Стратэгія шчасця

- 9:20Навіны рэгіёнаў

Фестываль інавацыйных педагагічных ідэй правялі ў Сенненскай школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Педагогі і навучэнцы разам прадэманстравалі адметную панараму разнастайных напрамкаў і вынікаў педагагічнай дзейнасці: у сталярнай майстэрні паказалі, як вырабляюцца вуллі для пчол, дачныя лаўкі і арыгінальныя сувеніры на лазерна-гравіравальным станку, прадставілі новыя майстар-класы ў швейных майстэрнях, азнаёмілі з навінкамі праекта “Наш утульны дом” і музейнага пакоя “Беларуская хатка”, прапанавалі выставу метадычных распрацовак па агародніцтве, шматлікія слайд-шоу і прэзентацыі, запрасілі ацаніць вясёлае выступленне ансамбля “Задорынка”, адправіцца на займальную экскурсію, папрактыкавацца ў вырабе лялькі-абярэга. У школьнай сталовай можна было не проста паназіраць за працэсам стварэння фірменнага “Сенненскага бутэрброда”, але і прадэгуставаць смачныя стравы, згатаваныя на факультатыве “Дамашняя кулінарыя”. Заключным акордам фестывалю стаў канцэрт з дэманстрацыяй распрацаваных юнымі мадэльерамі новых калекцый адзення і яркімі творчымі нумарамі. У фестывалі прыняў удзел навуковы супрацоўнік лабараторыі праблем выхавання асобы Нацыянальнага інстытута адукацыі Аляксандр Журба. Лейтматывам мерапрыемства была выбрана “Стратэгія шчасця”: вельмі важна ўмець знаходзіць шчаслівыя моманты ў будзённым побыце, вучобе, працы.

Інавацыі ў штодзённым жыцці

На беразе возера, у акружэнні садоў і старадаўняга парку тэрыторыя Сенненскай школы-інтэрната прывабная ў любую пару года. З 30 гектараў зямлі, што знаходзіцца ў карыстанні ўстановы адукацыі, 22 гектары займае дапаможная гаспадарка: палі, сады, парнікі, пчальнік. Маляўнічыя краявіды, спакойны і размераны рытм сельскага жыцця накладваюць свой адбітак на арганізацыю і змест адукацыйнага працэсу, аказваюць станоўчы ўплыў на станаўленне і фарміраванне асобы, развіццё дзяцей. Педагагічны калектыў знаходзіцца ў пастаянным інавацыйным пошуку. З 2000 года сенненцы актыўна далучыліся да праектнай дзейнасці, плённае супрацоўніцтва наладжана з вышэйшай школай. Значным этапам у гісторыі ўстановы стаў удзел у эксперыментальным праекце Міністэрства адукацыі “Апрабацыя мадэлі практыка-арыентаванага адукацыйнага асяроддзя школ-інтэрнатаў для дзяцей-сірот”. У ходзе яго рэалізацыі ў школе-інтэрнаце пабудавалі эфектыўную практыка-арыентаваную мадэль адукацыйнага асяроддзя, калі дзіця ўвесь час знаходзіцца ў дзеянні, творчасці і пры гэтым усведамляе, для чаго трэба працаваць, а не выступае пасіўным спажыўцом інфармацыі і паслуг. Былі распрацаваны метадычныя рэкамендацыі, шэраг вучэбна-праграмных і метадычных матэрыялаў. Эксперымент пацвердзіў высокую эфектыўнасць сацыялізацыі і прафесійнага самавызначэння выхаванцаў, што ў далейшым пасадзейнічала паспяховаму ўкараненню праекта па ўсёй краіне. Наступны эксперыментальны праект Міністэрства адукацыі, пляцоўкай якога была школа-інтэрнат, — “Апрабацыя мадэлі выхавання грамадзяніна, працаўніка, сем’яніна ў дзіцячых інтэрнатных установах” (у рамках Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь). Вынікі эксперымента, навукова-метадычныя распрацоўкі не толькі знайшлі ўкараненне ў інтэрнатных установах, але і паказалі актуальнасць для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі: пра гэта ў тым ліку сведчыць дапаможнік для педагагічных работнікаў, выдадзены Нацыянальным інстытутам адукацыі ў 2018 годзе. На цяперашні час калектыў прымае ўдзел у інавацыйных праектах Міністэрства адукацыі “Укараненне мадэлі маральнага развіцця навучэнцаў у сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа з улікам рэгіянальнага сацыякультурнага кластара”, “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”, абласным даследчым праекце “Укараненне мадэлі “Школа юнага прадпрымальніка”.

— Да нас прыходзяць дзеці сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту з негатыўным жыццёвым вопытам, праблемамі ў паводзінах, аслабленым здароўем, — адзначае дырэктар школы-інтэрната Леанід Казлоў. — У большасці сваёй яны страцілі сям’ю ў школьным узросце. Каля 35 працэнтаў навучэнцаў не прыжыліся ў прыёмных і апякунскіх сем’ях або з імі не змаглі далей спраўляцца пастарэлыя апекуны, амаль 60 працэнтаў — выхадцы з гарадской мясцовасці. Сярод тых, хто да нас прыбывае, ёсць і непаўналетнія, якія стаяць на ўліку ў ІСН; з імі праводзім індывідуальную прафілактычную работу. Так, у 2019—2020 гадах паступілі шасцёра дзяцей, якія раней здзейснілі правапарушэнні. Я вельмі рады, што нам удалося вывесці іх на правільны лад жыцця, пяцёра ўжо зняты з уліку. 

Выхаваць працаўніка, грамадзяніна, патрыёта

Асаблівасці створанай у школе-інтэрнаце мадэлі адукацыйнага асяроддзя — гэта найперш сістэма дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, вытворчай дзейнасці і практычнага засваення фінансавай дасведчанасці, развіццё самакіравання, удзел у працоўных праектах і грамадска значнай дзейнасці. Чырвонай лініяй у рабоце педкалектыву праходзіць падрыхтоўка да сама­стойнага і сямейнага жыцця, якая абапіраецца на сумесную працу і творчасць дзяцей і дарослых. Для кожнага выхаванца выбудоўваецца індывідуальны адукацыйны маршрут на аснове ўсебаковай ацэнкі яго магчымасцей, схільнасцей і інтарэсаў: такі маніторынг дазваляе выявіць дзяцей для працягу навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі, ва ўстановах прафесійнай адукацыі, а таксама ўбачыць дзяцей, якія з-за асаблівасцей асобы і характару яшчэ не гатовы для выхаду ў самастойнае жыццё. На працягу двух дзясяткаў гадоў у школе-інтэрнаце арганізавана прафесійная падрыхтоўка: дзеці асвойваюць прафесіі сталяра, швачкі, агародніка і трактарыста. З 2009 года функцыянуе пра­грама “Школа асобаснага і прафесійнага самавызначэння”, рэалізацыя якой дапамагае зрабіць свядомы выбар прафесіі, пабудаваць свой далейшы адукацыйны маршрут.

— Практычна ўсе нашы праекты, акрамя прыкладнога значэння, маюць прафарыентацыйную накіраванасць і дапамага­юць бліжэй азнаёміцца з рознымі прафесіямі, — працягвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Яўген Кісялёў. — Характэрны прыклад — школьная цырульня: гэта не толькі стрыжка валасоў і прычоскі да свят, але і аб’яднанне па інтарэсах, знаёмства з патрэбнымі і карыснымі прафесіямі цырульніка, візажыста. Або возьмем пчалярства: тут і навучанне дзяцей, і арганізацыя міжраённых курсаў пчаляроў, удзел у рэспубліканскім конкурсе юных пчаляроў, выраб вулляў і рамак, пашыў рабочага адзення пчаляроў. Ва ўсім гэтым задзейнічаны нашы выхаванцы, яны вучацца працаваць самі і паважаць працу іншых, любіць прыроду і сваю зямлю. Нашы практыка-арыентаваныя праекты нацэлены на выхаванне працаўніка, які глядзіць на навакольны свет поглядам стваральніка і пераўтваральніка. У праектах удзельнічаюць усе навучэнцы школы-інтэрната разам з дарослымі. Творчыя групы работнікаў і выхаванцаў рамантуюць памяшканні, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю, даглядаюць кветнікі, сады, хатнія расліны, садзяць агародніну, вырошчваюць і збіраюць ураджай. 

Ад навучэнскага самакіравання да паспяховай сацыялізацыі

Стварэнне здаровага сацыяльнага асяроддзя, арганізацыя дзейнасці навучэнскага самакіравання, дзіцячых грамадскіх рухаў, актыўны ўдзел у грамадска значнай, даследчай і пошукавай дзейнасці спрыяюць фарміраванню грамадзянска-патрыятычных якасцей выхаванцаў. Традыцыйным ва ўстанове стала правядзенне акцый “Цуды на Каляды”, “Клопат”, “Моладзь — ветэранам”, “Дапамажы птушкам”, “Добрая справа ў падарунак”, тэматычных конкурсаў малюнка, песні, творчых работ. Дзіцячыя грамадскія аб’яднанні паспяхова рэалізуюць патрыятычны, валанцёрскі, турыстычна-краязнаўчы, экалагічны, спартыўны і гульнявы напрамкі; піянерская дружына на працягу некалькіх гадоў трымае лідарства ў раёне.

— Вынікі нашага супрацоўніцтва з Сенненскай школай-інтэрнатам адлюстраваны ў дапаможніку “Выхаванне грамадзяніна, працаўніка, сем’яніна”, дзе маім суаўтарам выступіў Анатоль Глінскі: цэлы раздзел прысвечаны аналізу станоўчага вопыту гэтай установы, — адзначыў Аляксандр Журба. — Тое ж плануем зрабіць і ў наступнай кнізе. Вопыт сапраўды каштоўны. Характэрна, што кожны педагог тут найперш выхавальнік і толькі потым настаўнік. Сёння на фестывалі навучэнцы спрытна працавалі ў майстэрнях, паказвалі валоданне народнымі рамёствамі і кулінарныя навыкі, танцавалі, спявалі — скажам шчыра, далёка не ўсім дзецям, якія гадуюцца ў сем’ях, даступны такія магчымасці ўсебаковага развіцця. Многія навучэнцы наведваюць заняткі ў спартыўных секцыях горада, музычнай школе, аб’яднаннях па інтарэсах раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Нярэдка яны становяцца пераможцамі раённых, абласных і рэспублікан­скіх конкурсаў, выстаў і фестываляў. Нават у духавым аркестры раёна іграюць дзеці са школы — гэта ўжо не ўзровень самадзейнага гуртка. Самае важнае: мы бачым на тварах хлопцаў і дзяўчат усмешкі: ім насамрэч падабаюцца справы, поспехі ў якіх яны з задавальненнем і гонарам дэман­струюць. Разам з тым, хаця дзеці нярэдка называюць выхавальнікаў татамі і мамамі, але паўнавартаснае сямейнае выхаванне школа-інтэрнат, безумоўна, не ў стане забяспечыць. Сярод інавацыйных тэхналогій, характэрных для мадэлі выхаваўчай работы ў школе-інтэрнаце, у першую чаргу хочацца выдзеліць праекты, прычым не праекты школы, а менавіта праекты дзяцей. Іх многа розных, разам жа яны складаюцца ў эфектыўную шматузроўневую сістэму. Другое, на чым варта засяродзіць увагу, — арыентаваныя на сацыялізацыю ролевыя гульні, якія ў практыцы ўстановы атрымалі значнае распаўсюджанне. Трэці напрамак — калектыўныя творчыя справы, яны аб’ядноўваюць і ролевыя гульні, і праекты. Адну з іх — у фармаце фестывалю інавацыйных педагагічных ідэй — мы якраз пабачылі. А лепшае, што створана ў школе-інтэрнаце, — гэта, на мой погляд, навучэнскае самакіраванне. Яно працуе на развіццё камунікатыўных і арганізатарскіх здольнасцей, самастойнасці ў прыняцці і рэалізацыі рашэнняў, згуртаванасці калектыву, вучыць дзяцей планаваць і рацыянальна выкарыстоўваць час, спрыяе выхаванню актыўнай жыццёвай пазіцыі, дапытлівасці і працавітасці, фарміраванню лідарскіх якасцей. 

Настаўніцкая радасць і гордасць

Аддзяленне сацыяльна-бытавой адаптацыі “Сялянская сядзіба” арыентавана на самастойны побыт адзінаццацікласнікаў на працягу 2—3 тыдняў, у тым ліку на іх сумеснае пражыванне з братамі і сёстрамі. Тут часова спыняюцца і выпускнікі, калі на канікулах ці выхадных прыязджаюць у школу-інтэрнат. Навучэнцы, якія атрымалі дакументы аб агульнай сярэдняй адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, маюць вопыт работы ў вытворчых групах і розных працоўных праектах, на летніх канікулах звычайна працаўладкоўваюцца ў розныя арганізацыі і на прадпрыемствы, набываючы такім чынам неабходны жыццёвы вопыт. Актыўная праф­арыентацыя дапамагае юнакам і дзяўчатам ажыццявіць усвядомлены выбар будучай прафесіі. Як правіла, у канікулярны перыяд выхаванцы наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі раёна, Віцебскай і Мінскай абласцей. Выпускнікі атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці, паспяхова паступаюць і вучацца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі краіны.

— Адным з прыярытэтаў нашай работы з’яўляецца стварэнне ўмоў пражывання, максімальна набліжаных да сямейных, і ўладкаванне дзяцей на сямейныя формы выхавання, — дадае сацыяльны педагог школы-інтэрната Таццяна Кавалёва. — Падрыхтоўка выхаванцаў да будучага сямейнага жыцця ажыццяўляецца праз калектыўныя і індывідуальныя формы работы, змест і формы якой арыентаваны на дзве ўзроставыя групы: 10—14 гадоў, 15—18 гадоў. Паспяховай сацыялізацыі выпускнікоў у грамадстве садзейнічае захаванне роднасных сувязей ва ўмовах фарміравання выхаваўчай групы па сямейнай прыкмеце (браты і сёстры). У выхаваўчую работу ў групах уключаны мерапрыемствы па такіх напрамках, як “Палавое выхаванне”, “Я — асоба”, “Я і мая сям’я”, “Школа хатняй эканомікі”, “Сям’я і народныя традыцыі”. Устаноўлены цесныя сувязі паміж сацыяльна-педагагічнымі службамі школы-інтэрната, установамі ПТА і ССНУ Віцебскай вобласці, тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па месцы жыццеўладкавання выпускнікоў. Створаная сістэма постінтэрнатнага су­праваджэння ўключае сацыяльна-педагагічную падтрымку і псіхалагічную дапамогу выпускнікам на працягу ўсяго перыяду вучобы ва ўстановах прафесійнай адукацыі і аднаго года пасля іх заканчэння; да аказання матэрыяльнай і сацыяльнай падтрымкі прыцягваем таксама спонсараў.

У той жа час, як паказвае практыка, прынятая ў школе-інтэрнаце сістэма выхавання істотна і станоўча ўплывае на асобу выхаванца. Выразная грамадзянская пазіцыя, асэнсаваны выбар прафесіі, уменне працаваць, даводзіць пачатую справу да лагічнага канца, прыняцце ролі сем’яніна, далучэнне да здаровага ладу жыцця, заняткаў фізкультурай і спортам — адметныя якасці выпу­скніка школы-інтэрната. З 2004 па 2020 год школу-інтэрнат скончылі 268 юнакоў і дзяўчат. Пераважная большасць з іх пасля набыцця прафесіі вярнулася жыць і працаваць на Сенненшчыну, многія стварылі сем’і, атрымалі жыллё, гадуюць дзяцей.

— Наша праца прарастае ў добрых справах і паспяховых лёсах нашых выхаванцаў, — падвёў вынікі фестывалю Леанід Казлоў. — Мы імкнёмся вярнуць дзецям страчанае, навучыць, як стаць стваральнікам уласнага шчасця, прыносіць радасць і пазітыўны пачатак у жыццё людзей, якія знаходзяцца побач, быць актыўнымі і карыснымі грамад­ству. Вялікая радасць і гордасць бачыць, калі гэта ўдаецца.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.