Стратэгічнае сяброўства

- 11:31Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў — важная частка работы ўстаноў прафесійнай адукацыі. У добрай падрыхтоўцы навучэнцаў зацікаўлены ўсе: і ўстанова, і самі навучэнцы, і будучыя работадаўцы. Таму лагічна, што і працаваць над удасканаленнем працэсу падрыхтоўкі таксама трэба разам. Калі погляды накіраваны ў адзін бок і намаганні аб’ядноўваюцца, вынік будзе добры. У гэтым перакананы супрацоўнікі Баранавіцкага прафесійна-тэхнічнага каледжа сферы абслугоўвання, якія дасягнулі значных поспехаў у рабоце ў гэтым кірунку.

У каледжы навучэнцы мо­гуць атрымаць як прафесійна-тэхнічную адукацыю, так і сярэднюю спецыяльную. Штогод каля 500 юнакоў і дзяўчат атрымліваюць тут прафесіі швачкі, краўца, закройшчыка, цырульніка, зборшчыка абутку, страхавога агента, прадаўца — кантралёра-касіра, май­стра па манікюры, мадэльера. Ва ўстанове рыхтуюць будучых работнікаў сферы абслугоўвання і лёгкай прамысловасці, і з прад­прыемствамі — прадстаўнікамі гэтых сфер — наладжана цеснае ўзаемадзеянне.

— Нам удалося сфарміраваць новую сістэму адносін паміж каледжам і прадпрыемствамі, калі яны становяцца не толькі спажыўцамі прадукцыі ўстановы адукацыі, але і сапраўднымі партнёрамі, дарадцамі, крыніцамі для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай практыцы Алена Фёдараўна Баркун.

Зараз партнёрамі каледжа з’я­ўляюцца больш за 35 прадпрыемстваў і арганізацый, і з году ў год з увядзеннем новых спецыяльнасцей гэтая лічба расце.

Узаемадзеянне дазваляе парт­нёрам уплываць на працэс навучання сваіх будучых работнікаў. Каб гэты працэс быў найбольш аптымальным і маладыя людзі атрымлівалі актуальныя веды і навыкі, арганізацыі — заказчыкі кадраў бяруць удзел у распрацоўцы і ўзгад­ненні планаў і праграм. Таксама спецыялісты прадпрыемстваў ажыццяўляюць кіраўніцтва практыкай, рэцэнзуюць дыпломныя праекты і ўдзельнічаюць у выніковай атэстацыі. Яшчэ адна форма ўплыву заказчыкаў кадраў на вучэбны працэс — непасрэдны ўдзел у ім: многія кампаніі і прадпрыемствы праводзяць свае навучальныя семінары на базе каледжа.

Супрацоўніцтва дапамагае ана­лізаваць патрабаванні, што прад’яўляюць работадаўцы да выпускнікоў па той ці іншай кваліфікацыі. Гэта дапамагае пры­маць разумныя рашэнні па змяненні зме­сту адукацыі. Напрыклад, у каледжы праводзіцца навучанне па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”. Заяўкі на такіх спецыялістаў каледжу накіроўвае 21 кампанія, сярод іх — шмат прыватных. Аналіз запытаў гэтых кампаній паказаў, што сёння ім патрэбны максімальна ўніверсальныя работнікі, якія валодаюць прафесійнымі ўменнямі не толькі па асноўнай, але і па сумежных прафесіях. Інакш кажучы, работадаўцы чакаюць, што работнік салона прыгажосці можа зрабіць і стрыжку, і ўкладку, і манікюр, а пры неабходнасці і запісаць кліентаў замест адміністратара. Каб выпускнікі маглі адпавядаць гэтым чаканням і быць мабільнымі на рынку працы, у каледжы ім прадастаўлена магчымасць атрымаць дадатковыя кваліфікацыі: “майстар па манікюры”, “майстар па педыкюры”, “візажыст”, “адміністратар салона (цырульні)” і інш. Заняткі праводзяцца ў пазаўрочны час на платнай аснове. Каля паловы навучэнцаў па спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” карыстаецца такой магчымасцю. Навучэнцы іншых спецыяльнасцей таксама могуць атрымаць гэтыя і іншыя дадатковыя кваліфікацыі.

У працэсе цесных зносін з работадаўцамі лягчэй вызначаць праблемы, з якімі могуць сустрэцца будучыя выпускнікі каледжа, каб аператыўна гэтыя праблемы вырашаць. Так, нягледзячы на добрую падрыхтоўку навучэнцаў, актуальная праблема іх замацавання на рабочых месцах. У першую чаргу гэта звязана з невялікімі заробкамі. Над вырашэннем гэтага пытання працуюць і зараз. Павысіць зарплаты каледж, канечне, не можа, але можа даць навыкі, якія дапамогуць працаваць больш хутка і эфектыўна, каб у выніку зарабіць больш. Будучыя работнікі швейных вытворчасцей адпрацоўваюць хуткасныя навыкі пры пашыве вырабаў у рэсурсным цэнтры каледжа, што дазваляе ўжо на пачатковым этапе самастойнага працоўнага жыцця паказваць высокую прадукцыйнасць.

Партнёры дапамагаюць стварыць спрыяльныя ўмовы для навучання, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Так, пры адкрыцці падрыхтоўкі рабочых па спецыяльнасці “Гандлёвая справа” вучэбная база была сфарміравана дзякуючы ААТ “Прадукты” і Дому гандлю “Вясёлка”. Арганізацыі прадаставілі гандлёвую мэблю, касавае і вагавое абсталяванне, якое знайшло месца ў навучальных магазінах — спецыяльных кабінетах, дзе аформлена некалькі разнапланавых аддзелаў. Для падрыхтоўкі будучых цырульнікаў салоны прыгажосці аказваюць спонсарскую дапамогу, прада­стаўляючы прэпараты для правя­дзення ўрокаў вытворчага навучання ў майстэрнях.

Арганізацыі-партнёры таксама дапамагаюць навучэнцам каледжа ў падрыхтоўцы да прафесійных конкурсаў. Яркі прыклад — выступленні ў розных спаборніцтвах навучэнцаў, якія атрымліваюць спецыяльнасці, звязаныя са швейным майстэрствам. Асноўнымі партнёрамі каледжа ў гэтай сферы з’яўляюцца Баранавіцкая швейная фабрыка, Баранавіцкі камбінат надомнай працы, прадпрыемствы “Лэдзі тэкс” і “Ажуруна” і іншыя. Спецыялісты гэтых прадпрыем­стваў кансультуюць тых, хто рыхтуецца да конкурсаў. Арганізацыі ў якасці спонсарскай дапамогі прадастаўляюць тканіны і іншыя матэрыялы. А вынікам сумеснай работы становяцца перамогі. Штогод навучэнцы каледжа ўзнімаюцца на прыступкі п’едэстала гонару на абласным конкурсе прафмайстэрства, рэспубліканскіх конкурсах “Млын моды”, WorldSkills і інш. Так, выпускніца ўстановы Кацярына Занько з’яўляецца неаднаразовай фіналісткай фестывалю “Млын моды”, пераможцай конкурсу маладых дызайнераў на беларускім Тыдні моды, яе калекцыя прынята ў вытворчасць прадпрыемствам Mark Formelle. Яшчэ адна таленавітая дзяўчына, Алена Лапатко, была ўдастоена прызавога месца ў намінацыі “Дызайн жаночага адзення ад куцюр” на Міжнародным фестывалі творчых прафесій “Мінскі вернісаж”.

У каледжы дзейнічае школа будучага спецыяліста. Удзел у пасяджэннях школы бяруць і супрацоўнікі розных прадпрыемстваў. Юнакі і дзяўчаты прэзентуюць вынікі сваёй даследчай і творчай дзейнасці, а спецыялісты іх аналізуюць, ацэньваюць, даюць парады аб кірунках далейшага руху. Словы адабрэння ад прафесіяналаў натхняюць навучэнцаў працаваць далей, павышаюць матывацыю да вучобы і развіцця. Такія сустрэчы даюць яшчэ і навыкі камунікацыі ў працоўным калектыве.

У Баранавіцкім прафесійна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання збіраюцца і надалей умацоўваць сувязі з заказчыкамі кадраў і знаходзіць новыя формы ўзаемадзеяння з імі. Многія прадпрыемствы сталі для каледжа не проста партнёрамі, а добрымі сябрамі. І сяброўства гэтае стратэгічна важнае для абодвух бакоў.

— З прадпрыемствамі-партнёрамі мы маем добрыя адносіны, якія выбудоўваліся на працягу доўгага часу. Сяброўства з некаторымі з іх доўжыцца ўжо больш за 20 гадоў. Не менш рады мы і новым кантактам, — дзеліцца меркаваннем Алена Фёдараўна Баркун. — Няма сумненняў, што актыўны ўдзел работадаўцаў у адукацыйным працэсе спрыяе павышэнню якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, скарачае разрыў паміж вытворчасцю і ўстановай адукацыі.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.