Стратэгія развіцця

- 11:00Суразмоўца

На рэспубліканскую Дошку гонару пераможцаў спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у 2014 годзе, урачыстае адкрыццё якой адбылося ў Мінску 2 ліпеня, занесены дзве ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі. У ліку 62 лідараў — прадстаўнікоў прамысловасці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, сферы паслуг і прыватнага бізнесу — гімназія № 2 Віцебска. Аб дасягненнях калектыву, перспектывах далейшага развіцця гімназіі расказвае яе дырэктар Канстанцін КІСЯЛЁЎ.

— На адукацыйнай прасторы Віцебска і Віцебшчыны гімназія № 2 займае асаблівае месца. З пункту погляду гісторыі — гэта адна са старэйшых, з пункту погляду навучэнцаў і іх бацькоў — адна з самых папулярных і рэйтынгавых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі горада. Калектыву ёсць чым ганарыцца, але спачываць на лаўрах тут не прынята — і таму ў дачыненні да гімназіі перспектыва заўсёды цікавейшая за панараму поспехаў. Канстанцін Леанідавіч, якія новыя магчымасці адкрыюцца перад педагогамі і навучэнцамі гімназіі з 1 верасня?
— У нас выкладаюцца восем замежных моў: англійская, нямецкая, французская, іспанская, італьянская, польская, шведская і кітайская (з 2014 года). Важным дасягненнем у кантэксце перспектыў з’яўляецца ўдзел у апрабацыі эксперыментальных вучэбных планаў. Папярэдняя работа праведзена, і ў новым навучальным годзе з 7 па 10 класы ў гімназіі плануем адкрыць профільныя класы па 4 напрамках: эканамічным (англійская мова і матэматыка), інфармацыйных тэхналогій (англійская мова, матэматыка, інфарматыка), гісторыка-філалагічным (англійская мова, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства) і філалагічным (англійская і руская мовы). Эксперыментальны вучэбны план таксама прадугледжвае ўвядзенне другой замежнай мовы як прадмета. З 5 класа да першай замежнай мовы ў актыве нашых навучэнцаў дадаецца другая: іспанская, французская, нямецкая ці кітайская (на выбар). Дарэчы, з 8 класа ёсць магчымасць авалодаць яшчэ адной замежнай мовай. Факультатывы па шведскай, італьянскай і польскай мовах праходзяць у асноўным па суботах, і яны запатрабаваныя, многія дзеці з задавальненнем тут займаюцца.

— Веданне замежных моў — прыярытэтнае патрабаванне адукацыі, для сучасніка яно набывае функцыянальнае значэнне…
— Але навучэнцу гімназіі — будучаму студэнту — не менш неабходныя яшчэ і канкрэтны профільны прадмет ці прадметы, стартавы комплекс ведаў, які спатрэбіцца ў працэсе прафесійнай падрыхтоўкі. Шэсць гадоў назад, калі я ўзначаліў калектыў, перада мной была пастаўлена задача не толькі павысіць эфектыўнасць адукацыі па беларускай, рускай і замежных мовах, але і вывесці на прынцыпова новы ўзровень якас ць выкладання і засваення ведаў па ўсіх агульнаадукацыйных прадметах. Сёння можна гаварыць пра пэўныя вынікі. Так, на працягу апошніх некалькіх гадоў гімназія знаходзіцца ў ліку лідараў рэгіёна па выніках рэспубліканскай алімпіяды і рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару па вучэбных прадметах. У 2014 годзе па выніках алімпіяды мы ўвайшлі ў дзясятку лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь. Паводле даных Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў, гімназія знаходзіцца ў топ 100 навучальных устаноў краіны і ўваходзіць у тройку лепшых устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Віцебска па выніках здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Напэўна, маглі б паспрачацца і за больш высокае месца, калі б, акрамя балаў, набраных на ЦТ, улічваліся 100-бальныя вынікі, атрыманыя пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды і рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару.

— На вашу думку, які вызначальны фактар з’яўлення новых перспектыў і прагрэсу гімназіі?
— Гэта звязана з прыцягненнем моцных педагагічных кадраў. Імідж гімназіі вызначаюць вопытныя і заслужаныя педагогі: выдатнік адукацыі настаўніца англійскай мовы Наталля Чарнова (падрыхтавала 169 пераможцаў абласнога, 31 пераможцу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове); выдатнік адукацыі, настаўнік геаграфіі, Чалавек года Віцебшчыны-2014 Сяргей Крывенка (падрыхтаваў 32 пераможцаў абласнога, 16 — заключнага этапу рэспубліканскай, 2 пераможцаў міжнароднай алімпіяды па геаграфіі).
А таксама настаўнік матэматыкі Аляксандр Шугаль (педагог прыйшоў да нас нядаўна і выдатна сябе зарэкамендаваў: падрыхтаваў 34 пераможцаў абласнога і 12 — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы); настаўніца іспанскай мовы Алена Токарава (падрыхтавала 26 пераможцаў абласнога, 9 — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай мове); настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Маісеева (падрыхтавала 11 пераможцаў абласнога, 6 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай, 4 пераможцаў міжнароднай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, пераможцу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару (канферэнцыі) навучэнцаў, 6 пераможцаў міжнародных навукова-практычных канферэнцый); настаўніца англійскай мовы Ганна Міненка (падрыхтавала 16 пераможцаў абласнога і пераможцу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, 2 пераможцаў рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, пераможцу міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі); настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Дзегцярова (падрыхтавала 15 пераможцаў абласнога і пераможцу заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры); настаўніца беларускай мовы і літаратуры галоўны рэдактар гімназічнай газеты The Gymnasium Times Вольга Каламійцава (падрыхтавала пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, шматлікіх пераможцаў абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка”); настаўніца англійскай мовы Таццяна Канашонак — фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года-2014”. Гэты пералік можна працягваць, і, што прыемна, кожны год каманда педагогаў-лідараў, наватараў, прафесіяналаў найвышэйшага класа папаўняецца.

— Акрамя таго, як вядома, гімназія актыўна ўзаемадзейнічае з установамі вышэйшай адукацыі…
— Асаблівую падзяку, карыстаючыся выпадкам, хочацца выказаць Віцебскаму дзяржаўнаму медыцынскаму ўніверсітэту і Віцебскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя П.М.Машэрава. З ВДМУ мы кантактуем па такіх напрамках, як хімія і біялогія (тут работа вядзецца кропкава з тымі дзецьмі, якім гэта неабходна, — прыкладна 6—7 чалавек штогод; па выніках ЦТ за мінулы год мы занялі 10 месца ў краіне па хіміі і 11 месца па біялогіі). З ВДУ супрацоўніцтва поўнамаштабнае, і асабліва цеснае — з філалагічным факультэтам. У нас працуе ўнікальны (аналагаў яму ў Беларусі няма) вучэбна-навукова-метадычны лінгвістычны цэнтр. На базе гімназіі арганізавана паглыбленае вывучэнне прадметаў агульнаадукацыйнага цыкла з удзелам прадстаўнікоў універсітэта ў якасці кансультантаў, метадыстаў, выкладчыкаў вучэбных дысцыплін: для навучэнцаў ужо не дзіўна, калі заняткі вядуць кандыдаты і дактары навук. Спектр задач цэнтра — ад сумеснай распрацоўкі, падрыхтоўкі да публікацыі прызначаных для выкарыстання ў вучэбным працэсе гімназіі і для арганізацыі практычнага навучання студэнтаў універсітэта вучэбна-метадычных выданняў, арганізацыі рэгулярных вытворчых практык з накіраваннем у гімназію найбольш здольных студэнтаў, сумеснага метадычнага кіраўніцтва вучэбнымі і вытворчымі практыкамі, лабараторнымі заняткамі, выхаваўчымі мерапрыемствамі да сумеснага планавання і арганізацыі эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці ўніверсітэта і гімназіі, работы па актуальных праблемах вучэбнай, выхаваўчай, навукова-метадычнай і культурна-асветніцкай дзейнасці. Таксама гэта арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў па павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў замежных моў, рускай мовы і літаратуры; аказанне вучэбнай, метадычнай дапамогі спецыялістам — выкладчыкам навучальных устаноў Віцебскай вобласці, аказанне дапамогі педагогам прафесарска-выкладчыцкім складам універсітэта ў арганізацыі падрыхтоўкі навучэнцаў гімназіі да прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый рознага ўзроўню; абагульненне і распаўсюджванне перадавога вопыту ў выкладанні і вывучэнні замежных моў, рускай мовы і літаратуры; правядзенне навукова-практычных канферэнцый, семінараў, кансультацый, рэалізацыя сумесных праектаў, арганізацыя навукова-даследчай работы студэнтаў і навучэнцаў. І, што немалаважна, цэнтр эфектыўна вядзе прафарыентацыю, мэтанакіравана рыхтуе з ліку выпускнікоў школы кантынгент абітурыентаў для ўніверсітэта. Сумесна з ВДУ мы выпускаем метадычны бюлетэнь, які рассылаецца па ўсіх аддзелах адукацыі, спорту і турызму вобласці. Разам мы рэалізавалі рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні культурна-моўнага рэсурснага цэнтра ў лінгвістычную адукацыйную прастору гімназіі і рэгіёна; зараз рэалізуем сумесны абласны праект па вывучэнні рэгіянальнай культурнай спадчыны на ўроках рускай, беларускай і замежнай мовы.

— Партнёрства з установамі адукацыі не абмяжоўваецца Віцебскам і вобласцю?
— З намі супрацоўнічаюць Бохумскі ўніверсітэт, Лацінаамерыканскі культурны цэнтр у Рэспубліцы Беларусь пад патранажам Пасольства Венесуэлы, гімназія шведскага горада Мельбю, гуманітарны ліцэй “Еўропа” горада Сарагоса (Каралеўства Іспанія), гімназіі Нінбурга і Айзенгютэнштата (Германія), ліцэй Зялёна Гуры (Польшча), ліцэй Вялікіх Лук (Расія), гімназія Ліёна (Францыя). Раз у два гады мы праводзім канферэнцыю “Дыялог моў і культур у ХХІ стагоддзі”. (Пра яе “Настаўніцкая газета” расказвала чытачам.) Апошнім часам разам з заходнееўрапейскімі прыярытэтнымі сталі вектары Усходняга партнёрства — з установамі адукацыі, адукацыйнымі цэнтрамі, педагагічнымі асацыяцыямі Расіі і Кітая.

— Кажуць, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Як праяўляюць сябе гімназісты ў творчасці і спорце?
— Прывяду некалькі фактаў: толькі ў гэтым годзе ў нас трое навучэнцаў — Ніколь Фургал, Міхаіл Маскалёў і Настасся Васільева — сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі. Сяргей Крывенка не толькі ад зін з лепшых у краіне выкладчыкаў геаграфіі (а па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — найлепшы: ён падрыхтаваў 4 пераможцаў заключнага этапу), але і самы моцны ў рэгіёне трэнер па падрыхтоўцы каманд навучэнцаў да інтэлектуальных турніраў. Акрамя таго, у нас працуюць літаратурная гасцёўня, драматычная і эстрадная студыі, студыя бальнага танца, секцыі ушу, спартыўнай гімнастыкі, спартыўнага танца. Каманда дзяўчат па валейболе 5 гадоў запар выйграе чэмпіянат горада. Гімназіяй выдаецца школьная газета The Gymnasium Times (у 2007 годзе выданне было прызнана лепшым у краіне). У лютым мінулага года на ІІІ конкурсе школьных выданняў “Мы — журналісты”, які ў рамках штогадовага семінара “Журналістыка ў школе” праводзіць Асацыяцыя гімназій Санкт-Пецярбурга пры падтрымцы “Саюза педагогаў Санкт-Пецярбурга”, наша перыядычнае выданне The Gymnasium Times стала лаўрэатам у намінацыі “Дызайн” за лепшы афарміцельскі стыль.

— Без чаго немагчыма развіццё ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі?
— У кожнай школы ці гімназіі павінна быць непаўторнае аблічча, уласны стыль. Яго фарміруюць многія складнікі. Аднак пры ўсёй падтрымцы органаў выканаўчай улады і кіравання адукацыяй (у нас яна ёсць — і вялікі за гэта дзякуй), бацькоў, намаганнях настаўнікаў і навучэнцаў значнага прагрэсу не будзе, калі ў дырэктара няма інтэгруючай ідэі, арыгінальнай канцэпцыі, стратэгіі развіцця. Падбіраць умовы і рэсурсы ў пэўных умовах можна, калі пракладзены фарватар. Іншымі словамі, ты найперш павінен выразна ўбачыць вынік, да якога трэба прыйсці, і толькі тады весці да яго калектыў.

Гутарыла Таццяна БОНДАРАВА.
Фота з сайта гімназіі.