паступлення ў Віцебскі дзяржаўны каледж культуры і мастацтваў, які дзяўчына скончыла з чырвоным дыпломам. Потым яна паступіла на педагагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, але ўвесь гэты час не пакідала роднага палаца: рэпеціравала, спявала, танцавала. Зараз Ніна вучыцца ў магістратуры і паралельна вядзе заняткі па харэаграфіі, вакале і акцёрскім майстэрстве ў “Дзецях Гулівера”.

— А вось педагог па акрабатыцы ў нас “эксперыментальны”, — расказвае Марына Віктараўна. — Я чакала яго два гады. Для нашых мэт патрэбен быў не проста майстар спорту, не проста чалавек з выдатнай фізічнай падрыхтоўкай. Я шукала спецыяліста з дыпломам педагога, які б ведаў механізмы выкладання прадмета, мог працаваць з дзецьмі. З Даніілам я пазнаёмі­лася, калі ён вучыўся на другім курсе Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў, сачыла за яго развіццём, ха­дзіла на яго пробныя заняткі, бачыла, як ён ладзіць зносіны з дзецьмі. Пасля заканчэння вучобы Данііл па размеркаванні прыйшоў да нас у палац.

“Разгайдаць” дзяцей

— Вышыня хадуляў — 1,5 метра, — расказвае педагог па акрабатыцы і сцэнічным майстэрстве Данііл Ігаравіч Чайка. — Калі стаіш на іх упершыню, страшна ад самога факта: плюс паўтара метра да твайго росту, і ты гойдаешся недзе пад столлю “на палках”. Дарэчы, стаяць на хадулях нельга: як толькі ты заміраеш нерухома, адразу страчваеш раўнавагу. Трэба пастаянна крыху перамяшчацца. Спачатку гэта цяжка, пакуль не зразумееш асноўны прынцып і не ўсвядоміш розныя дробныя нюансы. Аднак не магу сказаць, што стаяць на хадулях — гэта нешта супермегаскладанае і недасягальнае. Пры наяўнасці добрай каардынацыі і смеласці працэс навучання ў дарослага пойдзе хутка. Упэўнены, калі б вам, напрыклад, захацелася прый­сці і патрэніравацца, адчуць, як гэта, стаяць на хадулях, у вас бы ўсё атрымалася. Але з дзецьмі ўсё не так. Нехта з маіх выхаванцаў яшчэ ходзіць у дзіцячы сад, нехта ўжо пайшоў у першы клас. Яны вельмі маленькія. Акцэнт мы робім на валоданні сваім целам, на агульным развіцці, пагружэнні ў атмасферу. На тым, каб “разгайдаць” дзяцей… Мы не плануем ставіць іх на хадулі ў гэтым навучальным годзе, хутчэй за ўсё, гэта адбудзецца ў наступным. І, вядома, на хадулях меншай вышыні.

Праз эмацыянальныя бар’еры

Здавалася б, страх вышыні — самы вялікі бар’ер, які давядзецца ўзяць выхаванцу студыі. Аднак Данііл Чайка не зго­дзен. Акрамя пераадолення фізічных “не магу”, яго навучэнцам трэба пераскочыць праз уласныя эмацыянальныя “забабоны”.

— Мне самому падчас вучобы было складана пераступіць праз некаторыя бар’еры. Педагогі давалі нам такія нечаканыя заданні, што спачатку ў мяне была толькі адна думка: “Не, гэта я рабіць не стану, інакш буду выглядаць вар’ятам”. Для мяне трамплінам, які дапамог пераско­чыць праз уласныя “не магу”, была ўстаноўка: атрымліваць асалоду ад таго, што робіш. І тады ты не можаш выглядаць дзіўна. Тады ўсе твае дзеянні дарэчы і да месца.

Акрамя эмацыянальных заціскаў, маленькаму артысту даводзіцца пераадолець мышачныя. Любы педагог цудоўна ведае, як яны выглядаюць. Дастаткова ўспомніць, як сарамлівыя вучні расказваюць вершы каля дошкі. Яны выцягваюцца па стойцы смірна, нервова “ламаюць” пальцы, заціскаюць сківіцу і гэтым абмяжоўваюць прыток паветра, парушаюць артыкуляцыю…

— Такім чынам, акцёрскае майстэрства ў нас выкладаецца як спалучэнне двух напрамкаў: фізічнае развіццё і эмацыянальнае разняволенне, — тлумачыць Данііл.

Яго калега — педагог па харэаграфіі, вакале і сцэнічным майстэрстве Ніна Анатольеўна Яльцова  — працягвае:

— Мы складалі праграму заняткаў, зыходзячы з узросту ўдзельнікаў. Таму арыентуемся перш за ўсё на гульнявую творчасць. У кантэксце гульні паспяваем і паспяваць, і патанцаваць, і заняцца рытмікай, і партэрнай гімнастыкай, і развіццём асобаснага ўзаемадзеяння. Я абапіраюся на настрой дзяцей: калі дзеці больш зараджаныя, мы пяём, танцуем… Калі бачу, што стаміліся, займаемся партэрнай гімнастыкай, робім павольныя практыкаванні.

Такі від работы — сінтэз некалькіх відаў дзейнасці падчас заняткаў — Ніна пераняла ў Марыны Віктараўны Самолінай і бачыць, што ён добра працуе на маленькіх дзецях. Хоць Ніна і прызнаецца, што не любіць будаваць вялікія планы, яна бачыць першыя вынікі.

— Спачатку, калі мы толькі пачыналі заняткі з “навабранцамі” студыі, яны падаваліся мне скаванымі, сарамлівымі. Таму ў працэсе мы шмат гулялі: я імкнулася, каб дзеці дакрануліся адно да аднаго, давала шмат кінестэтычных практыкаванняў. Каб у іх развівалася і мацнела пачуццё локця, каб яны добра кантактавалі адно з адным, сябравалі. Каб не моўчкі стаялі, а крычалі, эмацыянальна праяўлялі сябе на маіх занятках. Вядома, я тлумачу, што, акрамя эмацыянальнай раскаванасці, ёсць яшчэ і нормы паводзін, але дазваляю на сваіх занятках і патупаць, і папляскаць у далоні, і пакрычаць. Таму што, ну а калі яшчэ?

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ і з архіва герояў.