Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 31 жніўня падпісаў Дырэктыву № 5 “Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай”.
Згодна з дакументам, “асноўным зместам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва з’яўляецца ўзаемная рашучая падтрымка па пытаннях, што датычацца карэнных інтарэсаў дзвюх краін, такіх як суверэнітэт, тэрытарыяльная цэласнасць, бяспека і эканамічнае развіццё”.
Дырэктывай таксама вызначаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва з КНР: глыбокая і ўзаемная інтэграцыя галін і прадпрыемстваў; інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі; фарміраванне сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў, сумеснае развіццё галіновай навукі; прамое і сістэмнае міжрэгіянальнае супрацоўніцтва; стварэнне ў Беларусі рэгіянальнага цэнтра кітаязнаўства і ўзаемадзеяння з КНР.
Мэтавым напрамкам супрацоўніцтва з КНР вызначана сумеснае развіццё ў гандлёвай, інвестыцыйнай, фінансавай і інавацыйнай сферах, стварэнне і рэалізацыя сумесных праектаў і прадпрыемстваў. Каардынацыйным органам садзейнічання развіццю адносін з КНР названы Беларуска-кітайскі міжурадавы камітэт па супрацоўніцтве.
Згодна з дырэктывай, Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі даручана ў 2015 годзе сфарміраваць доўгатэрміновую аснову супрацоўніцтва з міжнародным аддзелам Цэнт-ральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая па пяці ключавых напрамках: рэгулярны абмен візітамі высокага ўзроўню; арганізацыя сістэмы ўзаемных стажыровак; узаемадзеянне і рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху; супрацоўніцтва ў даследаванні прынцыпаў устойлівага развіцця грамадства; умацаванне ўзаемадзеяння аналітычных цэнтраў і сродкаў масавай інфармацыі.
Дзяржаўнаму сакратарыяту Савета бяспекі Беларусі ў бягучым годзе даручана забяспечыць планаванне, каардынацыю і паглыбленне супрацоўніцтва з КНР у ваеннай і ваенна-тэхнічнай сферах, а таксама ў сферы бяспекі і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў і надзвычайных сітуацый.
Савету Міністраў сумесна з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам да 1 студзеня 2016 года неабходна арганізаваць прамое ўзаемадзеянне з профільнымі структурамі КНР. Таксама неабходна сфарміраваць комплексны план дзеянняў па дасягненні да 2020 года ўзроўню экспартных паставак у КНР у суме не менш як $1,5 млрд.
Да 1 ліпеня 2016 года даручана сфарміраваць пералік прадпрыемстваў для прыцягнення буйных кітайскіх кампаній у праекты па развіцці кааперацыі і ўваходжанні ў акцыянерны капітал. Таксама неабходна сфарміраваць механізмы стымулявання прыцягнення ў 2016—2020 гадах прамых кітайскіх інвестыцый у энергетыку, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, транспартную інфраструктуру, вытворчасць і перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі і іншыя галіны, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
Даручана арганізаваць на тэрыторыі КНР зборачныя вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі і сістэму яе перадпрадажнага і пасляпрадажнага абслугоўвання з улікам рэгіянальных асаблівасцей і вытворча-збытавых ланцужкоў буйных кітайскіх карпарацый.
На сістэмнай аснове даручана развіваць крэдытнае супрацоўніцтва. Згодна з дакументам, неабходна актуалізаваць і ўзгадніць дзяржаўныя праграмы, прынятыя ў Беларусі, у сферы мадэрнізацыі і развіцця транспартнай, лагістычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай, мытнай інфраструктуры з падыходамі па ўдзеле Беларусі ў канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху і Марскога шляху XXI стагоддзя.
У галіне навукі і тэхнікі да 1 ліпеня 2016 года неабходна сфарміраваць пералік новых сумесных даследчых і навукова-практычных цэнтраў з удзелам арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і кітайскіх партнёраў па канкурэнтных перспектыўных напрамках.
Таксама дакументам даручана сфарміраваць і зацвердзіць праграму міжрэгіянальных выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў, Дзён правінцый і абласцей, гарадоў на перыяд да 2020 года са штогадовай яе актуалізацыяй і канкрэтызацыяй. Згодна з дырэктывай, штогод на перыяд да 2020 года кожная вобласць і Мінск павінны забяспечваць прыцягненне ў рамках міжрэгіянальнага супрацоўніцтва не менш як $100 млн прамых кітайскіх інвестыцый.
У гуманітарнай сферы неабходна ўзгадніць з кітайскімі партнёрамі і зацвердзіць праграму накіравання на навучанне беларускіх юнакоў і дзяўчат ва ўстановы вышэйшай адукацыі КНР пачынаючы з 2016/2017 навучальнага года. Да 1 студзеня 2016 года сумесна з кітайскімі партнёрамі распрацаваць праграму стварэння да 2018 года цэнтраў традыцыйнай кітайскай медыцыны і цэнтраў традыцыйнай кітайскай гімнастыкі ў кожным абласным цэнтры Беларусі, а таксама арганізаваць сумесную турыстычную кампанію.
Каменціруючы падпісанне Прэзідэнтам Беларусі Дырэктывы № 5, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта сустаршыня беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта Мікалай Снапкоў звярнуў увагу, што такія дакументы выдаюцца рэдка і вызначаюць асноўныя стратэгічныя напрамкі грамадскага ладу. У гэтым выпадку — узаемадзеянне з Кітаем. “І яна прынята не напярэдадні візіту Прэзідэнта Беларусі на святкаванне 70-годдзя заканчэння Другой сусветнай вайны, яна прынята пасля візіту ў маі ў Беларусь Старшыні КНР Сі Цзіньпіна”, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
“Асноўныя напрамкі, тыя тэзісы, імпульсы, якія былі дадзены ў рамках сустрэч двух лідараў, пакладзены ў аснову Дырэктывы № 5. Яна вызначае тыя напрамкі стратэгічнага партнёрства, якія павінны быць паглыблены перш за ўсё беларускімі дзяржорганамі з максімальным эфектам для сумеснага развіцця дзвюх краін, для развіцця партнёрства, узровень якога з кожным годам павышаецца”, — сказаў Мікалай Снапкоў.
На яго думку, кожная новая сустрэча лідараў дзвюх краін з’яўляецца новым імпульсам у развіцці, пацвярджэннем дружалюбных адносін, якія ў Беларусі і Кітая склаліся яшчэ 25 гадоў назад. “Прычым яны склаліся не дзякуючы таму, што Кітай рушыў наперад у сваёй эканамічнай моцы, яны склаліся дзякуючы стратэгічнаму бачанню Прэзідэнта нашай краіны, — адзначыў Мікалай Снапкоў. — Гэта сведчыць аб тым, што мы “жалезныя” партнёры, як прагучала раней, гэта сведчыць аб тым, што мы сапраўды дружалюбныя нацыі, якія гатовы ажыццяўляць сумеснае развіццё на карысць нашых народаў”.