Стратэгія развіцця

Абласная педагагічная канферэнцыя работнікаў адукацыі і навукі “Развіццё прафесійнай кампетэнтнасці педагога — ключавы фактар удасканалення адукацыйнай сістэмы Віцебскай вобласці” адбылася 22 жніўня ў Віцебску.

Старт вялікаму жнівеньскаму педсавету далі адкрыцці: у горадзе над Дзвіной пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй напярэдадні 1 верасня ўведзены ў эксплуатацыю два выдатныя сучасныя аб’екты: Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі і першая чарга спартыўнага комплексу ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. На пляцоўцы Цэнтра культуры “Віцебск” у гэты час 27 устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі паўночнага рэгіёна разгарнулі маштабную прэзентацыю кампетэнцый WorldSkills Belarus — 2018 з майстар-класамі для ўсіх жадаючых. У “Горадзе майстроў” кожны меў магчымасць пазнаёміцца з цікавымі і запатрабаванымі спецыяльнасцямі, прадукцыяй вытворчых майстэрань, пагутарыць з лепшымі выкладчыкамі, майстрамі вытворчага навучання, навучэнцамі і студэнтамі, атрымаць кансультацыю ці каштоўную параду з першых вуснаў. Трэба сказаць, прапановай актыўна карысталіся не толькі ўдзельнікі канферэнцыі, але і гараджане, госці горада. Маладыя прафесіяналы з гонарам сведчылі: на ІІІ Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2018 каманда Віцебшчыны заваявала 19 узнагарод, у тым ліку 5 залатых, і ўвайшла ў тройку лепшых у нашай краіне. Адначасова ў фае Цэнтра культуры ўстановы адукацыі вобласці ў рамках інтэрактыўнай выставы прадставілі найбольш адметныя напрацоўкі, перадавы педагагічны вопыт і дасягненні, эфектыўныя мадэлі міжнароднага супрацоўніцтва, навукова-даследчыя і творчыя праекты педагогаў, навучэнцаў і студэнтаў.

У пленарным пасяджэнні, што праходзіла ў вялікай канцэртнай зале Цэнтра культуры, прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Ірына Старавойтава, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Цацоха, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васіль Чэкан, старшыні камітэтаў і начальнікі ўпраўленняў аблвыканкама, старшыні раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў, кіраўнікі адміністрацый раёнаў Віцебска, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі, старшыні раённых камітэтаў, пярвічных арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, дырэктары ўстаноў адукацыі, метадысты і педработнікі.

Кампетэнтнасны падыход, высокі прафесіяналізм, дзейсная работа па забеспячэнні паказчыкаў якасці адукацыі, асобаснага росту і развіцця кожнага дзіцяці — дарожная карта рэгіянальнай сістэмы адукацыі на новы навучальны год. На пачатку пасяджэння яго ўдзельнікі азнаёміліся з панарамай асноўных вынікаў, вопытам лепшых устаноў адукацыі і лепшых педагогаў, прадстаўленымі ў кінастужцы “Адукацыя Віцебшчыны”. З дакладам аб выніках работы сістэмы адукацыі вобласці за мінулы і задачах, якія трэба будзе вырашаць у новым навучальным годзе, выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома.

Дзмітрый Леанідавіч акцэнтаваў увагу: галоўным напрамкам работы вызначана стварэнне спрыяльных умоў для росту і развіцця прафесійнай кампетэнтнасці педагога — ключавога фактару забеспячэння якасці адукацыі, развіцця і ўдасканалення рэгіянальнай сістэмы адукацыі ў цэлым. Дзмітрый Хома падрабязна прааналізаваў стан і перспектывы развіцця рэгіянальнай адукацыі на ўсіх узроўнях, паставіў канкрэтныя задачы і ўказаў на наяўныя рэзервы, якія трэба мабілізаваць на іх эфектыўнае вырашэнне. Так, дашкольная адукацыя штогод перажывае пэўныя змяненні, звязаныя з дэмаграфічнай сітуацыяй і запытамі грамадства. Да пачатку новага навучальнага года з сістэмы выведзены 10 устаноў, размешчаных у сельскай мясцовасці, пры гэтым захавана разнастайнасць відаў дашкольных устаноў у адпаведнасці з патрэбамі бацькоў, арганізавана работа больш за 220 груп кароткатэрміновага знаходжання дзяцей, адкрыты дадатковыя месцы на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у сельскай мясцовасці адрэгуляваны парадак падвозу. На працягу шэрага гадоў паказчык дзіцячай захваральнасці ніжэйшы за рэспубліканскі. Нямала зроблена ў забеспячэнні ўстаноў дашкольнай адукацыі кваліфікаванымі кадрамі: па колькасці педагагічных работнікаў дашкольнай адукацыі з вышэйшай адукацыяй вобласць на 3-ім месцы ў рэспубліцы.

Свае праекты прэзентуе Полаччына.На ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў бягучым годзе будуць функцыянаваць 350 устаноў, у тым ліку 23 гімназіі і 2 кадэцкія вучылішчы. Талачынская гімназія і гімназія № 6 Віцебска рэарганізаваны ў сярэднія школы — і гэта, упэўнены кіраўнік рэгіянальнай сістэмы адукацыі, былі правільныя рашэнні, прынятыя раённай выканаўчай уладай. А вось стварэнне школ будучыні — гэта не ўдалы піяр-ход, а канкрэтны крок да павышэння якасці адукацыі, у чым пераконвае прыклад такой школы ў Дуброўне.

Па выніках выступлення навучэнцаў вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах заваявана 84 дыпломы — на 14 больш, чым у мінулым і пазамінулым годзе; традыцыйнымі сталі перамогі навучэнцаў на міжнародных алімпіядах па інфарматыцы, геаграфіі, хіміі; у Рэспубліканскім конкурсе работ навучэнцаў даследчага характару вобласць выйшла на 2 месца, а па цэнтралізаваным тэсціраванні з 6 месца змясцілася на 5, прычым 100-бальныя вынікі паказалі навучэнцы з 11 гарадоў і раёнаў. Адукацыйны працэс забяспечваюць больш за 12 тысяч педагагічных работнікаў, з іх 93,3% маюць вышэйшую адукацыю, 80 — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, 39 — кваліфікацыйныя катэгорыі “настаўнік-метадыст”. Актыўнаму далучэнню моладзі да сацыяльна-эканамічнага, навукова-тэхнічнага і культурнага жыцця грамадства садзейнічаюць установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У аб’яднаннях па інтарэсах мастацкага, тэхнічнага, экалагічнага, краязнаўчага профіляў займаюцца каля 38 тысяч навучэнцаў вобласці.

У абмеркаванні сістэмы мер, накіраваных на выкананне сацыяльнага заказу сям’і і грамадства па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, прыняла ўдзел начальнік аддзела па адукацыі Чашніцкага райвыканкама Ганна Дзірко. Метадычнае забеспячэнне працэсу станаўлення маладога настаўніка, удасканалення яго прафесійных кампетэнцый як важнага складніка якасці адукацыі ў цэлым выбрала тэмай свайго выступлення загадчык вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Жанна Радзевіч. Вопытам паспяховага вырашэння пытанняў развіцця адукацыі, фарміравання кадравага патэнцыялу для эканомікі краіны падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Аршанскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Ірына Шашлова.

— Мы разумеем, што адукацыя выступае рэсурсам новых грамадскіх змяненняў, ствараючы інтэлектуальны, навуковы, творчы і тэхналагічны патэнцыял, які становіцца асноўным актывам устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, — звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, падкрэсліў Мікалай Шарстнёў. — Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што два гады назад намі быў выбраны правільны напрамак у развіцці адукацыі вобласці. За гэты час зроблена вялікая работа па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці, праведзены аптымізацыйныя мерапрыемствы, мэтай якіх было стварыць дзецям роўныя ўмовы для атрымання якаснай адукацыі, даць магчымасць вучыцца ў сучасных установах адукацыі, якія адказваюць патрабаванням ХХІ стагоддзя. Радуе, што выраслі паказчыкі якасці адукацыі практычна на ўсіх узроўнях, але станоўчая дынаміка не падстава для самазаспакаення. Вобласць павінна быць у ліку лепшых у рэспубліцы па ўсіх напрамках работы. Задача рэальная пры ўмове эфектыўнага кіраўніцкага падыходу, максімальнай аддачы і асабістай адказнасці кожнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу ў разліку на канчатковы вынік.

Напярэдадні Дня ведаў лепшыя педагагічныя работнікі рэгіёна былі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, адзначаны падзякамі старшыні аблвыканкама. Важкія сертыфікаты на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы атрымалі начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў па адукацыі, дырэктары ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а таксама ўстаноў адукацыі, якія маюць высокія паказчыкі ў рабоце з таленавітымі і адоранымі дзецьмі. Шэраг педагогаў узнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Высокія ўзнагароды ўручыла Ірына Старавойтава.

— У краіне функцыянуе каля 8 тысяч устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, і ў цэлым сістэма адукацыі гатова да новага навучальнага года. Уважліва слухаючы ўсіх выступоўцаў, раблю выснову: гэта тычыцца і Віцебшчыны, — адзначыла першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Разам з тым спыняцца на дасягнутым не варта, тым больш што перад намі пастаўлены шэраг канкрэтных і важных задач на перспектыву. У вас для іх вырашэння ёсць самы галоўны рэсурс — высокаадукаваныя і высокакваліфікаваныя педагогі. Звяртаюся да кіраўнікоў усіх рангаў: падтрымлівайце педагогаў, паляпшайце ўмовы іх работы, беражыце кожнага таленавітага выхавальніка, настаўніка, майстра вытворчага навучання, выкладчыка. Тады, я ўпэўнена, усе задачы будуць выкананы, а Віцебская вобласць, несумненна, будзе ў лідарах сістэмы адукацыі Беларусі.

Яркія музычныя падарункі на працягу работы форума дарылі яго ўдзельнікам юныя артысты — прадстаўнікі лепшых самадзейных калектываў рэгіёна. Спецыяльна да жнівеньскага педагагічнага форума швейныя прадпрыемствы Прыддзвіння падрыхтавалі паказ школьнага адзення дзелавога стылю. Выступленне юных мадэлей у прыгожых касцюмах і сукенках стала нечаканым і запамінальным заключным акордам канферэнцыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.