Прозвішча Якубчык добра вядома ў Маларыце. Пётр Іванавіч і Софія Лаўрэнцьеўна не адзін год працавалі намеснікамі дырэктара сярэдняй школы № 1. Іх старэйшы сын Ігар таксама пайшоў па слядах бацькоў: выкладае фізіку ў гэтай жа ўстанове адукацыі.
Якубчыкі не з тутэйшых, аднак маларыцкая зямля стала для іх другім родным домам.
— Здаецца, што мы тут жывём з самага маленства, — прызнаецца Софія Лаўрэнцьеўна. — На Маларытчыне цудоўныя людзі, спагадлівыя, чулыя, шчырыя, з адкрытай душой і добрым сэрцам. А мясцовыя краявіды маляўнічыя і непаўторныя. Для ўсёй нашай сям’і Маларыта стала тым месцам, дзе мы трывала сталі на ногі.
Якубчыкі ніколі не думалі, што калісьці апынуцца ў Маларыце, пакінуўшы наседжаныя і добра абжытыя мясціны. На роднай Століншчыне былі і любімая работа, і кватэра, і павага калег і вяскоўцаў. Але часта жыццё нечакана ўносіць карэктывы ў планы людзей. Так атрымалася і з Якубчыкамі.Софія Лаўрэнцьеўна з адзнакай скончыла гістарычны факультэт тагачаснага Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага. Дзяўчыну накіравалі працаваць на малую радзіму. Праўда, апынулася яна не ў школе, а ў райкаме камсамола. Праз год папрасілася ў школу. Маладога педагога накіравалі ва ўстанову адукацыі, якая знаходзілася за 70 кіламетраў ад райцэнтра. Добрай дарогі да аддаленай вёскі тады не было, транспарт амаль не хадзіў. У цёплую пару да яе можна было дабрацца толькі на цеплаходзе з Пінска. У вёсцы не было нават электрычнасці.
Вёску Гальцы для работы Софія Лаўрэнцьеўна выбрала сама. Дырэктарам мясцовай школы працавала старэйшая сястра, а яе муж узначальваў калгас. Сюды ж у жніўні на першае месца работы быў накіраваны і Пётр Іванавіч, ураджэнец Піншчыны.
Будучыя муж і жонка пазнаёміліся на педагагічным савеце перад пачаткам навучальнага года.
— Нас, маладых спецыялістаў, прадставіла дырэктар, — расказвае Софія Лаўрэнцьеўна. — Пётр вылучаўся сярод іншых маладых настаўнікаў. Падкупляў уменнем цікава расказваць незвычайныя гісторыі і добрым пачуццём гумару.
— Мы ўсюды былі разам, — гаворыць Пётр Іванавіч. — Актыўна ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Частыя выступленні ў калгасах раёна збліжалі яшчэ больш. Калі зразумелі, што па жыцці ўжо не зможам ісці адно без аднаго, зарэгістравалі шлюб. Гэта здарылася амаль 50 гадоў назад.
Маладыя педагогі засталіся ў Гальцах. Праз год нарадзіўся першы сын Ігар, а праз 5 гадоў Алег. Якубчыкі атрымалі трохпакаёвую кватэру. Здавалася, для сапраўднага шчасця было ўсё. А самае галоўнае — шчырае каханне. Многія зайздросцілі ім у вёсцы. Да шчасця маладыя ішлі ўласным шляхам. Асцярожна, але ўпэўнена. На чужых памылках не вучыліся, сваіх імкнуліся не дапускаць.
З цягам часу сястру Галіну з мужам перавялі працаваць у Маларыту. У 1976 годзе жанчыну прызначылі загадчыкам раённага аддзела адукацыі. Галіна Лаўрэнцьеўна пераманіла сюды і сястру. Праз 7 гадоў сям’я Якубчык адважылася на пераезд.
— Гальцы было цяжка пакідаць, — прызнаецца Софія Лаўрэнцьеўна. — Там мы глыбока пусцілі карані. Вяскоўцы сталі амаль роднымі. Я была дэпутатам сельсавета. Але хацелася быць бліжэй да сястры.
Дзеці ў школе вельмі любілі Софію Лаўрэнцьеўну, якая з павагай і ўвагай ставілася да кожнага вучня, умела выслухаць, зразумець і даць карысныя парады. С.Л.Якубчык стала для вучняў 8 класа, дзе была класным кіраўніком, другой маці. Дзеці, прыйшоўшы на заняткі 1 верасня і не ўбачыўшы сваю настаўніцу, увесь дзень праплакалі. У гэты дзень заняткі для іх так і не пачаліся…
— Плакала і я, дарэчы, не адзін дзень, — успамінае Софія Лаўрэнцьеўна. — Не магла ўявіць, што больш не прыйду на ўрок да сваіх вучняў.
З таго часу мінула шмат гадоў, але ўдзячныя вучні не забылі любімую настаўніцу. Яны і сёння дасылаюць паштоўкі, тэлефануюць.
— А колькі былых вучняў запрашалі на свае вяселлі — не злічыць, — усміхаецца С.Л.Якубчык. — На многія з іх ездзілі з мужам. Не маглі не паехаць. Для нас гэта заўсёды было радаснай і шчаслівай падзеяй.
На новым месцы жыхарства Пётр Іванавіч працаваў парторгам у мясцовым саўгасе, а Софія Лаўрэнцьеўна ўладкавалася ў сярэднюю школу № 1 — спачатку намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, а праз год намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце. На гэтай пасадзе яна працавала да 2001 года, а потым на працягу 5 гадоў — у раённым вучэбна-метадычным кабінеце, дзе дзялілася багатым вопытам з настаўнікамі Маларытчыны. Пётр Іванавіч з 1991 да 2009 года выкладаў матэматыку ў сярэдняй школе № 1 і быў адначасова намеснікам дырэктара па пачатковых класах.
— Любы перыяд нашага сумеснага жыцця быў насычаны шчаслівымі імгненнямі, — гаворыць Пётр Іванавіч.
Сёння Софія Лаўрэнцьеўна не сядзіць без справы: узначальвае пярвічную раённую арганізацыю педагогаў-ветэранаў, з’яўляецца членам Брэсцкага абласнога Савета педагогаў-ветэранаў. Дзякуючы ёй, штогод у раёне праводзяцца сустрэчы настаўнікаў-пенсіянераў, ладзяцца паездкі і экскурсіі па розных мясцінах Беларусі. Софія Лаўрэнцьеўна з’яўляецца ініцыятарам стварэння раённага летапісу “Старонкі нашага жыцця”, дзе вядзецца ўлік, як жывуць настаўнікі на заслужаным адпачынку, што яны робяць карыснага для маладога пакалення.
Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.