Стратэгія — у развіцці творчага патэнцыялу калектыву

Школа — гэта, канечне, у першую чаргу дзеці. А вось імідж навучальнай установы фарміруюць педагогі. Кожны па-асобку і ўсе разам.

А капітанам гэтай каманды з’яўляецца дырэктар. І тут важна, каб усе гульцы ўтваралі адзінства, а без капітана гэта немагчыма, бо менавіта ён задае тон гульні, распрацоўвае тактыку і накіроўвае. Такім капітанам у Кемелішкаўскім яслях-садзе — сярэдняй школе, што на Астравеччыне, з’яўляецца Аляксандр Іванцэвіч.

Аляксандр Леанідавіч родам з вёскі Дворжышча Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. У 1995 годзе скончыў Міхалішкаўскую сярэднюю школу. У 11 класе перад юнаком паўстала заканамернае пытанне: куды ісці далей — у педагогіку або ў сельскую гаспадарку. На выбар паўплывала павышаная цікавасць да гісторыі, павага да настаўнікаў і захапленне імі.

Адразу пасля заканчэння школы па­ступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт Янкі Купалы на спецыяльнасць “Гісторыя” са спецыялізацыяй “Гісторыя славянскіх краін”. Адслужыў у арміі, скончыў аспірантуру па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя” Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

З 2001 года працаваў настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства і дапрызыўнай падрыхтоўкі ў Кемелішкаўскай сярэдняй школе. З 2012 года з’яўляецца дырэктарам гэтай установы адукацыі. З 2009 года ўваходзіць у склад ГА “Беларускі саюз афіцэраў”, у 2012 годзе быў узнагароджаны нагрудным юбілейным знакам “Беларускі саюз афіцэраў: 20 гадоў”.

Аляксандр Леанідавіч, як сапраўдны капітан, за 9 гадоў работы дырэктарам змог стварыць і захаваць стабільны, прафесійны, творчы педагагічны калектыў аднадумцаў, якія разумеюць задачы сучаснага дня. Не выпадкова ў школе 85% настаўнікаў з вышэйшай адукацыяй, 85% — з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, а 32% педагогаў з’яўляюцца выпускнікамі гэтай школы.

Калегі адзначаюць, што Аляксандр Леанідавіч — разумны, удумлівы кіраўнік, заахвочвае і стымулюе творчую ініцыятыву работнікаў, імкнецца ствараць спрыяльныя ўмовы для творчай працы педагагічнага калектыву. Асаблівая ўвага адво­дзіцца развіццю дзяржаўна-грамадскага кіравання школай: актыўна функцыянуюць папячыцельскі савет, савет старшакласнікаў, савет па харчаванні, баць­коўскі камітэт школы стаў надзейным партнёрам педагогаў.

Кіраўніку важна бачыць перспектывы развіцця ўстановы, выразна і дакладна вызначаць стратэгію, мэты і задачы, якія стаяць перад калектывам. Аляксандру Леанідавічу гэта ўдаецца. Ён пастаянна наведвае курсы павышэння кваліфікацыі, розныя семінары. У 2015 годзе з нуля пабудавалі спартыўны стадыён каля школы, у 2018 годзе было ўстаноўлена 5 вулічных трэнажораў. У гэтым годзе памянялі ўсе жалюзі на вокнах (спонсарская дапамога). Вакол школы растуць прыгожыя кветкі і кусты.

Па выніках работы за 2020 год Кемелішкаўская школа стала пераможцай (дыплом ІІІ ступені) раённага конкурсу на лепшую арганізацыю працы сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

У школе дзейнічае бізнес-кампанія “Кемелішкі — наша багацце”, з дапамогай якой установа адукацыі зарабляе пазабюджэтныя грошы, вырошчваючы на сваім школьным участку агародніну. Гэта дапамагае і ў харчаванні навучэнцаў. На базе школы адкрыты і функцыянуюць клубы “Юных сяброў пагранічнікаў”, “Юных ратавальнікаў”, “Юных інспектараў дарожнага руху”.

Дырэктарскія функцыі вельмі пашырае педагагічная дзейнасць, таму Аляксандр Леанідавіч выкладае ўрокі гісторыі і грамадазнаўства ў 9—11 класах. Некаторыя выпускнікі пасля становяцца гісторыкамі. У прыватнасці, сёлета адзін з навучэнцаў вырашыў пайсці па шляху свайго настаўніка гісторыі і паступіў у БДУ на гістфак.

Акрамя таго, педагог Аляксандр Леанідавіч са сваімі вучнямі актыўна прымаюць удзел у рознага кшталту навукова-практычных канферэнцыях, конкурсах гістарычнай накіраванасці. Практычна заўсёды вучні школы са сваім куратарам займаюць прызавыя месцы. У 2021 го­дзе ў раённай канферэнцыі “Шлях да поспеху” занялі 1-е месца, на раённым этапе рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ — 3-е месца, ёсць падзяка за падрыхтоўку навучэнца да 14 Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”, падзяка Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі за актыўны ўдзел у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, падтрымку і рэалізацыю праектаў ГА “БРСМ” і інш.

Аляксандр Леанідавіч — гэта не толькі педагог, дырэктар, гэта той чалавек, які заўсёды прыйдзе на дапамогу, падтрымае. Да яго падначаленыя і навучэнцы заўсёды ідуць з ахвотай, таму што ведаюць: ён заўсёды выслухае, разбярэцца, абароніць і падбадзёрыць. А яшчэ ён муж і бацька траіх дзяцей, і ў вольны ад работы час любіць збіраць грыбы, падарожнічаць па розных гістарычных кутках Беларусі.

Калегі ў размове не раз падкрэслівалі, што Аляксандр Леанідавіч карыстаецца павагай і аўтарытэтам не толькі сярод настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў, але і ва ўсіх жыхароў аграгарадка Кемелішкі. Што не дзіўна, бо школа ў сельскай мясцовасці — заўсёды цэнтр прыцяжэння.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.