Стратэгія рэгіянальнага развіцця: адукацыйны вектар

- 10:29Актуально, Апошнія запісы

Пытанні стану і асноўных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі Аршанскага раёна былі разгледжаны на выязным пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі, якое адбылося ў гімназіі № 2 Оршы.

На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі структурных падраздзяленняў Віцебскага аблвыканкама і Аршанскага райвыканкама, якія курыруюць пытанні адукацыі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі Аршанскага раёна, шэрага структурных падраздзяленняў апарату Міністэрства адукацыі.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на ключавых момантах удасканальвання адукацыйнай сістэмы, аб якой было заяўлена ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь. Была падкрэслена неабходнасць выпрацоўкі эфектыўных мер па вырашэнні канцэптуальных пытанняў на ўсіх узроўнях сістэмы адукацыі, прычым па шэрагу праблем — да верасня гэтага года. У першую чаргу гаворка ідзе аб пераглядзе вучэбных праграм і зместу падручнікаў, вучэбнай нагрузкі. З гэтай мэтай ужо створаны і спецыяльныя рабочыя групы, у складзе якіх актыўны ўдзел прымаюць настаўнікі-практыкі. Ігар Карпенка адзначыў, што ў названым напрамку вельмі важныя метадычная падрыхтоўка, уключаючы практыку, і непасрэдна работа кожнага педагога, першачарговая задача якога і заключаецца ў тым, каб максімальна наблізіць вучэбны матэрыял да вучня і забяспечыць засваенне ведаў на належным узроўні.

Другі момант, агучаны міністрам адукацыі, — неабходнасць карэннага перагляду падыходаў да фарміравання заказу на падрыхтоўку кадраў рабочых, служачых, спецыялістаў. На цяперашні час Міністэрства адукацыі выступае як дзяржаўны орган, адказны за падрыхтоўку кадраў, і адначасова як іх заказчык. У найбліжэйшай перспектыве ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідыума Савета Міністраў галоўнымі ў плане прагназавання патрэбнасці ў тых ці іншых кадрах для эканомікі краіны будуць выступаць міністэрствы эканомікі, працы і сацыяльнай абароны. Новую канцэпцыю заказу кадраў распрацоўвае рабочая група, створаная з прадстаўнікоў трох міністэрстваў. Магчыма, таксама будзе ўзмоцнена роля і адказнасць прадпрыемстваў у фарміраванні заказу кадраў. Прыкладаў, калі пры адкрыцці новай інавацыйнай вытворчасці ў інвестыцыйным дагаворы адразу дакладна ўказваюцца пазіцыі па вучэбна-метадычным суправаджэнні падрыхтоўкі спецыялістаў па гэтым кірунку, арганізацыі адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы і забеспячэнні кадрамі канкрэтных рабочых месцаў, пакуль не так многа. Вырашэнне праблемы — задача якраз органаў мясцовай улады і міністэрстваў. Сістэма падрыхтоўкі кадраў павінна ўдасканальвацца ў адпаведнасці з запытамі рэгіёнаў. Адпаведна, зыходзячы з патрэбнасцей галін эканомікі ў тых ці іншых спецыялістах павінны карэкціравацца лічбы прыёму ва ўстановы прафесійнай адукацыі, якія выдаюць дыпломы дзяржаўнага ўзору, прычым не толькі на бюджэтную, але і платную форму навучання.

Ігар Карпенка нагадаў, што ў Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу кіраўнік дзяржавы таксама закрануў такую важную тэму, як развіццё рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадоў. Была пастаўлена задача на прыкладзе Аршанскага раёна выпрацаваць стратэгію рэгіянальнага развіцця. Сістэма адукацыі з’яўляецца тут найважнейшым складнікам і вырашае ключавыя сацыяльна-эканамічныя задачы па выхаванні падрастаючага пакалення, аднаўленні кадравага патэнцыялу. Аршанскі раён мае развітую сістэму адукацыі і валодае істотнымі рэзервамі для развіцця. Неабходна з выкарыстаннем наяўных рэсурсаў значна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу, павысіць эфектыўнасць работы кадраў. Трэба разгледзець пытанні далейшай аптымізацыі сетак устаноў адукацыі, забяспечыць больш высокі ўзровень даступнасці дашкольнай адукацыі і спецыяльныя ўмовы для атрымання падрыхтоўкі асобамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах адукацыі, у тым ліку стварэнне безбар’ернага асяроддзя. Да ўсіх пытанняў варта падыходзіць дасведчана, улічваць усе асаблівасці сітуацый на месцах, але пэўны кансерватызм, які прысутнічае ў сістэме адукацыі, усё ж павінен быць пераадолены. Толькі так можна выйсці на больш высокі якасны ўзровень адукацыі.

Аб стане і перспектывах развіцця сістэмы адукацыі Аршанскага раёна, якая па колькасці ўстаноў дашкольнай і агульнай адукацыі, кантынгенце навучэнцаў і выхаванцаў, педагагічных работнікаў і фінансаванні, якое выдзяляецца, займае другое месца ў вобласці, калегію дэталёва праінфармавалі начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома і намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін. Сістэма адукацыі раёна ў цэлым функцыянуе стабільна, вырашаючы пастаўленыя задачы на кожным узроўні адукацыі. Разам з тым, улічваючы наяўныя рэзервы, эфектыўнасць работы можа быць вышэйшай. У ліку першачарговых напрамкаў па Аршанскім раёне — выбудоўванне сеткі ўстаноў, здольнай забяспечыць якасць адукацыі, стварэнне роўных стартавых магчымасцей навучэнцам з сельскай і гарадской мясцовасці, фарміраванне сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы і прафесійных педагагічных калектываў устаноў адукацыі. У раёне вядзецца планавая аптымізацыя: пачынаючы з 2013 года закрыта 7 і рэарганізавана 10 устаноў адукацыі, на 602 адзінкі скарацілася штатная колькасць, што дазволіла сэканоміць і накіраваць на развіццё сістэмы адукацыі значныя сродкі. Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі накіравана на захаванне даступнасці, удасканальванне якасці, забеспячэнне здароўезберагальных працэсаў. Радуе той факт, што колькасць дзяцей расце: у 2016 годзе ў аршанскім рэгіёне нарадзілася практычна на 100 немаўлят больш, чым у 2015 годзе. Пры гэтым ахоп дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў дашкольнай адукацыяй складае 89,2 працэнта — гэта вышэй і за абласны, і за рэспубліканскі паказчыкі. Нарматыў забяспечанасці дзяцей месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі за апошнія 3 гады застаецца стабільным і выконваецца з перавышэннем, складаючы 91,8 працэнта. Нарматыў ахопу дзяцей 5-гадовага ўзросту падрыхтоўкай да навучання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі выконваецца на 100 працэнтаў. Назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да памяншэння колькасці дзён, прапушчаных дзіцем па прычыне хваробы.

Для далейшага развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі плануецца ў найбліжэйшы час увесці ў эксплуатацыю дзіцячы сад на 200 месцаў з басейнам у мікрараёне Задняпроўе, у 2019 годзе — прадугледзець будаўніцтва яшчэ аднаго дзіцячага сада ў мікрараёне-новабудоўлі, а ў 2020 годзе — новага дзіцячага сада ў гарадскім пасёлку Балбасава. На парадку дня — адкрыццё дашкольных груп на базе сярэдняй школы № 10 Оршы, завяршэнне будаўніцтва і ўвядзенне ў гаспадарчы абарот будынка дзіцячага сада ў населеным пункце Хімы.

Агульная сярэдняя адукацыя накіравана не толькі на авалоданне навучэнцамі асновамі навук, але і на духоўнае і фізічнае развіццё асобы навучэнца, яго падрыхтоўку да паўнацэннага жыцця ў грамадстве, пачатку працоўнай дзейнасці, працягу адукацыі. У раёне 11 педагогаў маю ць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”, колькасць іх калег з першай і вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй павялічылася з 66,5 працэнта ў 2014 да 72,3 працэнта ў 2017 годзе. Замацаванасць маладых спецыялістаў на першым рабочым месцы складае 85 працэнтаў — гэты паказчык адзін з найлепшых у вобласці. У 2016 годзе 2 настаўнікі з Оршы сталі пераможцамі конкурсу на стварэнне вучэбных дапаможнікаў для школ. Неабходна адзначыць і якасную работу па прафарыентацыі школьнікаў, арганізаваную аддзелам адукацыі, спорту і турызму пры ўзаемадзеянні з установамі прафесійнай адукацыі рэгіёна. На базе раённага рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій, створанага ў 2009 годзе пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій, штогод праводзіцца прафарыентацыйнае тэсціраванне для выпускнікоў 9—11 класаў з выкарыстаннем псіхадыягнастычных методык “Профіль 2.0”, распрацаваных рэспубліканскім цэнтрам прафарыентацыі моладзі. Дзякуючы эфектыўнай прафарыентацыйнай рабоце, у 10 класах працягваюць навучанне 49,4 працэнта выпускнікоў базавай школы — гэта лепшы паказчык у Віцебскай вобласці.

Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2016 годзе 6 навучэнцаў атрымалі 100-бальныя сертыфікаты. Па пяці прадметах сярэдні бал па ЦТ вышэйшы за рэспубліканскі. Стабільная і сітуацыя з паступленнем выпускнікоў ва ўстановы вышэйшай адукацыі: у 2016 годзе гэты паказчык склаў 68,9 працэнта — лепшы вынік у вобласці. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі рэалізоўваецца профільная адукацыя, вывучэнне вучэбных прадметаў на павышаным узроўні арганізавана для 368 навучэнцаў 10 класаў і 350 — 11 класаў. Арганізавана работа 4 класаў педагагічнай, 2 — медыцынскай і 2 — эканамічнай накіраванасці. З 2014 года ў трох установах адукацыі Оршы 280 навучэнцаў і 15 педагогаў вывучаюць кітайскую мову, якую выкладаюць валанцёры з КНР. Арганізавана работа міжшкольных факультатываў, профільных змен па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд. Сфарміравана адзіная інфармацыйна-адукацыйная прастора, у якой ажыццяўляецца актыўная работа па выкарыстанні інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Усе школы падключаны да высакаскораснага інтэрнэту, размешчаны на адзіным інтэрнэт-партале і з 2011 года выкарыстоўваюць інтэрнэт-дзённік. З 2016 года 20 устаноў падключаны да сістэмы электроннага дакументаабароту. З 2014 года ў гімназіі № 1 Оршы рэалізоўваецца праект “Віртуальная школа”. У красавіку 2016 года на базе Цэнтра тэхнічнай творчасці адбылося адкрыццё дзіцячай ІТ-акадэміі “КомпАС”, створанай пры падтрымцы кампаній — рэзідэнтаў ПВТ. Актыўна развіваецца напрамак адукацыйнай робататэхнікі. Важным рэзервам з’яўляюцца і ўстановы прафадукацыі, роля якіх — стаць кропкамі росту ў падрыхтоўцы кадраў.

Некаторыя аспекты супрацоўніцтва ўніверсітэта з упраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама і аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама па пытаннях падрыхтоўкі кадраў закрануў у сваім выступленні рэктар ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Ягораў. Універсітэт рыхтуе кадраў па 43 спецыяльнасцях, 23 з якіх — педагагічныя, 12 — навукова-педагагічныя і 8 іншых напрамкаў. Гэта адлюстроўваецца ў колькасных характарыстыках паступаючых з аршанскага рэгіёна. Рэктар ВДУ таксама спыніўся на некалькіх прапановах, якія патрабуюць вырашэння на нарматыўным узроўні: магчымасці атэстацыі на кваліфікацыйныя катэгорыі настаўніка для асоб, якія займаюцца навукова-педагагічнай дзейнасцю, і залічэння выпускнікоў каледжаў на педагагічныя спецыяльнасці на скарочаны тэрмін навучання без экзаменаў.

Пытанні прагназавання падрыхтоўкі кадраў для эканомікі актуальныя для кожнага рэгіёна і краіны ў цэлым, асабліва ва ўмовах змянення тэхналагічных укладаў, мадэрнізацыі вытворчасцей, адзначыў прарэктар РІПА Валерый Галубоўскі. Вырашэнне гэтых пытанняў магчыма пры сумеснай рабоце прадстаўнікоў эканомікі рэгіёна і органаў кіравання адукацыяй. Для арганізацыі такой работы ў РІПА распрацавана методыка даследавання рэгіянальных патрэбнасцей эканомікі ў кваліфікаваных кадрах, апрабаваная на тэрыторыі Гродзенскай вобласці і асобных абласцей Казахстана. Згодна са схемай комплекснага развіцця Віцебскай вобласці, Орша адносіцца да асноўных апорных цэнтраў. Прадугледжваецца фарміраванне Аршанскага ўнутрыабласнога рэгіёна ў складзе трох раёнаў — Аршанскага, Дубровенскага і Талачынскага. Заяўленая дадатковая патрэбнасць прадпрыемстваў раёна складае больш за 1000 чалавек, што адпавядае колькасці выпуску з устаноў прафадукацыі. У той жа час статыстыка сведчыць аб змяшчэнні акцэнтаў на рынку працы ў бок спецыялістаў з больш высокай кваліфікацыяй — павышаюцца патрабаванні да якасці падрыхтоўкі кадраў. А таму неабходна забяспечыць ахоп не толькі выпускнікоў школ, але і ўсіх катэгорый насельніцтва, бесперапынным навучаннем і перанавучаннем. Наступны прыярытэт у развіцці рэгіёна — фарміраванне высокатэхналагічнай эканомікі на прынцыпах кластарнага ўзаемадзеяння, абмяркоўваецца мэтазгоднасць арганізацыі рэсурснага цэнтра машынабудаўнічага профілю ў Оршы. У аснове развіцця рэгіёна — не толькі будаўніцтва, развіццё прадпрыемстваў і ўстаноўка абсталявання, хаця гэта таксама важна. Стратэгічным рэсурсам эканомікі ўсё ж застаецца чалавечы капітал, развіццё якога пачынаецца са школы, а на працягу ўсяго жыцця — прафесійны рост. У цэнтры гэтага працэсу — сацыяльнае партнёрства пры актыўным удзеле органаў мясцовага самакіравання.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.