Сцэнарый правядзення першага ўрока “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…”

- 17:10Портфолио

Здаецца, нядаўна з сардэчнымі парадамі і настаўніцкім благаславеннем адпраўлялі выпускнікоў у дарослае жыццё. А тут школа ветліва сустракае новых прадаўжальнікаў школьных традыцый — першакласнікаў. З канікул вяртаюцца вучні, з адпачынку — настаўнікі. Першы ўрок — па-добраму хвалюючая і знакавая падзея. Ад яго яркасці і насычасці, актуальнасці і цэласнасці залежыць настрой вучняў, хуткасць адаптацыі, павышаецца матывацыя да атрымання ведаў, да сур’ёзнай працы на працягу навучальнага года. Добрай знаходкай бачыцца правядзенне нетрадыцыйных урокаў на роднай мове, напрыклад, у адной паралелі, дзе вучні ў залежнасці ад магчымасцей і пажаданняў будуць ці арганізатарамі, ці сцэнарыстамі, ці гледачамі.

Мэта: фарміраванне ў вучняў актыўнай грамадзянскай пазіцыі, каштоўнасных адносін да гісторыі і культуры роднага краю, пачуцця дачынення да яго мінулага і сучаснасці, разумення адказнасці за будучыню сваёй краіны.

Удзельнікі: вучні 10—11 класаў.
Месца правядзення: актавая зала, аформленая выставай кніг беларускіх аўтараў “Не цар прыроды чалавек, а сын”, прысвечанай беларускім пейзажам, малюнкамі вучняў; экспазіцыя ручнікоў з розных рэгіёнаў Беларусі “Бабулін ручнік”, сабраная педагагічным і вучнёўскім калектывам школы.

Ход мерапрыемства

Удзельнікі свята выконваюць песню “Гуляць дык гуляць” ансамбля “Сябры”

Сёння ў нашай хаце свята,
Калі ласка — у нашу хату,
Гэй, рады спаткаць,
Гуляць дык гуляць!
Прыпеў:
Сёння гудзе ад ранку ў нас гулянка,
А ўчора з вячора,
З намі гуляй, хто хоча,
хоць да ночы,
Хто адгуляў — спачывай.

Вяд. 1. Добры дзень, шаноўныя сябры! Мы рады вітаць вас на першым у гэтым навучальным годзе ўроку. Сёння ў грамадстве справядліва ўзмацняецца цікавасць да слаўнай мінуўшчыны нашай краіны, да шматлікіх традыцый продкаў, іх старадаўняга побыту. Скажыце, чаго вы чакаеце ад сённяшняй сустрэчы? Што б хацелася пачуць ці ўбачыць?
(Адказы прысутных.)

Вяд. 2. Учора краіна адзначыла Дзень беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў у Іванаве Брэсцкай вобласці. Мы працягваем вераснёвыя традыцыі. Рады бачыць у нашай зале сапраўдных беларусаў, не абыякавых да сваёй гісторыі, культуры, роднага слова.

Вяд. 1. “На Беларусі Бог жыве”, —
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод (У.Караткевіч “На Беларусі Бог жыве…”).

Вяд. 2. Радкі У.Караткевіча пацвярджаюць, што наша краіна благаславёная, велічная, прывабная, а яго нарыс “Зямля пад белымі крыламі” першапачаткова напісаны для знаёмства ўкраінцаў і з маленькімі беларускімі вёсачкамі, і буйнымі гарадамі, можна лічыць гімнам малой радзіме (на экране — карта Беларусі з інтэрактыўным перамяшчэннем у Оршу і партрэт У.Караткевіча ):

Вяд. 1. Бацькаўшчына ўвабрала чысціню блакітных рэк і азёр, шум лясоў, бяскрайнія разлівы кветак на сенажацях.

(Вучаніца чытае на памяць верш Алеся Ставера “Родны край”, гучыць спакойная мелодыя. На экране ў гэты час ідзе прэзентацыя фотаработ вучняў “Радзіма, бачу цябе такой…”.)

Родны край беларускі спрадвеку,
Дзе такія ты фарбы знайшоў?
Люстраныя азёры і рэкі,
Аксамітныя цені дуброў.
Курганы, як стагі канюшыны,
Як пасцель, муражныя лугі,
I палі, дзе жыцця вітамінам
Напаўняецца колас тугі.
Над палямі — нябёсы у скрусе.
Абмінаючы хмар чараду,
Праплываюць бялюткія гусі,
Замуціўшыя ў рэчцы ваду.
Гэтай песні гарэзныя словы
Я з юнацтва ўсім сэрцам люблю, —
Як сваю беларускую мову,
Як маёй Беларусі зямлю!
Знаю я: абыдзі ўсю планету,
Але гэткaй зямлі не сустрэць.
Беларусь. Край натхнення паэтаў!
Ды цябе немагчыма апець.

Вяд. 1. Чым адрозніваюцца беларусы ад іншых народаў? Цярплівасцю, гасціннасцю і працавітасцю. А яшчэ дасканалым уменнем высмеяць уласныя заганы. Лепшая дапамога ў гэтым — байка. А майстар сатыры ў беларускай літаратуры — непаўторны Кандрат Крапіва. (На экране Уздзеншчына і выява К.Крапівы.)

(Тэатралізацыя байкі К.Крапівы “Дзед і баба”.)Словы аўтара.

Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая — сем пудоў
Сама меней важыць.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць…
Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі у перадок
Пхне, як мае сілы.
Дзед.
Кінь, дурная, бо зганю! —
Аўтар.
Дзед тут Бабе кажа.
— Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
Баба.
Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае.
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Аўтар.
Потым — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс —
Дзе ўзяліся й ногі!..
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж “бабы”:
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце:
“Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!”

Вяд. 2. Багацейшы духоўны свет нашых продкаў, іх побыт адлюстраваліся ў творах народнага мастацтва.

Сосен зябкія плечы
Цішыня спавіла.
Мне насустрач здалечы
Лесам песня ішла… (Ніл Гілевіч, на экране — Лагойшчына.)
(Песня “Купалінка” з суправаджальным танцам.)
Вяд. 1. Мясціна такая ніяк не забудзецца,
Пазнаеш —
Здаецца, навекі твая.
Ёсць ціхая ў Мінску Прыгожая вуліца,
Забыцца якую не здолею я.
Стаялі там хаты малыя, маркотныя,
Зялёнымі хусткамі
Хутаў іх мох.
Чаму яе звалі назвай пяшчотнаю,
Ніяк зразумець я ў юнацтве не мог.

Вяд. 2. Як і ў народнага паэта Петруся Броўкі, у кожнага з нас ёсць тая вуліца, той двор, дзе мы раслі, дзе бавілі вольны час з сябрамі. А якія вуліцы ў Мінску названы ў гонар беларускіх паэтаў і пісьменнікаў?

(Інтэрактыўная гутарка з гледачамі, падказкі ў выглядзе партрэтаў пісьменнікаў.)

Вяд. 1. Паколькі наша школа знаходзіцца ў гістарычным цэнтры Мінска, прапануем вам паўдзельнічаць у віктарыне “Вобразы мілыя роднага краю”.

Віктарына

На экране выявы розных будынкаў і знакавых мясцін Цэнтральнага раёна Мінска. Неабходна правільна іх назваць.

Вяд. 2. Праз танец мы адчуваем прыгажосць жыцця, тэмперамент і характар народа. Асаблівасць беларускага танца — дынамічнасць і жыццярадаснасць, эмацыянальнасць і калектыўны характар выканання.
(Танец “Полька беларуская”.)

Вяд. 1. Шмат сказана сёння пра Радзіму, землякоў. Дык якія ж мы — беларусы? На што вартыя тыя, каму выпала шчасце нарадзіцца на гэтай благаславёнай зямлі?

(Верш Рыгора Барадуліна “Мы — беларусы” выконваюць чатыры хлопцы ў нацыянальных касцюмах.)

Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Ахвотна забываем, што мы,
Хто мы.
Згадаюць
Нашай памяці вякі!

Мы сціпласцю сваёй здаўна вядомы,
Саміх сябе хваліць нам не з рукі.
Хай слабакі
Аж падаюць ад стомы,
На плечы ўзяўшы
Пыхі мех цяжкі.

Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,
Надзейныя сябры і дружбакі.
I госць, і падарожны ў нас
Як дома.
А злым і травы колюцца ў бакі.

Гатовы ўсё аддаць —
I тым багаты,
Мы, беларусы,
Мы — народ такі.
Што з краю небяспекі нашы хаты.
Пра гэта
Не забудуць чужакі!

Вяд. 2. Наша сустрэча заканчваецца, але не спыняецца служэнне кожнага з нас на карысць беларускасці.

Вяд. 1. Давайце рабіць наш горад шчаслівым!
(Сумеснае караоке. Выступоўцы і гледачы спяваюць песню “Родны мой горад” гурта “Верасы”.)

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска.