Урад Венгрыі прыняў рашэнне працягнуць на 6 месяцаў рэжым надзвычайнага становішча з-за міграцыйнага крызісу з 7 верасня гэтага года да 7 сакавіка 2018 года. Пра гэта інфармуе ТАСС, спасылаючыся на афіцыйнага прадстаўніка венгерскага ўрада Золтана Ковача.
Па яго словах, міністр унутраных спраў Шандор Пінтэр на пасяджэнні кабінета міністраў на мінулым тыдні рэкамендаваў працягнуць дзеючае надзвычайнае становішча, якое заканчваецца 7 верасня гэтага года. “Гэтае лета паказала, што пагроза тэрарызму ў Еўропе павялічылася ў выніку масавай міграцыі, таму строгі пагранічны кантроль неабходны ў інтарэсах бяспекі венгерскага народа”, — рэзюмаваў Золтан Ковач.
Улады Венгрыі ўпершыню ўвялі рэжым надзвычайнага становішча ў верасні 2015 года ў двух паўднёвых рэгіёнах краіны на мяжы з Сербіяй у сувязі з тым, што пераважная большасць нелегалаў трапіла на тэрыторыю краіны праз сербска-венгерскую мяжу. Тады быў закрыты асноўны пагранічны пераход, чыгуначныя шляхі былі ўзяты пад ахову паліцыі, да пагранічнага пункта былі сцягнуты ўзмоцненыя падраздзяленні ваеннаслужачых. Потым у краіне ўвайшлі ў сілу больш жорсткія правілы перасячэння мяжы, калі Венгрыя стала адмаўляць у прыстанішчы тым мігрантам, якія прыбылі транзітам праз Сербію, не запытаўшы там прыстанішча.