Структура зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы будзе ўніфікавана

- 11:44Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня падпісаў Указ № 27 “Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый”. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакументам з 1 студзеня 2020 года ўстанаўліваецца раўнамерная дыферэнцыяцыя тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтнай сферы за кошт увядзення 18-разраднай тарыфнай сеткі (замест 27-разраднай) з розніцай паміж каэфіцыентамі не менш як 6 працэнтаў. Павялічваецца ўдзельная вага тарыфнай (пастаяннай) часткі ў складзе заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы. Для гэтага замест тарыфнай стаўкі 1-га разраду будзе прымяняцца базавая стаўка.

Указам прадугледжана ўніфікацыя структуры зарплаты работнікаў бюджэтнай сферы. Так, яе склад будзе ўключаць аклад, стымулюючыя і кампенсуючыя выплаты. Упарадкоўваюцца выплаты, звязаныя з галіновай спецыфікай.

У адпаведнасці з дакументам, пры ўвядзенні новых умоў аплаты працы не дапускаецца зніжэнне існуючага ўзроўню заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый.

Кіраўнік дзяржавы таксама падпісаў дэкрэт № 1, які карэкціруе дэкрэт ад 26 ліпеня 1999 года № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны” з улікам прадугледжаных ва ўказе змяненняў у структуры заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый.